top of page
Search

МАП мае намер прымусіць Лукашэнку прытрымлівацца міжнародных правілаў

5 чэрвеня ў Жэневе стартавала 111-я Міжнародная канферэнцыя працы (МКТ), якая сабрала дэлегатаў з усяго свету, каб абмеркаваць надзённыя пытанні, звязаныя з правамі працоўных. Гэтае паседжанне можа стаць вяхой у гісторыі МАП, паколькі ўпершыню за стогадовую гісторыю арганізацыі, дэлегаты сутыкаюцца з неадкладнай неабходнасцю прыняць рашэнне па 33 артыкуле Статута ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, у якой сістэматычна парушаюцца правы працоўных на свабоду аб'яднання. Гэты артыкул, які мае па сутнасці дысцыплінарны характар, закліканы паўплываць на парушальнікаў і абараніць інтарэсы работнікаў.


photo - ilo.org

Калі Канферэнцыя прыме Рэзалюцыю па Беларусі, спектр "уздзеянняў" на рэжым Лукашэнкі можа быць разнастайным. Краіны могуць перагледзець усе віды адносін з Беларуссю, у тым ліку эканамічныя або дыпламатычныя адносіны.



Унікальная сітуацыя для МАП


Ужыванне 33 артыкула Статута МАП – крайняя мера для гэтай арганізацыі і прымяняецца толькі ў дачыненні да заўзятых парушальнікаў працоўных правоў. У гісторыі гэтай арганізацыі яна прымянялася толькі аднойчы, у дачыненні да ваеннага рэжыму ў М'янме, за выкарыстанне прымусовай працы. Спроба прымянення 33 артыкула Статута МАП па "прафсаюзных" Канвенцыях №87 і №98 адбываецца ўпершыню.


На міжнароднай арэне Беларусь разглядаецца як найгоршае месца ў свеце для прафсаюзнага руху. У Беларусі на працягу апошніх 20 гадоў парушаюцца дзве асноўныя Канвенцыі МАП – 87 і 98, якія гарантуюць работнікам права на аб'яднанне, а таксама заключэнне калектыўных дагавораў. Яшчэ ў 1956 годзе БССР ратыфікавала гэтыя канвенцыі і абавязалася іх выконваць.


Вынікам жа кіравання Лукашэнкі і ягонай сістэмы стала знішчэнне чатырох дэмакратычных прафсаюзаў (БНП, СПБ, СПМ і РЭМ), Асацыяцыі прафсаюзаў БКДП і арышт іх лідараў у 2022 годзе. На сённяшні дзень у турмах знаходзяцца больш за 40 прафсаюзных лідараў і актывістаў. Многія з іх унесены ў спісы экстрэмістаў або тэрарыстаў. Гэта зроблена для паражэння іх у правах і пастаяннага нагляду за імі, нават калі яны выйдуць на волю.


Chairman of the BCDP and his deputy during sentencing // photo Белта

Ліквідаваныя беларускія прафсаюзы з'яўляюцца членамі міжнародных прафсаюзных арганізацый, якія аб'ядноўваюць сотні мільёнаў працоўных па ўсім свеце. Таму, гэтае злачынства рэжым Лукашэнкі не змог схаваць. Прафсаюзныя аб'яднанні ўзнялі пытанне ў МАП аб неадкладным аказанні ўздзеяння на сітуацыю ў Беларусі.


У сваю чаргу Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) сумесна з Міністрам працы Ірынай Касцевіч паспрабавалі зняць гэтае пытанне, заручыўшыся падтрымкай сваіх саюзнікаў – Расіі і Кітая. З трэскам праваліўшы спробу на 347-й сесіі Адміністрацыйнай рады МАП, старшыня ФПБ Міхась Арда пачаў масавую рассылку лістоў чальцам дэлегацый Канферэнцыі.


Unhappy delegation of officials from Belarus at the conference

У іх ён распавядаў пра “лепшую” ў свеце – беларускую сістэму ўзаемаадносін, выбудаваных паміж працоўнымі і ўрадам. Пра тое, што рашэнне прымянення 33 артыкула з'яўляецца палітычным ціскам на Беларусь, а арыштаваныя лідэры прафсаюзаў – для яго звычайныя злачынцы, якія прызналі сваю віну ў судзе.


Усе гэтыя довады, на думку Арды, павінны неяк ацверазіць Міжнародную канферэнцыю працы, якая ў бліжэйшы час павінна будзе прагаласаваць за прымяненне, або не прымяненне 33 артыкула Статута МАП. Вядома, што, знаходзячыся ва ўразлівай сітуацыі, дэлегацыя Беларусі, якая складаецца з чыноўнікаў, спрабуе хаця б аслабіць фармулёўкі ў Рэзалюцыі МКТ па Беларусі.


Вядома хацелася б, каб дэлегаты пачулі меркаванне саміх беларускіх работнікаў, якія зараз знаходзяцца ў краіне. Толькі вось іх рот шчыльна заткнуць, а любое меркаванне, якое не адпавядае дзяржаўнай прапагандзе, караецца вялізным штрафам, арыштам, збіццём, пакаяннем на відэа з элементамі прыніжэння. Тысячы работнікаў, якія пакінулі Беларусь, могуць расказаць пра гэты непрыемны вопыт у дэталях.


Yury Ravavy, Maksim Pazniakou, and Kirill Buketov with the flag of the liquidated BKDP

Некаторыя з іх прысутнічаюць на Канферэнцыі. Так, у Жэневу прыбыў в.а. старшыні БКДП Максім Пазнякоў і лідар "Рабочага Руху" Юрый Рававой, якія маюць альтэрнатыўную ад праўладнай дэлегацыі, пазіцыю аб тым, што адбываецца ў краіне. Гэтая інфармацыя была прадстаўлена большай частцы дэлегатаў ад краін-членаў МАП.



Што адбудзецца, калі дэлегаты прагаласуюць за Рэзалюцыю?


Тады ўрады або парламентарыі краін-членаў МАП будуць абавязаны паўплываць на рэжым Беларусі для прымушэння яго да выканання рэкамендацый МАП.


Як паказвае практыка ў падобных сітуацыях, найбольш эфектыўная мера – эканамічнае ўздзеянне. Краіны-сябры МАП могуць прымяніць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі з мэтай ціску на ўрад. Такія санкцыі могуць уключаць забарону на імпарт/экспарт пэўных тавараў, абмежаванні на фінансавыя транзакцыі ці разрыў усіх эканамічных адносін.


Могуць быць прыменены персанальныя санкцыі ў дачыненні да функцыянераў, якія бралі ўдзел у парушэнні правоў працоўных: адміністрацыі некаторых прадпрыемстваў, мясцовыя органы ўлады, спецслужбы, прадстаўнікі міністэрстваў, супрацоўнікі судоў і пракуратуры Беларусі і іншых ведамстваў.

Магчыма выкарыстанне дыпламатычных каналаў для перадачы сваёй пазіцыі і патрабаванняў беларускаму ўраду. Гэта можа ўключаць дэмаршы, заявы ці ноты пратэсту.


Таксама, міжнародныя арганізацыі, у тым ліку МАП, могуць пачаць расследаванне парушэнняў працоўных правоў у Беларусі і публічна раскрываць інфармацыю аб парушэннях. Для таго каб прывесці да міжнароднага асуджэння і стварэння ціску на ўрад Беларусі.


Варта адзначыць, што кожная краіна будзе сама вызначаць, якія з магчымых захадаў варта прымяніць да гэтай сітуацыі. Ды і сам працэс можа расцягнуцца на год, да наступнай Канферэнцыі.



Ці палепшыцца сітуацыя з правамі працоўных у Беларусі?


Самае галоўнае пытанне гэтай сітуацыі ў тым – што адбудзецца з прыняццем Рэзалюцыі па Беларусі? Калі ўявіць, што большая частка краінаў усе гэтыя меры прыменяць, ці прымусіць гэта рэжым выканаць патрабаванні МАП?


Безумоўна, дадатковы эканамічны ціск на Беларусь, у дадатак да ўжо наяўнага ціску, ускладніць жыццё для ўзурпатара Лукашэнкі і ягонага атачэння. Аднак не варта забываць, што гэта таксама паўплывае і на эканамічнае становішча работнікаў, сярод якіх таксама немалая колькасць былых сябраў дэмакратычных прафсаюзаў, знішчаных уладамі.


Разумнаму чалавеку зразумела, што прычынай гэтых дзеянняў з'яўляецца бязглуздая ўнутраная палітыка ўладаў. Аднак не варта забывацца на наяўнасць прапагандысцкай машыны ў іх руках, якая на ўсю моц пачне дыскрэдытацыю ідэі незалежных прафсаюзаў і яе лідараў, якія знаходзяцца ў турмах, а некаторых яшчэ на волі.


Малаверагодна, што рэжым пасля ціску міжнароднай супольнасці выпусціць усіх прафсаюзных лідараў і актывістаў з турмаў, тым самым паказаўшы сваю слабасць перад сваімі сілавымі структурамі, за рахунак якіх і трымае ўладу.


Тым больш не даводзіцца верыць у тое, што рэжым адновіць дзейнасць ліквідаваных дэмакратычных прафсаюзаў і забяспечыць умовы для іх бесперашкоднай і законнай дзейнасці. Таму казаць пра пазітыўны ўплыў дадзеных мераў, прынамсі ў кароткатэрміновай перспектыве, не прыходзіцца.


Але ж, у якасці метафары сюды падыходзіць, якраз аналогія з хворым на анкалагічнае захворванне пацыентам, а прамаруджванне часу толькі пагоршыць сітуацыю. Эфект ад дадзенага рашэння нічога не гарантуе і носіць хутчэй за ўсё доўгатэрміновы характар, і магчыма, адносіцца не толькі да рэжыму Лукашэнкі. Але і да тых, хто прыйдзе да ўлады пасля яго.

Калі паглядзець на спектр палітычных сілаў у беларускай палітыцы, то ён збольшага прадстаўлены палітыкамі з неаліберальнымі поглядамі на будучыню Беларусі. Нам цудоўна вядомы прыклад Грузіі пасля “Рэвалюцыі ружаў”. Таму прыняцце 33 параграфа дае невялікую надзею беларускім рабочым у будучыні атрымаць права на свабоднае аб'яднанне ў свае прафсаюзы і права на страйкі. Гэта дазволіць ім весці актыўную барацьбу за годны заробак і бяспечныя ўмовы працы.


Неабходна таксама ўлічыць, што прыняцце дадзенай Рэзалюцыі мае важнасць і для самой Міжнароднай арганізацыі працы. Бо колькасць краін-парушальнікаў правоў працоўных і наступныя рашэнні МАП, якія па сутнасці з'яўляюцца толькі сімвалічнымі, не спрыяюць умацаванню пазіцыі самай уразлівай групы ў свеце – працоўных.


Таму ўзнікае слабая надзея на тое, што прыклад з прымяненнем 33 артыкула ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі стане прыкладам і для іншых парушальнікаў канвенцый – Калумбіі, Егіпта, Філіпін, М'янмы, Турцыі, Бангладэш іншых краін.


Гэтая сітуацыя ўяўляецца як унікальны момант у гісторыі МАП, калі арганізацыя, нарэшце, мае магчымасць не толькі выносіць рэкамендацыі краінам, але і аказваць рэальны ўплыў на абстаноўку ў галіне міжнародных працоўных правоў.


Аўтар: Піліп Стары


Read this text in eng or рус

bottom of page