top of page
Search

27 гадоў барацьбы: МАП пачынае прымус ураду Беларусі да выканання працоўных стандартаў

У лістападзе 2022 года Адміністрацыйная рада Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) прыняла рашэнне аб пачатку прымусу кіраўніцтва Беларусі да выканання міжнародных абавязкаў у сферы працоўных правоў. Для гэтага кроку МАП спатрэбілася два дзясяткі гадоў.


European trade union leaders demanded the release of the Belarusian trade union activists
Фота: geneva.mfa.gov.by

Няхай прапагандысты Лукашэнкі і заяўляюць пра палітычную падаплёку прынятага рашэння, усё ж варта нагадаць, што гэтаму рашэнню папярэднічала працяглая гісторыя.



Пастаянны парушальнік канвенцый


Першы прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка быў абраны ў 1994 годзе. З большага за яго тады галасавала працоўныя, паколькі ён пазіцыянаваў сябе як "свой чалавек з народа". Аднак, ужо ў самым пачатку яго прэзідэнцтва, яго адносіны з работнікамі, якія аб'ядналіся ў прафсаюзы, не заладзіліся.



Ужо праз год яго першага тэрміна ў жніўні 1995 года ў краіне ўспыхнула сур'ёзная забастоўка работнікаў грамадскага транспарту. Сярод страйкоўцаў былі работнікі Мінскага метрапалітэна і Гомельскія кіроўцы тралейбусаў. Патрабаванні былі эканамічнага характару.


Паралізаваная сталіца, вельмі засмуціла прэзідэнта, таму ім былі зроблены жорсткія меры па яе падаўленню: стральба ў паветра, выкраданне лідараў забастоўкі, масавыя звальненні з выкарыстаннем расійскіх штрэйкбрэхераў. Для прафсаюза, які арганізаваў забастоўку, быў выдадзены спецыяльны Указ прэзідэнта аб прыпыненні яго дзейнасці. У той час Свабодны прафсаюз Беларускі(СПБ), быў адным з найбуйнейшых незалежных прафсаюзаў у краіне.


Менавіта гэта і стала прычынай першай скаргі працоўных на ўрад Беларусі ў Міжнародную арганізацыю працы (МАП) і першай, супраць урада Беларусі, Справы - №1849. За першай справай рушыла ўслед другая - №1885. Скарга на дзеянні ўрада Лукашэнкі была пададзена Міжнароднай канфедэрацыяй свабодных прафсаюзаў (МКСП) у 1996 годзе. Прычынай стала высылка з краіны прафсаюзных работнікаў польскага прафсаюза "Салідарнасць" падчас іх наведвання СПБ, а таксама судовы пераслед лідараў СПБ за ўдзел у прафсаюзным сходзе.


Як ні дзіўна, тады гэтая рэакцыя МАП падзейнічала на неакрэплы аўтарытарны рэжым; і праз год дзейнасць СПБ была адноўленая. Аднак пасля гэтага выпадку прафсаюз так і не здолеў аднавіцца поўнасцю. Здавалася б, гэты выпадак стаў урокам для кіраўніцтва краіны, але не.


Перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі Лукашэнка выдае Дэкрэт № 2 ад 26 студзеня 1999 года "Аб некаторых мерах па рэгуляванні дзейнасці палітычных партый, прафсаюзаў і іншых грамадскіх аб'яднанняў", які значна ўскладняў рэгістрацыю прафсаюзных арганізацый.

Сітуацыя яшчэ больш пагоршылася пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2001 годзе, у якіх галоўным апанентам Лукашэнкі стаў старшыня найбуйнейшай прафсаюзнай федэрацыі – ФПБ Уладзімір Ганчарык.


Уладзiмiр Ганчарык (справа) / Фота: naviny.by

Пасля выбараў улады вырашылі падпарадкаваць сабе найбуйнейшую грамадскую арганізацыю ў рэспубліцы, якая аб'ядноўвала на той момант 4,5 мільёна працоўных. Для таго каб зрабіць кіраўніцтва прафсаюзаў больш згаворлівым, былі ўведзены абмежаванні па безнаяўным пераводзе ўзносаў. Па сутнасці, гэтымі мерамі Лукашэнка паралізаваў фінансавую дзейнасць ФПБ. Пасля чаго зладзіў чыстку федэрацыі ад яго апанентаў. На пасады ў рэспубліканскіх прафсаюзах былі прызначаны лаяльныя яму людзі, а кіраўніком ФПБ стаў Леанід Козік, які раней быў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.


Да гэтага моманту ў МАП ужо паступілі скаргі, як ад прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу, якія ўваходзяць у ФПБ – Беларускі прафсаюз, Прафсаюз работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання, Прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Так і ад альтэрнатыўнага ФПБ прафцэнтра - Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП). Супраць урада Беларусі была заведзеная чарговая справа МАП - № 2090.


Пасля некалькіх гадоў расследаванняў у ліпені 2004 года камісія МАП завяршыла падрыхтоўку даклада "Прафсаюзныя правы ў Беларусі". Па яе выніках былі выпрацаваны 12 рэкамендацый ураду краіны аб прыняцці мер, накіраваных на ўдасканаленне заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі ў галіне свабоды аб'яднання і правоў прафсаюзаў. Беларусь мусіла іх выканаць да 1 чэрвеня 2005 года.


Цуду не адбылося. За невыкананне рэкамендацый Беларусь была пакараная ў 2007 годзе, выключэннем з сістэмы гандлёвых прэферэнцый, што прадстаўляюць зніжкі на мытныя тарыфы пры экспарце тавараў у ЕС.

Увасабленне рэкамендацый МАП у жыццё расцягнулася на 15 гадоў. Міністэрства працы Беларусі імітавала прагрэс выканання рэкамендацый і сацыяльнага дыялогу ў краіне, а ў гэты момант ціха знішчала незалежныя прафсаюзныя арганізацыі.


Фота: geneva.mfa.gov.by

Гэтаму садзейнічаў як Дэкрэт №2, так і Дэкрэт №29. Апошні дэкрэт, па сутнасці, запусціў кампанію па татальнаму пераводу працоўных з бестэрміновых працоўных кантрактаў на кароткатэрміновыя, якія маглі не працягвацца наймальнікам у аднабаковым парадку.


Больш за 95% працоўных перайшлі на гэтую форму найму, што дазволіла спыняць любую актыўнасць працоўных на працоўных месцах. А па сутнасці, паралізавала развіццё і паўнавартасную дзейнасць дэмакратычных прафсаюзаў, якія страчвалі колькасць членаў і прадстаўнічасць на прадпрыемствах.



Ва ўсе цяжкія


Дыктатарскі рэжым у Беларусі баіцца працоўнага руху і тым больш яго ўмацавання. Падаўленне правоў працоўных і парушэнні канвенцый МАП наўпрост звязаныя з жаданнем захаваць поўны кантроль над эканамічнай уладай у краіне.

Методыка павольнага ўдушэння прафсаюзаў і немагчымасць рэгістрацыі новых структур прывялі да таго, што да 2019 года адзінай шматлікай дэмакратычнай прафсаюзнай арганізацыяй у краіне засталася першасная арганізацыя Беларускага Незалежнага Прафсаюза на ААТ "Беларуськалій", якая аб'ядноўвала больш за 4000 работнікаў. Праз некалькі гадоў і яна была ліквідаваная.


Усе факты парушэння правоў працоўных фіксаваліся Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў і накіроўваліся ў МАП. Справа №2090 папаўнялася новымі выпадкамі парушэння Канвенцый №87 і 98.


Але, падставай для ўключэння Беларусі ў «спіс парушальнікаў» сталі выдадзеныя Лукашэнкам дэкрэты - №1 і №3, прысвечаныя так званым "дармаедам", а таксама дэкрэт №29 "Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны". Сваімі дзеяннямі ўлада дадаткова парушыла Канвенцый МАП №105 "Аб забароне прымусовай працы", №122 "Аб усеагульнай занятасці", № 95 "Аб абароне заработнай платы". Гэта ўжо выглядала як адкрыты выклік міжнароднай арганізацыі, дэманстратыўнае грэбаванне міжнароднымі і канстытуцыйнымі нормамі.


Вынікам гэтага стала ўнясенне Беларусі ў пашыраны спіс парушальнікаў канвенцый МАП, а пазней і ў своеасаблівы топ-25 найбольш заўзятых парушальнікаў правоў працоўных. У гэтай кампаніі таксама аказаліся Кітай, М'янма, Калумбія, Зімбабвэ, Казахстан і іншыя дзяржавы.

Падаць ніжэй не было куды; але ўрад Беларусі непрыемна здзівіў. Новы віток рэпрэсій распачаўся падчас чарговых прэзідэнцкіх выбараў і масавых мірных пратэстаў у жніўні 2020 года.


Фота: Alyaksandr Vasyukovich / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Акрамя масавых звальненняў прафсаюзных актывістаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, супраць іх выкарыстоўваліся адміністрацыйныя арышты і затрыманні са збіццём. Ключавым момантам стаў пачатак шырокамаштабнай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны ў лютым 2022 года.


Кіраўніцтва БКДП адкрыта заявіла аб сваёй антываеннай пазіцыі і запатрабавала вываду арміі Расіі з тэрыторыі Украіны і Беларусі. У красавіку і траўні КДБ правёў масавыя ператрусы ў офісах і кватэрах прафсаюзных лідараў.

Была канфіскавана тэхніка, абсталяванне, асабістыя рэчы. Затрыманы некалькі дзясяткаў лідараў і актывістаў БНП, СПМ, СПБ, РЭП і кіраўніцтва БКДП. Гэтага падалося для іх недастаткова і праз некалькі месяцаў пасля арыштаў, з дапамогай Генеральнай пракуратуры і Вярхоўнага суда Беларусі, былі ліквідаваныя дэмакратычныя прафсаюзы ў краіне, якія заставаліся да гэтага часу.


Пратэст з боку МАП і міжнароднага працоўнага руху не прывёў да вызвалення або да змякчэння прысуду для прафсаюзных актывістаў. Генеральны дырэктар МАП Гай Райдэр накіраваў ліст Лукашэнку, у якім заклікаў яго выпусціць на волю шасцярых прадстаўнікоў прафсаюзаў, затрыманых за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Адказу не было.


Праз некалькі месяцаў, фактычна ўсе прафсаюзныя лідары былі асуджаныя і прыгавораныя да крымінальных тэрмінаў. Некаторыя, як кіраўніцтва прафсаюза РЭП, былі асуджаныя на 9 гадоў пазбаўлення волі. Арышты і прысуды лідарам беларускіх прафсаюзаў, па сутнасці і сталі той ключавой падзеяй, якая падштурхнула Адміністрацыйную раду МАП прыняць рашэнне па прымяненні да Беларусі 33 артыкула Статута МАП.



Чаго чакаць Беларусі?


Варта нагадаць, што МАП на працягу ўжо 100 гадоў распрацоўвае і ўстанаўлівае міжнародныя працоўныя стандарты. Дзяржавы добраахвотна ратыфікуюць Канвенцыі і тым самым абавязваюцца выконваць іх. Яшчэ ў 1956 годзе БССР ратыфікавала канвенцыі №87 і №98, якія гарантуюць работнікам права на аб'яднанне, а таксама заключэнне калектыўнай дамовы.


Калі ж узятыя на сябе абавязкі не выконваюцца, МАП рэкамендуе іх прытрымлівацца. Калі ўгаворы ні да чаго не прывялі, «то Адміністрацыйная рада можа рэкамендаваць Канферэнцыі такія дзеянні, якія ён палічыць мэтазгоднымі для забеспячэння выканання гэтых рэкамендацый», - гаворыцца ў Статуце гэтай арганізацыі.


МАП не можа самастойна ўздзейнічаць на парушальнікаў міжнародных нормаў, але можа звярнуцца да ўсіх членаў арганізацыі паўплываць на краіну парушальніка, напрыклад - перагледзеўшы з ёй эканамічныя або дыпламатычныя адносіны.

Такой было зроблена з урадам М'янмы ў 2000 годзе. Заходнія краіны тады разарвалі ўсе гандлёвыя і эканамічныя адносіны з вайсковым рэжымам у гэтай краіне. Напрыклад, санкцыі ЗША ўключалі забарону на імпарт м'янманскай прадукцыі ў краіну, забарону на інвестыцыі ў М'янму і забарону на экспарт тавараў і паслуг у М'янму з ЗША.


Фота: myanmaplatform.com

Але гандаль з М'янмай спыніў далёка не ўвесь свет, з ім працягнулі супрацоўнічаць суседнія Кітай, Тайланд і іншыя дзяржавы. Вонкавы гандаль М'янмы нават вырас у абсалютных лічбах, але санкцыі нанеслі моцны ўдар па некаторых сектарах эканомікі, напрыклад, па вытворчасці тэкстылю. Санкцыі таксама прымяняліся да былой Югаславіі, Кітая, Камбоджы, ПАР. Яны не заўсёды прыводзілі да выканання патрабаванняў МАП, але відавочна не ўмацоўвалі рэжымы тых краін, да якіх прымяняліся.


Якое ж будзе прынятае рашэнне залежыць ад волі і жадання дзяржаў членаў МАП. Яно залежыць ад шматлікіх фактараў, у тым ліку ад характару і цяжару парушэнняў, палітычных і эканамічных інтарэсаў краін-членаў і іншыя акалічнасцяў. Магчыма гэтыя рашэнні змогуць паўплываць на лёс 30 беларускіх прафсаюзных актывістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні, а беларускі прыклад стане настаўленнем для астатніх парушальнікаў працоўных правоў.


Aўтар: Philip Stary

bottom of page