Праваабаронцы і прафсаюзы заявілі пра крызіс працоўных правоў у Беларусі
- 2 hours ago
- 5 min read
Сумесная заява незалежных прафсаюзаў і праваабаронцаў пра крызіс працоўных правоў у Беларусі
Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, незалежныя прафсаюзы і грамадскія ініцыятывы выступілі з сумеснай заявай пра сістэмны крызіс правоў чалавека ў працоўнай сферы Беларусі.

Сумесная заява стала вынікам міжнароднай канферэнцыі, якая прайшла ў Берліне 25 траўня. Аўтары дакумента падкрэсліваюць, што гаворка ідзе пра цэласную мадэль ціску, у якой знішчэнне незалежных прафсаюзаў, палітычна матываваныя звальненні, прымусовая праца, дыскрымінацыя і абмежаванне доступу да прафесій сталі часткай дзяржаўнай палітыкі.
У заяве адзначаецца, што пасля 2020 года сітуацыя рэзка пагоршылася: незалежныя прафсаюзы былі ліквідаваныя, дзясяткі прафсаюзных лідараў і актывістаў апынуліся ў зняволенні, а многія з тых, хто ўжо выйшаў на волю, працягваюць сутыкацца з абмежаваннямі праз судзімасць, уключэнне ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», забароны на працаўладкаванне і сацыяльную ізаляцыю. Пры гэтым Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі не выконвае функцыю незалежнага прадстаўніцтва работнікаў, а ўбудаваная ў дзяржаўную сістэму кіравання.
Аўтары таксама звяртаюць увагу на шырокае прымяненне практык прымусовай працы. Сярод іх: праца зняволеных, людзей у лячэбна-працоўных прафілакторыях, абавязковыя суботнікі, размеркаванне маладых спецыялістаў, абмежаванні на звальненне ў межах кантрактнай сістэмы, а таксама іншыя формы нядобраахвотнай працы. Асобна фіксуюцца палітычная і гендарная дыскрымінацыя, а таксама выкарыстанне заканадаўства аб «экстрэмізме» і «тэрарызме» як дадатковага інструмента абмежавання права на працу.
Падпісанты заявы лічаць, што без аднаўлення свабоды аб’яднання і незалежных прафсаюзаў немагчыма ні забяспечыць годную працу, ні гаварыць пра ўстойлівае развіццё Беларусі.
Яны заклікаюць міжнародныя арганізацыі, дзяржавы і бізнес да больш скаардынаваных дзеянняў: дамагацца вызвалення прафсаюзных актывістаў і палітвязняў, улічваць парушэнні працоўных правоў у санкцыйнай і гандлёвай палітыцы, падтрымліваць незалежныя прафсаюзныя і праваабарончыя ініцыятывы, а таксама дамагацца паўнавартаснага супрацоўніцтва Беларусі з механізмамі ААН і МАП.
Ніжэй публікуем поўны тэкст заявы.
___
Сумесная заява праваабарончых арганізацый
аб узаемадзеянні з мэтай пераадолення сістэмнага крызісу дэмакратыі і правоў чалавека ў працоўнай сферы Беларусі
25 траўня 2026 г.
Мы, прадстаўнікі беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый і незалежных прафсаюзаў, заяўляем пра глыбокі і сістэмны крызіс правоў чалавека ў працоўнай сферы ў Рэспубліцы Беларусь. Сітуацыя, якая склалася, мае комплексны характар і закранае фундаментальныя працоўныя правы, гарантаваныя міжнародным правам, уключаючы свабоду аб’яднання, права на годную працу, забарону прымусовай працы і недыскрымінацыю.
З 2004 года ўлады Беларусі сістэматычна ігнаруюць і не выконваюць Рэкамендацыі Камісіі па расследаванні Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), накіраваныя на забеспячэнне свабоды аб’яднання, рэгістрацыю незалежных прафсаюзаў і ўхіленне перашкод для іх дзейнасці.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, легітымнасць правядзення і афіцыйных вынікаў якіх была пастаўлена пад сумнеў значнай колькасцю міжнародных і беларускіх структур, і наступных масавых мірных пратэстаў сітуацыя са свабодай аб’яднання ў сферы працы ў Беларусі пачала паслядоўна пагаршацца. У 2022 годзе ўлады Беларусі прымусова ліквідавалі ўсе незалежныя прафсаюзы (СПМ, СПБ, БНП, РЭП), а таксама іх асацыяцыю — Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП). Іх лідараў і актывістаў падверглі крымінальнаму пераследу, арыштам, пазбаўленню волі, і яны былі вымушаныя пакінуць краіну. У выніку дзейнасць незалежных прафсаюзаў унутры Беларусі была фактычна спыненая, а магчымасці работнікаў па стварэнні і ўдзеле ў незалежных прафсаюзах, калектыўным прадстаўніцтве і абароне працоўных правоў былі істотна абмежаваныя. У існуючых умовах незалежнае прадстаўніцтва работнікаў апынулася практычна недаступным. Указаныя абмежаванні носяць сістэмны характар, паколькі падтрымліваюцца сукупнасцю заканадаўчых механізмаў, правапрымяняльнай практыкай, а таксама рэпрэсіўнай палітыкай у дачыненні да незалежных актараў.
На гэтым фоне Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) дэ-факта функцыянуе як элемент дзяржаўнай сістэмы кіравання і не забяспечвае сапраўдную абарону правоў і інтарэсаў работнікаў.
У 2023 годзе ў дачыненні да Беларусі была ўжытая беспрэцэдэнтная мера ў межах МАП — артыкул 33 Статута, што стала толькі другім выпадкам у гісторыі арганізацыі. Прымяненне артыкула 33 Статута МАП сведчыць пра прызнанне міжнароднай супольнасцю факту сур’ёзных і сістэматычных парушэнняў з боку дзяржавы і патрабуе прыняцця скаардынаваных мер з боку дзяржаў-членаў.
У цяперашні час больш за 20 прафсаюзных лідараў і актывістаў знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, звыш 50 — ужо адбылі пакаранне, застаючыся пры гэтым нерэабілітаванымі. Абмежаванні, якія прымяняюцца да апошніх на падставе рэжыму судзімасці, уключэння ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», працягваюць рэпрэсіі ў дачыненні да іх. Дэ-юрэ вызваленыя з месцаў несвабоды, яны фактычна працягваюць адбываць пакаранне. Шэраг незаконна асуджаных і тых, хто адбывае або адбыў пакаранне прафсаюзных дзеячаў, уключаючы Аляксандра Ярашука, старшыню БКДП, члена Адміністрацыйнага савета МАП, і Генадзя Фядыніча, старшыню РЭП, былі прымусова выдвараны з краіны з канфіскацыяй пашпартоў і фактычна пазбаўленыя сацыяльных правоў, уключаючы права на пенсію. Максім Сенік, сябра Беларускага Незалежнага прафсаюза на «Гродна Азот», таксама быў прымусова выдвараны з краіны, а яго пашпарт ануляваны без законных падстаў.
Асаблівую заклапочанасць выклікае шырокае прымяненне практык прымусовай працы. Да іх адносяцца выкарыстанне працы зняволеных, а таксама асоб, змешчаных у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, асоб з інваліднасцю, якія пастаянна пражываюць у сацыяльных пансіянатах (што асабліва крытычна для псіханеўралагічных); прымяненне заканадаўства аб так званым «сацыяльным утрыманстве»; практыка абавязковых суботнікаў; размеркаванне маладых спецыялістаў; кантрактная сістэма найму, якая абмяжоўвае свабоду спынення працоўных адносін, і іншыя формы працы, што не адпавядаюць прынцыпу добраахвотнасці. Гэтыя практыкі супярэчаць міжнародным абавязацельствам Беларусі, у тым ліку ў рамках Міжнароднай арганізацыі працы.
Мы таксама фіксуем сістэмную дыскрымінацыю работнікаў паводле палітычных прыкмет. Асобы, якія выказваюць нязгоду з дзяржаўнай палітыкай або ўдзельнічаюць у мірных пратэстах, падвяргаюцца звальненням, адмовам у прыёме на працу і ўключэнню ў нефармальныя «чорныя спісы». Пастаянна пашыраюцца фармальныя падставы для дыскрымінацыі такіх людзей, якія не проста пазбаўляюць іх грамадзянскіх правоў, але перашкаджаюць паўнавартасна ўдзельнічаць у эканамічным і сацыяльным жыцці: змяняюцца правілы прыёму на працу, правілы атэстацыі, этычныя кодэксы. З 2023 года заканадаўча замацаваная забарона як мінімум на 8 прафесій для людзей, якія прыцягваліся да крымінальнай і/або адміністрацыйнай адказнасці па «палітычных» артыкулах.
Сістэмнай застаецца і гендарная дыскрымінацыя. Жанчыны працягваюць сутыкацца з абмежаваннямі ў доступе да асобных відаў занятасці ў выніку захавання пераліку «забароненых прафесій», гендарных квот у сістэме адукацыі і няроўнага стаўлення ў сферы працы.
Дадатковым інструментам абмежавання права на працу стала пашыральнае прымяненне заканадаўства аб супрацьдзеянні «экстрэмізму» і «тэрарызму». Уключэнне грамадзян у адпаведныя спісы прыводзіць да фактычнай забароны на працаўладкаванне ў шэрагу сфер, фінансавых абмежаванняў і сацыяльнай ізаляцыі, што парушае прынцыпы прапарцыйнасці і прававой вызначанасці.
У выніку сацыяльны дыялог у Беларусі быў падменены імітацыяй: з яго выключаныя незалежныя прадстаўнікі работнікаў, а ключавую ролю адыгрывае Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), дэ-факта інтэграваная ў дзяржаўную сістэму і не валодаючая інстытуцыйнай незалежнасцю. Такая мадэль сістэмна ўзнаўляе парушэнні працоўных правоў і выключае магчымасць іх эфектыўнай абароны ўнутры краіны.
Беларусь сістэматычна ўхіляецца ад супрацоўніцтва з міжнароднымі механізмамі кантролю. Улады адмаўляюцца ад канструктыўнага ўзаемадзеяння з органамі ААН, ігнаруюць рэкамендацыі МАП і не прызнаюць мандат Спецыяльнага пасланніка МАП па Беларусі.
Ніжэйпадпісаныя незалежныя прафсаюзы, праваабарончыя арганізацыі, прадстаўнікі грамадзянскіх ініцыятыў Беларусі і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заяўляюць пра намер устанаўліваць і развіваць супрацоўніцтва і аб’ядноўваць намаганні з мэтай стварэння дэмакратычнага грамадства, заснаванага на прынцыпах вяршэнства права, сацыяльнай справядлівасці і годнай працы.
Мы выказваем рашучую падтрымку мандату Спецыяльнага пасланніка МАП па Беларусі Леліа Бентэса Карэа і заклікаем да яго далейшага ўмацавання. Ва ўмовах адсутнасці эфектыўных унутраных механізмаў абароны працоўных правоў міжнародная ўвага і супрацоўніцтва застаюцца ключавымі інструментамі падтрымкі работнікаў Беларусі.
У гэтай сувязі мы заклікаем дзяржавы-члены, агенцтвы сістэмы ААН, МАП, іншыя міжнародныя арганізацыі, а таксама бізнес:
актывізаваць супрацоўніцтва ў рамках рэалізацыі артыкула 33 Статута МАП у дачыненні да Беларусі;
ужываць скаардынаваныя меры для забеспячэння выканання Беларуссю сваіх міжнародных абавязацельстваў у сферы працоўных адносін;
дамагацца поўнага прызнання ўрадам Беларусі мандата ўсіх праваабарончых механізмаў ААН, у тым ліку Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, Групы незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і Спецыяльнага пасланніка МАП па Беларусі;
улічваць парушэнні працоўных правоў пры фарміраванні санкцыйнай і гандлёвай палітыкі;
забяспечваць належную працэдуру належнай абачлівасці ў сферы правоў чалавека (human rights due diligence) кампаніямі, якія ўзаемадзейнічаюць з любым беларускім бізнесам, дзяржаўнымі структурамі і любымі іншымі арганізацыямі;
падтрымліваць незалежныя прафсаюзныя і праваабарончыя ініцыятывы, у тым ліку тыя, што дзейнічаюць у выгнанні;
дамагацца неадкладнага вызвалення ўсіх прафсаюзных лідараў і актывістаў і спынення пераследу работнікаў па палітычных матывах;
спрыяць аднаўленню свабоды аб’яднання і стварэнню ўмоў для функцыянавання незалежных прафсаюзаў у Беларусі.
Сістэмны крызіс правоў чалавека ў працоўнай сферы Беларусі патрабуе неадкладнай і скаардынаванай міжнароднай рэакцыі. Без аднаўлення незалежных прафсаюзаў немагчыма забяспечыць ні годную працу, ні ўстойлівае развіццё.
Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў
Беларускі ПЭН
Беларускі Хельсінкскі Камітэт
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі
Офіс па правах людзей з інваліднасцю
Прававая ініцыятыва
Рабочы Рух
Human Constanta
Lawtrend
Respect-Protect-Fulfill
Далучыліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі:
Маніторынгавая місія па працоўных правах



Comments