top of page
Search

«Зрабіць як мага больш усяго, каб асуджаны пакутаваў»

  • Writer: Salidarnast Belarus
    Salidarnast Belarus
  • 5 days ago
  • 2 min read

Лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, экс-палітвязень Аляксандр Ярашук быў у няволі амаль 3,5 гады. Пра СІЗА на Валадарскага згадвае: было зразумела, што вязніца дажывае свой век, і ніхто нічога рамантаваць не збіраецца. «Салідарнасць» паразмаўляла з былымі палітычнымі вязнямі пра месцы і ўспаміны, якія не адпускаюць нават пасля вызвалення.



— Канешне, ніякіх іншых успамінаў, акрамя негатыўных, быць не магло. Турэмная сістэма, якая захавалася на Беларусі, відавочна ГУЛАГаўская. Мала што ёсць пастаяннага ў сённяшняй беларускай дзяржаве, але сістэма пакаранняў нязменна грунтуецца на прынцыпе: зрабіць як мага больш усяго, каб асуджаны пакутаваў. А ствараць умовы, каб вязні хаця хадзілі па чыстых сухіх калідорах, — такога пытання нават узнікнуць не магло.


Не памятаю выпадку, каб ты ішоў у душ, а пад нагамі суха: заўсёды заліта, пытанне толькі, больш вады ці менш.


Дадавала змрочных думак і тое, што ідучы тунэлю-»падлодцы», ты чуў расказы, што літаральна ў некалькіх кроках памяшканні, дзе ладзілі расстрэлы. Міжволі перад вачамі паўставалі відовішчы апошняга шляху асуджаных да смяротнага пакарання.

Падобнае стаўленне да зняволеных, кажа былы вязень, ён бачыў і на «Валадарцы», і ў крытай турме ў Магілёве — тая будавалася ў 1950-ыя гады як псіхіятрычная лякарня, потым прерапрафілявалі ў турму, гэта ўжо шмат што кажа пра ўмовы.


— У СІЗА-4 у Магілёве адбывалася рэч, якую складана сабе ўявіць. На трэці паверх амаль не даходзіла вада, з-за чаго ўзнікала мноства праблем — за лічаныя хвіліны, адведзеныя на памыўку, зрабіць гэта было немагчыма. Пры тым — побач рака, Днепр! Мінаў год за годам, а вады так і не было. Больш за тое, калі ішоў дождж, ды з навальніцай — мы з трывогай чакалі наступстваў: унізе ўсё «тапіла» так, што водазабеспячэнне знікала зусім, на ўсіх паверхах.


photo - gazetaby.com
photo - gazetaby.com

Успаміны пра вязніцу, зазначае Аляксандр Ярашук, дагэтуль даюцца яму вельмі складана, нібы вяртаючы ў тую атмасферу — стрэсу, напружання, пакутаў.


— Не дзіва, што ў тых, хто выйшаў на волю, доўгі час губляецца на ўзнаўленне. Можа, нават і да канца жыцця той досвед цябе не пакіне.


Гэта і пра мяне таксама — турма не пакідае. Калі перапісваўся праз сацсеткі з людзьмі, з кім перасякаўся на розных турэмных маршрутах, і тыя расказвалі, маўляў, «накрывае», я думаў: з чаго б, калі павінна адпусціць. А потым сам з гэтым сутыкнуўся. Чатыры месяцы я прымаў антыдэпрэсанты, цяпер спрабую даць рады без іх.

Я не думаю, што нам цяжэй, чым тым, хто сядзеў у тых вязніцах у 1930-ыя ці 1950-ыя, пра Сталіне, пры савецкай уладзе. Магу толькі ўявіць: калі зараз, у 21 стагоддзі, такое адбываецца — то давялося вынесці гэтым людзям? Гэта жах.


Бясспрэчна, павінен наступіць момант, калі ў Беларусі ўшчыльную змоймуцца «папраўчай» сістэмай, што насамрэч азлабляе і траўмуе людзей.


І калі ў нас будуць дэмакратычныя перамены — неабходна зламаць да чортавай маці гэтую сістэму, прывесці яе да належнага стану, дзе няма ні садызму, ні здзекаў, ні гвалту над людзьмі.


Ірына Марозава

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page