top of page
Search

У Берліне абмеркавалі, як вярнуць Беларусі свабоду аб’яднання

  • 1 hour ago
  • 4 min read

25 траўня ў Берліне прайшла міжнародная канферэнцыя «Правы працоўных — гэта правы чалавека. Артыкул 33 механізму МАП верне свабоду асацыяцый у Беларусь», арганізаваная Асацыяцыяй «Салідарнасць» і Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў.



У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх незалежных прафсаюзаў, міжнародных прафсаюзных аб’яднанняў, праваабарончых арганізацый, а таксама структур Міжнароднай арганізацыі працы і ААН. Праграма была пабудаваная вакол чатырох ключавых тэм: механізм артыкула 33 МАП, парушэнні працоўных правоў у Беларусі, міжнародны адказ і каардынацыя дзеянняў напярэдадні Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе.


Сімвалічна, што берлінская сустрэча адбылася літаральна за некалькі дзён да чарговага разгляду беларускага пытання на міжнародным узроўні. Таму галоўны настрой канферэнцыі быў не толькі аналітычны, але і практычны: як зрабіць так, каб механізм артыкула 33 Статута МАП ператварыўся з міжнароднай пазіцыі ў рэальны інструмент ціску на беларускія ўлады. Менавіта гэтую логіку арганізатары заклалі ў канцэпцыю апошняй панэлі.


Перад пачаткам мерапрыемства ўдзельнікі падкрэслівалі, што гаворка ідзе не пра «адну з беларускіх праблем», а пра фундаментальны выклік для ўсёй міжнароднай сістэмы абароны працоўных правоў. Права на свабоду аб’яднання, як неаднаразова гучала падчас дыскусій, з’яўляецца не вузкапрафесійнай тэмай, а асновай дэмакратыі і правоў чалавека. Менавіта таму наступ на незалежныя прафсаюзы ў Беларусі трэба разглядаць як частку больш шырокага працэсу разбурэння грамадзянскай прасторы.


Паапа Данкуа (МКП), Гоча Александрыя (МАП) і Аксана Вольфсан (МАП)
Паапа Данкуа (МКП), Гоча Александрыя (МАП) і Аксана Вольфсан (МАП)

Асобная ўвага была нададзеная таму, як Беларусь на працягу больш чым дваццаці гадоў ігнаруе рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы. Аксана Вольфсан, экспертка МАП, нагадала пра працяглую гісторыю супрацоўніцтва паміж урадам Беларусі і міжнароднымі механізмамі кантролю, пачынаючы яшчэ з рэкамендацый 2004 года. Гоча Александрыя, спецыяліст па дзейнасці працоўных Бюро МАП, у сваю чаргу, звярнуў увагу на паказальную супярэчнасць: у афіцыйнай справаздачнасці па Мэтах устойлівага развіцця Беларусь дэманструе высокія паказчыкі, але ў пытанні свабоды аб’яднання — маўчыць. Разыходжанне паміж афіцыйнымі беларускімі справаздачамі і рэальнасцю — адзін з важных момантаў, з якім сутыкаюцца міжнародныя арганізацыі падчас вывучэння сітуацыі ў краіне.


Паапа Данкуа, Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў
Паапа Данкуа, Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў

Падчас першай панэлі таксама гучала занепакоенасць тым, што ў беларускім кейсе Расія і Беларусь спрабуюць разбураць саму логіку працы міжнародных інстытутаў. Было адзначана, што ўпершыню па гэтым пытанні яны настойвалі на галасаванні там, дзе традыцыйна дзейнічае прынцып кансэнсусу. На меркаванне экспертаў, гэта не працэдурная дробязь, а небяспечны сігнал: калі механізмы МАП пачнуць падмяняцца палітычным ціскам, гэта можа стварыць прэцэдэнт і для іншых аўтарытарных дзяржаў.


Другая частка канферэнцыі была прысвечаная самой цане рэпрэсій. Праваабаронцы канстатавалі, што ў 2025 годзе сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася, а пагаршаецца. У цэнтры ўвагі праваабаронцаў былі права на працу, доступ да працы, справядлівая аплата, дыскрымінацыя, прымусовая праца, а таксама крыміналізацыя любой незалежнай самаарганізацыі. Паводле агучаных на канферэнцыі дадзеных, з 2020 года ў Беларусі ліквідаваныя каля 1220 арганізацый, у тым ліку ўсе незалежныя прафсаюзы і БКДП; 55 прафсаюзнікаў унесеныя ў спісы «экстрэмістаў», 11 — у спісы «тэрарыстаў». Гэтыя лічбы былі пададзеныя не як статыстыка сама па сабе, а як доказ таго, што пераслед працягваецца і пасля вызвалення людзей з турмаў — праз пазбаўленне правоў, абмежаванне права на прафесійную дзейнасць, сацыяльную ізаляцыю і немагчымасць вярнуцца да нармальнага жыцця.


Марыя Жарылоўская (Салідарнасць) і Святлана Галаўнёва (Вясна)
Марыя Жарылоўская (Салідарнасць) і Святлана Галаўнёва (Вясна)

Вялікі блок дыскусіі датычыўся прымусовай працы. Яўген Дзенісенка прадставіў аналіз сістэмы размеркавання студэнтаў і маладых спецыялістаў, назваўшы яе адной з формаў прымусовай працы. Праваабаронцы ўвогуле прапанавалі глядзець на прымусовую працу шырэй — як на інструмент катавання, які беларускія ўлады выкарыстоўваюць у дачыненні да палітычных вязняў. Паводле іх ацэнак, гаворка ідзе прыкладна пра дзве тысячы зафіксаваных такіх выпадкаў.


Намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч, які сам прайшоў праз прымусовую працу ў калоніі, казаў пра поўную безабароннасць чалавека: няма магчымасці паскардзіцца ні на ўмовы працы, ні на аплату, ні на эксплуатацыю. А Максім Пазнякоў дадаў галоўнае: калі самі прысуды палітычным вязням незаконныя, то і праца, да якой іх прымушаюць, таксама з’яўляецца прымусовай.


Анаіс Марын, др.Моніка Платэк і Мірыям Эстрада-Касцільо
Анаіс Марын, др.Моніка Платэк і Мірыям Эстрада-Касцільо

Трэцяя панэль, якую мадэравала былая спецдакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марын, была прысвечаная міжнароднаму адказу. Тут выразна прагучала думка, што вызваленне аднаго, двух або некалькіх вядомых палітвязняў не вырашае самой праблемы. Праз анлайн-сувязь выступіў Спецыяльны пасланнік МАП па Беларусі Леліа Бентэс Карэа. Ён адзначыў, што беларускі ўрад па-ранейшаму не прызнае яго мандат і адмаўляецца ад супрацоўніцтва, нягледзячы на тое, што за час яго працы не адбылося ніякіх істотных пазітыўных зменаў. Асабліва важна прагучала яго фармулёўка пра галоўную задачу: пасля размоў з вызваленымі прафсаюзнымі лідарамі ён прыйшоў да высновы, што ў цэнтры ўсіх намаганняў павінна стаяць вызваленне тых, хто застаецца ў турме. Ён таксама паведаміў, што мае намер прадставіць усю неабходную інфармацыю па Беларусі на Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе і адкрыты да супрацоўніцтва з усімі структурамі ААН.



У фінальным блоку канферэнцыі Аляксандр Ярашук падзякаваў удзельнікам за той узровень, на якім сёння абмяркоўваецца тэма парушэння правоў працоўных у Беларусі, і асабліва адзначыў, што прымяненне артыкула 33 не павінна застацца сімвалічным жэстам. На яго думку, гэтая міжнародная мера павінна стаць рэальным фактарам, які наблізіць вызваленне беларускіх прафсаюзных зняволеных. Галоўны пасыл яго выступу — праца павінна быць сістэмнай, бо сёння ў гэтай справе задзейнічаны ўжо сапраўды магутны міжнародны рэсурс.


Аляксандр Ярашук, старшыня БКДП
Аляксандр Ярашук, старшыня БКДП

Праз відэазварот да ўдзельнікаў звярнуўся і нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, які сёння сустракаецца з Папам Рымскім Львом XIV, з-за гэтага ён і не трапіў на канферэнцыю. Ён сказаў вельмі простую і жорсткую рэч: сёння ў Беларусі не засталося арганізацый, здольных абараняць правы работнікаў. Ён нагадаў, што палітвязняў выкарыстоўваюць у калоніях у тым ліку на працы, звязанай з патрэбамі расійскай ваеннай машыны. Яго фінальная фраза фактычна стала маральным вынікам канферэнцыі: абарона правоў працоўных немагчымая без незалежных прафсаюзаў. Жывуць працоўныя — жыве Беларусь!


Да канферэнцыі была падрыхтавана сумесная заява як сістэмнае абагульненне ўсяго сказанага. У ёй адзначаецца, што пасля 2020 года ўлады прымусова ліквідавалі ўсе незалежныя прафсаюзы, а работнікі фактычна былі пазбаўленыя права на самастойнае прадстаўніцтва і абарону інтарэсаў. Пры гэтым Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, як сказана ў дакуменце, дэ-факта інтэграваная ў дзяржаўную сістэму і не можа выконваць ролю незалежнага прадстаўніка работнікаў. У заяве таксама падкрэсліваецца, што больш за 20 прафсаюзных лідараў і актывістаў застаюцца за кратамі, а звыш 50 чалавек, ужо выйшаўшы на волю, працягваюць жыць пад рэпрэсіўнымі абмежаваннямі. У бліжэйшы час гэты дакумент будзе прыняты праваабарончымі арганізацыямі.



Сённяшняя канферэнцыя ў Берліне паказала важную рэч: беларускі кейс ужо даўно перастаў быць выключна беларускай тэмай. Тым больш што з такімі ж праблемамі сутыкаюцца і працоўныя М’янмы, Ганконга, В’етнама, Ірана і дзясяткаў іншых краін.


Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page