На прэзентацыі Глабальнага індэкса правоў працоўных БКДП нагадаў пра сістэмныя рэпрэсіі ў Беларусі
- 8 hours ago
- 2 min read
У Жэневе на прэзентацыі Глабальнага індэкса правоў працоўных 2026, падрыхтаванага Міжнароднай канфедэрацыяй прафсаюзаў (ITUC), ад імя Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) выступіў намеснік старшыні Максім Пазнякоў. Паводле прэзентацыі МКП, Беларусь зноў увайшла ў лік 10 найгоршых краін свету для работнікаў. Індэкс фіксуе далейшае пагаршэнне сітуацыі з грамадзянскімі свабодамі, рост арыштаў работнікаў і прадстаўнікоў прафсаюзаў, а таксама ўзмацненне ціску на свабоду слова, сходаў і аб’яднання.

У сваім выступленні Максім Пазнякоў падкрэсліў, што для БКДП гэты індэкс — сведчанне таго, што насамрэч адбываецца з працоўнымі правамі ў Беларусі. Ён нагадаў, што з 2004 года беларускія ўлады сістэматычна ігнаруюць рэкамендацыі Камісіі па расследаванні МАП, а ў 2022 годзе ўсе дэмакратычныя прафсаюзы былі ліквідаваныя, што фактычна азначала знішчэнне незалежнага прадстаўніцтва работнікаў. Пасля гэтага пашырыліся і практыкі прымусовай працы.
— Сёння сацыяльны дыялог у Беларусі падменены імітацыяй, — лічыць намеснік старшыні БКДП. — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі з’яўляецца часткай дзяржаўнай сістэмы кіравання і кантролю над працоўнымі, не адпавядае прынцыпам незалежнай арганізацыі і не забяспечвае сапраўдную абарону правоў і інтарэсаў работнікаў.
Прадстаўнік БКДП нагадаў, што ў 2023 годзе МАП ужыла да Беларусі артыкул 33 Статута, што з’яўляецца адной з найбольш сур’ёзных мер у сістэме міжнародных працоўных стандартаў. Паводле яго слоў, гэта стала прызнаннем таго, што парушэнні ў Беларусі маюць сістэмны характар. Ён таксама ўказаў на высновы Спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі, які фіксуе палітычна матываваныя звальненні, дыскрымінацыю, абмежаванні доступу да прафесій і пераслед работнікаў за грамадзянскую пазіцыю.

Асобна Максім Пазнякоў спыніўся на становішчы прафсаюзных палітвязняў. Паводле яго слоў, дзясяткі прафсаюзных лідараў і актывістаў па-ранейшаму знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, а тыя, хто ўжо выйшаў на свабоду, не рэабілітаваныя і працягваюць сутыкацца з абмежаваннямі з-за судзімасці, унясення ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», забаронаў на працаўладкаванне і сацыяльнай ізаляцыі.
Галоўны тэзіс прагучаў максімальна выразна: працоўныя правы ў Беларусі немагчыма аддзяліць ад правоў чалавека.
«Нельга гаварыць пра годную працу, калі работнік баіцца выказаць сваё меркаванне. Нельга гаварыць пра калектыўныя перамовы, калі незалежны прафсаюз забаронены. Нельга гаварыць пра свабоду аб’яднання, калі за прафсаюзную дзейнасць чалавека могуць абвясціць “экстрэмістам”».
З трыбуны прагучаў заклік да скаардынаваных міжнародных дзеянняў: дамагацца вызвалення ўсіх прафсаюзных актывістаў і палітычных зняволеных, патрабаваць аднаўлення незалежных прафсаюзаў, улічваць парушэнні працоўных правоў у гандлёвай і інвестыцыйнай палітыцы, а таксама падтрымліваць незалежныя прафсаюзныя і праваабарончыя ініцыятывы, у тым ліку тыя, што працуюць у выгнанні.
Як падкрэсліваецца ў самім індэксе, па ўсім свеце ўзмацняецца ціск на работнікаў, прафсаюзы і грамадзянскія свабоды, а атакі на прафсаюзных лідараў становяцца ўсё больш звыклай з’явай.

Паводле даных МКП, Беларусь застаецца ў ліку 10 найгоршых краін свету для работнікаў, захоўваючы катэгорыю 5 “no guarantee of rights”, гэта значыць — адсутнасць гарантый правоў. У афіцыйным профілі краіны МКП падкрэслівае, што беларускія ўлады працягваюць сістэматычны пераслед незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных актывістаў, а ліквідацыя БКДП і яго сяброўскіх арганізацый стала часткай больш шырокай кампаніі падаўлення арганізаванай працы.
Паводле ацэнкі МКП, цяперашні глабальны крызіс працоўных правоў — гэта ўжо не праблема «перыферыйных» краін, а выклік для ўсёй дэмакратычнай сістэмы.



Comments