Незалежныя прафсаюзы Беларусі ўзялі ўдзел у першамайскай акцыі ў Брэмене
- 2 days ago
- 1 min read
1 траўня прадстаўнікі беларускага прафсаюзнага руху, аб’яднанага ў БКДП, узялі ўдзел у акцыі, прысвечанай Міжнароднаму дню салідарнасці працоўных, якая прайшла ў Брэмене і была арганізаваная DGB Bremen.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 4500 чалавек. Калона дэманстрантаў прайшла праз увесь горад і завяршыла шэсце на галоўнай плошчы Брэмена — Рыначнай плошчы (Marktplatz). Разам з удзельнікамі акцыі ў калоне ішоў былы палітвязень і старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.
На плошчы быў усталяваны намёт Salidarnast з агітацыйнымі матэрыяламі і сімволікай незалежных прафсаюзаў Беларусі. Тут удзельнікі дэманстрацыі падпісвалі паштоўкі, якія будуць накіраваныя беларускай прафсаюзнай палітзняволенай Вользе Брыцікавай і прафсаюзнаму лідару з Ганконга Lee Cheuk-yan. Гэтая акцыя праводзілася сумесна Salidarnast, нямецкім прафсаюзам IG Metall і Amnesty International.
Пасля выступаў нямецкіх прафсаюзнікаў слова было прадастаўлена Аляксандру Ярашуку, які звярнуўся з пасланнем да беларускіх рабочых. Ён расказаў удзельнікам акцыі пра тое, што сёння адбываецца ў Беларусі, пра працяглыя рэпрэсіі супраць работнікаў і незалежных прафсаюзаў, а таксама пра працу, якую вядуць БКДП і Salidarnast у выгнанні.
Ярашук падзякаваў рабочым і прафсаюзам Германіі за салідарнасць з беларускім працоўным рухам. У сваім выступе ён таксама нагадаў пра зняволеных прафсаюзных актывістаў — Вольгу Брыцікаву, Вацлава Арэшку, Аляксандра Капшуля — і падкрэсліў, што сёння БКДП і Salidarnast працягваюць змагацца за іх вызваленне, як і за вызваленне яшчэ 17 прафсаюзных актывістаў, якія застаюцца за кратамі.















Comments