top of page

Вынікі пошуку

350 items found for ""

  • У Беларусі ў спіс экстрэмістаў уносяць прафсаюзных лідараў

    МУС Рэспублікі Беларусь працягвае ўносіць у спісы экстрэмістаў і тэрарыстаў актывістаў і лідараў дэмакратычнага прафсаюзнага руху. Сёння быў абноўлены "пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці", у яго было дададзена яшчэ 45 чалавек, у тым ліку старшыня першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза ААТ "Гродна Азот" Андрэй Ханевіч. Цяпер у спісе знаходзіцца 2487 чалавек, сярод якіх лідар пярвічнай арганізацыі БНП на ААТ "Беларуськалій" і віцэ-старшыня БНП Аляксандр Мішук, старшыня пярвічнай арганізацыі СПМ на ААТ "МАЗ" Арцём Жарнак, намеснік старшыні СПМ Яніна Малаш. Таксама ўнесены ўсе асуджаныя актывісты Свабоднага прафсаюза металістаў: Міхаіл Громаў, Віталь Чычмароў і Міраслаў Сабчук. Андрэя Ханевіча таксама ўнеслі ў спіс экстрэмістаў. Андрэя асудзілі за размову з журналістам "Белсата", падчас якой ён, паводле абвінавачання, "перадаў некаторую інфармацыю". Таксама была ліквідаваная першасная арганізацыя БНП, пасля таго, як яе прызналі "экстрэмісцкай" вясной 2022 года. У той час, калі Андрэй адбываў адміністратыўны арышт. Прычынай ліквідацыі прафсаюза стала распаўсюджванне ў Telegram-чаце СМІ інфармацыі, прызнанай у Беларусі экстрэмісцкай. Пасля звальнення яго з прадпрыемства, супраць Андрэя была ўзбуджаная крымінальная справа. 16 лістапада Гарадзенскі абласны суд прызнаў яго вінаватым па арт. 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361-4 (Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці) КК РБ. Суддзя Гродзенскага абласнога суда Віталь Кулеш прызнаў Андрэя Ханевіча вінаватым і прыгаварыў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 47-гадовы Андрэй Ханевіч працаваў апаратчыкам у цэху "Карбамід-3" на ААТ "Гродна Азот". У Андрэя трое дзяцей.

  • Аляксандр Ярашук: Мы і сэрцам, і думкамі разам з вамі, дарагія ўкраінцы

    Мінуў год з пачатку нападу Расіі на Украіну. Мужны ўкраінскі народ даў годны адпор агрэсару, але з тым згубіў тысячы жыццяў. Гэта працягваецца і зараз, кожную хвіліну, абараняючы свой агульны дом гінуць годныя дочкі і сыны Украіны. Ганебным, але рэальным стала тое, што беларусаў зараз асацыююць не толькі з ваярамі Палка імя К. Каліноўскага, або рэйкавымі партызанамі, але і як суагрэсараў. З-за ганебнай пазіцыі беларускага дыктатара, нас сёння разглядаюць - як вайсковы плацдарм, з якога ўварваліся расійскія войскі і абстрэльваюць цывільнае насельніцтва. Трэба адзначыць, што дэмакратычныя прафсаюзы з першага дня вайны катэгарычна выказаліся супраць дзеянняў беларускіх уладаў і запатрабавалі спыніць дапамогу Расіі ў вайне і вывадзе расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. 25 лютага 2022 года Выканкамам Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» была прынята наступная Заява: "Няма ў свеце ні аднаго народа, які хацеў бы вайны. Расейскі, украінскі і беларускі народы – не выключэнне. Мала хто ў свеце панёс такія жудасныя страты, так ахвяраваў у сваёй гісторыі жыццямі дзясяткаў мільёнаў сваіх грамадзян, як тры блізкія адно аднаму нашы народы. І тое, што расейская ўлада распачала сёння вайну супраць Украіны, не паддаецца ні разуменню, ні апраўданню, ні дараванню. Як не паддаецца апраўданню і дараванню тое, што агрэсар са згоды беларускіх уладаў уварваўся ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Здарыліся непапраўныя рэчы, і іх наступствы на працяглы час, на жыцці некалькіх пакаленняў, атруцяць стасункі паміж расейцамі, украінцамі і беларусамі. Ад імя сяброў незалежных прафсаюзаў Беларусі, працоўных нашай краіны мы схіляем свае галовы перад вамі, нашы ўкраінскія браты і сёстры. Мы просім у вас прабачэння за тую ганьбу, той сорам, якія наклала беларуская ўлада на ўсіх беларусаў, зрабіўшыся хаўруснікам агрэсара і адчыніўшы яму мяжу з Украінай. Але мы хочам запэўніць вас, дарагія ўкраінцы, што абсалютная большасць беларусаў, у тым ліку працоўных, асуджае авантуру дзейнага беларускага рэжыму, які патурае расейскай агрэсіі на Украіну. Мы патрабуем неадкладнага спынення ваенных дзеянняў і вываду з Украіны, а таксама з Беларусі, расейскіх войскаў. У гэты цяжкі лёсавызначальны час заяўляем, што мы і сэрцам, і думкамі разам з вамі, дарагія ўкраінцы. Жадаем вам выстаяць і перамагчы. Жыве Беларусь! Слава Украіне!" За гэтыя словы дыктатарскі рэжым не змог дараваць, таму ўсё кіраўніцтва дэмакратычных прафсаюзаў было арыштавана, а незалежныя прафсаюзы ліквідаваныя. У краіне ўведзены рэжым масавага тэрору: арыштаваныя тысячы іншадумцаў. 1450 з іх прызнаныя палітвязнямі. Здзекі і катаванні з боку сілавых ведамстваў у дачыненні да грамадзян сталі нормай. Сотні тысяч вымушаныя былі пакінуць краіну. Нягледзячы на гэта, мы ўпэўненыя, што падаўляючай большасці грамадзян Беларусі, гэтая вайна агідна і яны чакаюць міру. Не «рускага міру» - нянавісці, жабрацтва і дэспатызму, а ўзаемапавагі, годнасці і дабрабыту. Як сказаў арыштаваны лідар БКДП Аляксандр Ярашук які зараз з-за сваёй пазіцыі знаходзіцца ў беларускай турме: - Каму як ні нам, выпадае зрабіць усе, каб вярнуць сабе добрае імя. Каб ніколі Беларусь не лічылася ваенным агрэсарам. Каб нашы мясціны, каб назва нашае краіны, назвы нашых сёлаў і гарадоў неўвасаблілі ў сабе пагрозу і небяспеку для жыхароў суседняй, братэрскай для нас, Украіны. Адкуль да іх прыходзіць смерць. Гэтыя словы былі сказаныя год таму, але актуальны і сёння.

  • Акцыя ў падтрымку "Герояў барацьбы за незалежны прафсаюзны рух у Беларусі"

    Польскі прафсаюз NSZZ “Solidarność” распачаў прафсаюзную акцыю ў падтрымку зняволеных прафсаюзных актывістаў з Беларусі з патрабаваннем іх вызвалення. Па ініцыятыве знешнепалітычнага ведамства Нацыянальнай камісіі NSZZ "Solidarność" стартуе акцыя па адпраўцы паштовак у Пасольства Рэспублікі Беларусь у Польшчы. Для гэтага былі зроблены паштоўкі з выявамі лідараў і актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), якія зараз асуджаныя беларускім судом і адбываюць зняволенне ў калоніях. - Не будзем, забываць, што прафсаюзны актывіст у турме - гэта таксама проста чалавек у турме. Прыгавораны ўдалечыні ад сям'і, сяброў і блізкіх. Асуджаны на страх, асуджаны на сітуацыю, якая наўпрост пагражае яго здароўю і бяспецы. Менавіта таму мы хочам пачаць з таго, што пакажам вам "віртуальныя асобы" герояў нашых паштовак - Герояў барацьбы за незалежны прафсаюзны рух у Беларусі, - лічаць арганізатары акцыі. Гэтыя паштоўкі з пратэстам супраць парушэння элементарных правоў прафсаюзаў і правоў чалавека ў Беларусі можа адправіць любы сябар “Салідарнасці”. Адным з першых, хто гэта зрабіў - быў старшыня польскага прафсаюза Пётр Дуда. У ёй ён запатрабаваў, ад амбасадара Рэспублікі Беларусі ў Рэспубліцы Польшча, вызвалення прафсаюзных актывістаў: “Шаноўны спадар амбасадар! Прафсаюзнікі - не тэрарысты, і права на законную забастоўку для абароны працоўных і грамадзянскіх правоў не з'яўляецца падрыўной. Гэта асноўныя правы чалавека, за якія змагалася NSZZ “Solidarność”. Патрабуем вызвалення лідэраў беларускіх прафсаюзаў, спынення рэпрэсій і захавання права на вядзенне прафсаюзнай дзейнасці!" Кампанію ўжо падтрымалі і іншыя лідары прафсаюзных структур "Салідарнасці". Напрыклад, старшыня Міжпрадпрымальніцкай арганізацыі NSZZ "Solidarność" у Volkswagen Poznań Пётр Ольбрыс; Алісія Скаўрон і Кшыштаф Адамек і NSZZ Solidarność Roca Polska і старшыня транспартнага сакратарыята Генрык Грымель. У польскім прафсаюзе спадзяюцца, што акцыя будзе падтрымана і іншымі арганізацыямі "Салідарнасці". Паколькі гэты этап падобны да таго, што Польшча ўжо праходзіла 40 гадоў таму, калі таталітарны рэжым разглядаў незалежныя прафсаюзы, як пагрозу. Нагадаем, што да жніўня 2020 года ціск на прафсаюзных актывістаў абмяжоўваўся звальненнем ці адміністрацыйнымі арыштамі. У пачатку 2021 года, з ростам тэрору ў Беларусі, ціск на прафсаюзы значна ўзмацніўся. Прафсаюзныя працаўнікі сталі выяўляць у сваіх офісах праслушкі і ўтоеныя відэакамеры. У штабах прафсаюзаў праходзілі ператрусы пад любой падставай. Абсталяванне было канфіскавана, офісная мэбля знішчана. На двары ўжо 2023 год, а колькасць палітвязняў у Беларусі расце і на сённяшні дзень іх больш за 1440 чалавек. Сярод іх больш за 30 прафсаюзных актывістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні і адбываюць працяглыя тэрміны зняволення ў беларускіх турмах і працоўных лагерах.

  • Вынесены прысуды прафсаюзным актывістам па справе «Рабачага Руху»

    Усіх10 фігурантаў абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Працэс над дзесяццю палітзняволенымі фігурантамі справы «Рабочага руху» праходзіў у Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада. 17 лютага судздзя Аляксандар Піскуноў пакараў: Сяргея Шэлеста — 14 гадамі калоніі; Уладзімера Жураўку — 15 гадамі калоніі; Андрэя Пагерылу — 14 гадамі калоніі; Ганну Аблаб — 11 гадамі калоніі; Аляксандра Гашнікава — 14 гадамі калоніі; Сяргея Дзюбу — 12 гадамі калоніі; Ігара Мінца — 12 гадамі калоніі; Валянціна Цераневіча — 12 гадамі калоніі; Сяргея Шамецьку — 12 гадамі калоніі; Аляксандра Капшуля — 15 гадамі калоніі. Апрача таго, для асуджаных прадугледжаныя штрафы ў памерах ад 100 да 500 базавых велічынь. Сярод асуджаных 6 актывістаў Беларускага Незалежнага прафсаюза. Усіх фігурантаў абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Капшуля дадаткова — у «незаконных дзеяннях у дачыненні агнястрэльнай зброі» (ч. 2 арт. 295 КК). Шэлеста, Жураўку і Пагерылу дадаткова — у «паклёпе» (арт. 188 КК). Падчас судовых паседжанняў усе дзесяцёра падсудных не прызналі віны ў здрадзе дзяржаве. Таксама ў час разгляду справы «Рабочага руху» адзін з фігурантаў, Аляксандар Капшуль, некалькі тыдняў трымаў галадоўку ў знак пратэсту супраць парушэння заканадаўства падчас яго ўтрымання ў гомельскім СІЗА. «Рабочы рух» утвораны ў 2020 годзе. У ім аб’ядналіся беларускія рабочыя, у тым ліку лідары і актывісты страйкаў 2020 году.

  • Дзіцячаму лекару-трансплантолагу прысудзілі 2,5 гада калоніі

    Віцебскі абласны суд 16 лютага вынес прысуд медыку Аляксею Аляксейчыку і прыгаварыў яго да рэальнага тэрміна ў калоніі, паведамляюць праваабаронцы. Яго прызналі вінаватым у межах арт. 361 ч. 3 КК («Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Суддзя Яўген Буруноў прызначыў Аляксейчыку пакаранне ў 2 гадах і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Вядома, што Аляксей Аляксейчык больш за 20 гадоў працаваў урачом-трансплантолагам у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі. Ён лічыцца адным з найлепшых спецыялістаў цэнтра, які правёў мноства аперацый па перасадцы касцявога мозга. Аляксей з'яўляецца сябрам Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ), які ўваходзіць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, ліквідаванага ўладамі летась.

  • Прафсаюзны актывіст 48 дзён трымае галадоўку — яго змясцілі ў карцар

    Калісьці былы юрысконсульт «Нафтана» Аляксандр Капшуль дапамагаў прадпрыемству выйграваць спрэчкі з іншымі кампаніямі, цяпер жа ён абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве — за дапамогу завадчанам. Паўтара месяца таму ён аб'явіў галадоўку, а з 10 лютага Аляксандр знаходзіцца ў карцэры СІЗА №3. Гісторыю прафсаюзнага актывіста падрыхтавала «Наша ніва». Таемна з Расіі вывезлі ў Мінск 44-гадовы Аляксандр Капшуль абвясціў галадоўку 31 снежня. Ён патрабуе ад адміністрацыі вязніцы выканання ўсіх нормаў і правілаў утрымання зняволеных. «Галадоўка праходзіць пад наглядам дактароў, — кажа паплечнік актывіста Павел. — Каб падтрымліваць жыццядзейнасць арганізма Аляксандр прымае глюкозу і згушчонку. Ад іншай ежы адмаўляецца. Заяўляе, што будзе дабівацца свайго». У турму Аляксандр Капшуль трапіў за ўдзел у пратэстах і за прафсаюзную дзейнасць. Яго і яшчэ дзевяцярых актывістаў абвінавачваюць «у здрадзе дзяржаве», «стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні», а таксама ў шэрагу іншых «злачынстваў». Ім пагражае да 15 гадоў зняволення. Усе фігуранты прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі. Крымінальную справу ад 9 лістапада 2022 года на закрытым працэсе разглядае Гомельскі абласны суд. Аляксандра Капшуля затрымалі 25 верасня 2021 года на расійска-ўкраінскай мяжы. Пасля яго перадалі КДБ Беларусі, які вывез яго ў Мінск. З Расіі Аляксандр Капшуль спадзяваўся прарвацца ў Польшчу. Разлічваў, што расійская паліцыя і спецслужбы не стануць яго затрымліваць. «Ён саманадзейна ўзяў білет на самалёт да Варшавы і збіраўся з маскоўскага аэрапорта вылецець у Польшчу, — расказвае Павел. — Едучы цягніком у Расіі, падчас праверкі дакументаў ён зразумеў, што яго будуць затрымліваць на найбліжэйшай станцыі. Здолеў у тамбуры адчыніць дзверы і выскачыў на хаду з вагона. Зламаў нагу, вывіхнуў руку, але добрыя людзі аказалі яму дапамогу і завезлі да расійска-ўкраінскай мяжы». Аляксандра затрымалі на памежным пераходзе пры праверцы дакументаў. «Ён ні ў якіх базах не фігураваў. Мы высвятлялі гэта па сваіх каналах, але яго там чакалі, — даводзіць Павел. — Пераходзіць афіцыйна мяжу было неразумна, але іншага выйсця не было, пагатоў са зламанай нагой, пашкоджанай рукой. Яго трымалі на мяжы, пакуль не прыехалі супрацоўнікі КДБ. Ніякіх судовых пастаноў аб экстрадыцыі не было. Проста незаконна вывезлі з Расіі ў Беларусь». Па словах Паўла, пра затрыманне Аляксандра стала вядома з крыніц, якія падтрымлівалі сувязь з ім падчас яго знаходжання ў Расіі. За тры дні да затрымання супрацоўнікі КДБ падчас вобшуку на лецішчы ў Капшуля знайшлі старыя патроны. Як заяўляецца ў тэлеграм-канале «Рабочы рух», іх падкінулі спецслужбоўцы. Сярод артыкулаў абвінавачвання ў Капшуля значацца і «незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі». 20 гадоў адпрацаваў на наваполацкім «Нафтане» На «Нафтане» Аляксандр Капшуль адпрацаваў 20 гадоў. У лютым 2021 года быў звольнены фармальна за прагулы. Ён выпускнік факультэта міжнародных адносін БДУ. Ва ўніверсітэце вучыўся па мэтавым накіраванні завода «Палімір», структурнага падраздзялення «Нафтана». На «Паліміры» шмат гадоў працаваў бацька Капшуля, спачатку эканамістам, а затым начальнікам аховы. Са сваёй жонкай Аляксандр пазнаёміўся таксама на прадпрыемстве. У іх двое сыноў-падлеткаў. Павел характарызуе сябра як сур’ёзнага, мэтанакіраванага, але з выдатным пачуццем гумару чалавека. «Ён цудоўны суразмоўца. Умее расслабляцца. Ведаю, што бавіў час, наведваючы лазню. З дзецьмі гойсаў на роварах. Казаў, што робіць усё для будучыні сваіх дзяцей. Каб яны маглі жыць у нармальнай краіне, калі выходзяць на вуліцу, каб іх не арыштавалі, не збілі, не пасадзілі», — падкрэслівае Павел. Сам Аляксандр казаў, што аддаваў перавагу быць з сям'ёй, калі меў вольны час. Штопятніцу разам яны праглядалі новы фільм. Аляксандр шмат высілкаў уклаў у будаўніцтва лецішча, дзе з сям'ёю адпачываў у выхадныя. Любіў вэндзіць рыбу і мяса. Хадзіў з дзецьмі на возера, у басейн. Важдаўся з тэхнікай: машынай і кампʼютарам. Бараніў інтарэсы дзяржаўнага бізнэсу ў спрэчках з працоўнымі Да падзей 2020 года Аляксандр Капшуль бараніў інтарэсы прадпрыемства ў судовых справах са звольненымі працаўнікамі. «У асноўным іскі падаюць людзі, звольненыя «па артыкуле». Але ніводнай такой справы прадпрыемства не прайграла», — казаў ён. Аляксандр Капшуль бараніў інтарэсы «Нафтана» ў спрэчках з іншымі прадпрыемствамі. «Аднойчы мы амаль восем месяцаў судзіліся з будаўнічай арганізацыяй. Пасля падпісання акта здачы-прыёмкі выкананых работ выявіліся, можна сказаць, схаваныя дэфекты, — расказваў ён у 2017 годзе. — У выніку выйгралі, атрымаўшы права не плаціць за гэту работу. Гэта было гадоў дзесяць таму, сума ўгоды складала каля 75 млн рублёў». Калега Аляксандра па праваабарончай дзейнасці Святлана адзначае, што «ён пасля 2020 года перастроіўся і стаў абараняць правы працоўных». «Аляксандр не мог прыняць парушэнняў правоў работнікаў, якія дапускаліся дзяржавай і дзяржаўнымі прадпрыемствамі, — кажа яна. — Ён бараніў працоўных, як юрыст, у рамках прававога поля — нацыянальнага і міжнароднага. Гэтыя законныя дзеянні ў тым ліку сталі падставай для пераследу яго дзяржавай. Аляксандр не змяніўся ў турме, яго не зламалі, і ён працягвае змагацца за свае правы, падае скаргі». Падзеі 2020 года называў «прававым бясчынствам» Да пратэстаў 2020 года Павел і Аляксандр не былі знаёмыя, хоць і працавалі на «Нафтане». У Аляксандра быў кабінет у будынку заводскага ўпраўлення, а Павел быў заняты на самой вытворчасці. Абодва выступалі на мітынгах. Пасля ўдзельнікі збіраліся абмяркоўваць далейшы ход пратэснага руху, і на такіх сходках мужчыны пасябравалі. «У краіне чыніўся гвалт, людзей збівалі, і працоўныя выйшлі супраць несправядлівасці. Аляксандр быў абураны тым, што адбывалася. Выказваў сваю пазіцыю кіраўніцтву прадпрыемства, спрачаўся з чальцамі выбарчых камісій, з якім быў знаёмы па працы», — расказвае Павел. У 2020 годзе Аляксандр стаў сябрам Беларускага Незалежнага прафсаюза. У ім бараніў працоўных ад ціску наймальніка і дзяржаўнага прафсаюза, які заяўляў, што па-за палітыкай, але садзейнічаў звальненню работнікаў. «Ён прафесійны, дасведчаны юрыст, хаця яго спецыфіка не працоўнае заканадаўства, а міжнародныя адносіны. Сваю пазіцыю ў судах даводзіў аргументавана, з фактамі парушэння заканадаўства. Супрацьлеглы бок, пазіцыю прадстаўнікоў прадпрыемства, пракуророў, якія часам прысутнічалі на працэсах, разносіў ушчэнт», — адзначае Павел. Аляксандр Капшуль у пачатку снежня 2020 года далучыўся да агульнанацыянальнай стачкі. Праз 2,5 месяца, у лютым 2021 года, яго звольнілі. «Ён, як іншыя работнікі прадпрыемства, напісаў заяву і не выходзіў на працу, — даводзіць Пётр. — Як і ўсіх страйкоўцаў, фармальна яго звольнілі за прагулы». Аляксандр Капшуль падзеі 2020 года называў «прававым бясчынствам». Ён заяўляў, што законы змяняюцца не для абароны правоў народа як адзінай крыніцы ўлады, а для яго падаўлення. Даводзіў, што кіраўніцтва «Нафтана» цісне на работнікаў за іх грамадзянскую пазіцыю і прафсаюзную прыналежнасць. Што такое справа «Рабочага руху» Справа «Рабочага руху» з'явілася з затрымання ў 2021 годзе двух дзясяткаў работнікаў прадпрыемстваў па ўсёй краіне. Некаторых пазней адпусцілі. Справу расследаваў КДБ і назбіраў 38 тамоў матэрыялаў. Паводле спецслужбаў, фігуранты збіралі і перадавалі «службовую інфармацыю абмежаванага характару» замежным дзяржавам. Аб'яднанне працоўных 21 верасня 2021 года прызнана экстрэмісцкай арганізацыяй. Прапагандысты заяўлялі, што прадстаўнікі «Рабочага руху» нібыта рыхтавалі забастоўкі і дыверсіі, займаліся прамысловым шпіянажам пад кантролем амерыканскіх і літоўскіх спецслужбаў. Разам з Аляксандрам Капшулем судзяць: — Ігара Мінца з «Нафтана»; — Ганну Аблаб і Сергея Дзюбу з Беларускай чыгункі; — Уладзіміра Жураўко, Сяргея Шэлеста, Андрэя Пагерылу з «Гродна Азота»; — Аляксандра Гашнікава з Беларускага металургічнага завода; — Валянціна Цераневіча з «Гродна Хімвалакна»; — Сяргея Шамецьку з «Атланта». Ініцыятыву «Рабочы рух» заснавалі лідары і актывісты забастовак 2020 года для абароны правоў і свабод грамадзян і для каардынацыі патэнцыйных забастовак. Крыніца: https://nashaniva.com/309665

  • Старшыня Рады Еўропы асудзіў пакаранне і пераслед лідараў БКДП

    Шарль Мішэль асудзіў дзеянні рэжыму Лукашэні з нагоды вынесенага прысуду і турэмнага зняволення кіраўніцтва Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП). “Я ўважліва сачыў за гэтымі незаконнымі дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі. Падобныя далейшыя рэпрэсіі супраць беларускага грамадства, якія па-ранейшаму накіраваныя супраць грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і сябраў прафсаюзаў, выклікаюць глыбокую трывогу. ЕЗ заклікае да неадкладнага вызвалення несправядліва затрыманых прафсаюзных актывістаў”, - адзначыў ён у лісце Генеральнаму сакратару ETUC і PERC Еўрапейская канфедэрацыя прафсаюзаў Эстэр Лінч. Ён таксама праінфармаваў кіраўніцтва канфедэрацыі аб тым, што сочыць за ходам судовых слуханняў па гэтых і іншых справах праз Прадстаўніцтва ЕС у Мінску: “ЕС надае вялікае значэнне свабодзе аб'яднання і цвёрда адданы садзейнічанню эфектыўнай рэалізацыі адпаведных міжнародных працоўных стандартаў". "ЕС працягвае патрабаваць ад рэжыму Лукашэнкі адказнасці за палітычныя рэпрэсіі, незаконныя пераследы і грубыя парушэнні правоў чалавека і асноўных свабодаў. ЕЗ працягвае падтрымліваць народ Беларусі, дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць у цэлым”. Старшыня Еўрапейскай рады адзначыў, што будзе працягваць сачыць за сітуацыяй у Беларусі, у тым ліку праз сваю дэлегацыю ў Менску.

  • Палітвязень Валянцін Цераневіч адзначае Дзень нараджэння

    13 лютага палітычнаму зняволенаму і прафсаюзнаму актывісту Валянціну Цераневічу споўнілася 48 гадоў. Валянцін працаваў памочнікам майстра на заводзе "Хімвалакно", у складзе ААТ "Гродна Азота". У 2020 годзе ён быў абраны намеснікам старшыні пярвічнай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза на гродзенскім прадпрыемстве. Прафсаюзны лідар быў затрыманы 20 верасня 2020 года, а ў дачыненні да яго была ўзбуджана крымінальная справа аб здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса). Улады абвінавацілі яго ў сувязі са страйкавай ініцыятывай «Рабочы Рух», а 21 верасня 2021 г. «Рабочы Рух» быў прызнаны экстрэмісцкім. Адначасова па краіне прайшлі масавыя затрыманні працоўных. Таму Валянціну абвінавацілі яшчэ ў адным абвінавачанні па ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Усе фігуранты справы заявілі суду, што сваю віну ў дзяржздрадзе і стварэнні экстрэмісцкага фармавання не прызнаюць, і адмовіліся даваць паказанні. 27 снежня працэс закрылі да вынясення прысуду, хаця да гэтага ён праходзіў у адкрытым рэжыме. У зняволенні Валянцін Цераневіч знаходзіцца ўжо амаль 1 год і 5 месяцаў. Усім палітвязням па гэтай справе пагражае да 15 год зняволення. Валянцін прызнаны праваабаронцамі палітычным вязнем. У якасці сімвалічнага хроснага Валаніціна выступае член Швейцарскай нацыянальнай рады і камісіі па прававых пытаннях Лоранс Фельман-Рыель. Адрас для лiстоў: СIЗА-3, 246144, г. Гомель, вул. Кнiжная, 1А, Цераневічу Валянціну Валянцінавiчу.

  • Міністр працы ЗША заклікаў вызваліць лідараў БКДП

    Міністр Марці Ўолш заклікае да вызвалення прафсаюзных лідараў, сябраў прафсаюза і палітычных зняволеных у Беларусі. Міністр працы ЗША Марці Ўолш выступіў з наступнай заявай наконт вынесеных у снежні 2022 года і студзені 2023 года прыгавораў шасці прафсаюзным лідарам у Беларусі: - ЗША глыбока занепакоеныя тым, што шэсць прафсаюзных лідараў былі прысуджаныя да турэмнага зняволення падчас закрытых судовых разглядаў у Беларусі па абвінавачванні ў "нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы", "распальванні сацыяльнай нянавісці" і "стварэнні або ўдзеле ў экстрэмісцкай групе". Гэтыя дзеянні наносяць сур'ёзны ўрон рабочаму руху ў Беларусі. 27 снежня 2022 года Аляксандр Ярашук, Сяргей Антусевіч і Ірына Бут-Гусаім - лідары Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, былі прыгавораны да пазбаўлення волі на тэрмін ад паўтара да чатырох гадоў. 5 студзеня 2023 года да пазбаўлення волі на тэрмін ад васьмі да дзевяці гадоў былі прыгавораны Генадзь Фядыніч, Васіль Бераснеў і Вацлаў Арэшка - лідары Прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Усе гэтыя людзі пакутуюць ад дрэннага стану здароўя, які патрабуе спецыялізаванага лячэння. Міністр Уолш заклікаў да іх тэрміновага вызвалення па гуманітарных меркаваннях. - У Беларусі працягваецца сур'ёзнае пагаршэнне працоўных правоў у краіне. Дэмакратычныя і незалежныя прафсаюзы неабходны для здаровай, інклюзіўнай дэмакратыі і квітнеючай эканомікі, - адзначыў Міністр працы. - Мы заклікаем рэжым Лукашэнкі ў Беларусі пакласці канец парушэнням правоў чалавека і працоўных, якія ўключаюць свавольныя арышты, акты гвалту, пераследы і запалохванні ў дачыненні да грамадзян Беларусі, у тым ліку прафсаюзных актывістаў, якія ажыццяўляюць свае правы чалавека і працоўныя правы. У прыватнасці, мы заклікаем неадкладна і безумоўна вызваліць усіх прафсаюзных лідараў і сябраў прафсаюзаў, а таксама больш за 1400 палітычных зняволеных, несправядліва пазбаўленых волі за ўдзел у мірных сходах або за ажыццяўленне сваіх асноўных свабодаў. Крынiца: https://www.dol.gov/newsroom/releases/osec/osec20230210

  • Яніну Малаш унеслі ў «спіс экстрымістаў»

    Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) папоўніла спіс, каго лічыць «экстрымістам». У яго дадалі яшчэ 28 чалавек. Сярод іх намесніца старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) Яніна Малаш. 10 лютага МУС чарговы раз абнавіла «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у ім 2416 чалавек. У яго папалі і прафсаюзныя актывісты - Аляксандр Мішук, віцэ-старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюза (БНП) і намесніца старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) Яніна Малаш. МУС уключае ў яго і тых, хто цяпер у месцах няволі адбывае тэрмін, і тых, хто ўжо выйшаў на волю, і нават тых, у каго ўжо пагашана судзімасць. На тых хто папаў у спіс накладаецца шэраг забарон звязаных з дзейнасцю. Да таго, фінансавыя аперацыі ўключаных у "Спіс экстрэмістаў" грамадзян падлягаюць асабліваму кантролю ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

  • Аляксандр Капшуль 41 дзень трымае галадоўку

    У Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада ў закрытым рэжыме праходзіць суд па справе "Рабочага Руху", фігурантамі якой з'яўляюцца адразу дзесяць палітзняволеных, сярод якіх сябры Беларускага Незалежнага прафсаюза, у тым ліку і Аляксандр Капшуль. З 31 снежня Аляксандр абвясціў галадоўку супраць парушэння заканадаўства падчас яго ўтрымання ў гомельскім СІЗА. Галадоўка працягваецца 41 дзень, пры гэтым першыя некалькі дзён ён не піў нават вады. Палітвязняў абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Ім пагражае да 15 гадоў зняволення. Нагадаем, Аляксандра Капшуля затрымалі 25 верасня 2021 года на тэрыторыі РФ і перадалі супрацоўнікам КДБ Беларусі. Паведамлялася, што ў яго была зламаная нага і пашкоджаная рука. Акрамя таго, з“явілася інфармацыя, што палітвязні маюць намер абскардзіць рашэнне КДБ аб прызнанні "Рабочага руху" "экстрэмісцкім фармаваннем". Падтрымайце палітвязня : СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Аляксандр Сяргеевіч Капшуль

  • Жазэп Барэль заклікаў да неадкладнага вызвалення беларускіх прафсаюзных актывістаў

    Вярхоўнаму прадстаўніку Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпу Барэлю, як і Старшыні Еўрапейскай камісіі Ўршулі фон дэр Ляен, вядома аб судовай расправе, якая адбылася ў Беларусі над прадстаўнікамі дэмакратычных прафсаюзаў. Аб гэтым ён пісьмова паведаміў Генеральнаму сакратару Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў ETUC і PERC Эстэр Лінч. Спадар Барэль выказаў заклапочанасць з нагоды асуджэння і зняволення кіраўніцтва і службовай асобы Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП). - Запэўніваю вас, што я ў курсе гэтых супрацьпраўных дзеянняў рэжыму Лукашэнкі. Вельмі трывожна назіраць за далейшымі рэпрэсіямі супраць беларускага грамадства, якія працягваюць пераследаваць грамадзянскую супольнасць, праваабаронцаў і сябраў прафсаюзаў. ЕЗ заклікае да неадкладнага вызвалення несправядліва затрыманых прафсаюзных актывістаў. Ён зазначыў, што прадстаўнікі еўрапейскага ўрада сочаць за судовымі слуханнямі па гэтых і іншых справах праз Прадстаўніцтва ЕС у Мінску: - Прытрымліваючыся апошніх указанняў Міністэрства замежных спраў Беларусі, нашы супрацоўнікі Прадстаўніцтва ЕС не маглі ні ўвайсці ў будынак суда, ні сустрэцца са сваякамі, ні з актывістамі, якія знаходзіліся ў будынку і вакол яго. Аднак калегі нашай дэлегацыі прысутнічалі перад будынкам, каб прадэманстраваць поўную падтрымку абвінавачаных на закрытых працэсах. Ён адзначыў, што ЕС надае першараднае значэнне свабодзе асацыяцыі і цвёрда адданы садзейнічанню, эфектыўнаму ўкараненню адпаведных міжнародных працоўных норм. "Мы даўно і цвёрда выступаем за эфектыўнае выкананне Беларуссю Канвенцыі МАП № 87 аб свабодзе асацыяцыі, уключаючы правы прафсаюзаў, у кантэксце міжнародных канферэнцый працы і пасяджэнняў Адміністрацыйнай рады МАП, на якіх ЕС і яго дзяржавы-члены неаднаразова выступалі з заявамі з гэтай нагоды". - ЕЗ працягвае ўскладаць на рэжым Лукашэнкі адказнасць за палітычныя рэпрэсіі, незаконныя пераследы і грубыя парушэнні правоў чалавека і асноўных свабод, якія ён здзяйсняў, - лічыць спадар Барэль. - У сувязі з гэтым ЕС працягвае стаяць на баку народа Беларусі і падтрымліваць яго, дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць у цэлым, і выказвае сваю салідарнасць з несправядліва затрыманымі. ЕС працягне ўважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі, у тым ліку праз сваё прадстаўніцтва ў Менску.

bottom of page