У Вільнюсе адбылася сустрэча кіраўніцтва IndustriALL з беларускімі прафсаюзнымі лідарамі
- Salidarnast Belarus
- 13 hours ago
- 1 min read
Учора ў Вільнюсе адбылася сустрэча генеральнага сакратара IndustriALL Global Union Атле Хойе і намесніка генеральнага сакратара Кемаля Азкана з беларускімі прафсаюзнымі лідарамі - Генадзем Фядынічам, шматгадовым кіраўніком Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), які ўваходзіць у Industriall, і Аляксандрам Ярашуком, старшынёй Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).

Абодва прафсаюзныя лідары былі арыштаваныя ў Беларусі ў 2022 годзе і асуджаныя. Сёлета ў верасні яны былі вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі, аднак адразу пасля вызвалення незаконна дэпартаваныя ў Літву без дакументаў і сродкаў да існавання, што стала новай формай рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі.
Пад час сустрэчы размова ішла не толькі аб перажытых рэпрэсіях, але і аб адказнасці міжнароднага прафсаюзнага руху і будучыні Беларусі. Удзельнікі падкрэслілі, што аднойчы краіна зменіцца, і задакументаваныя гісторыі праследаванняў прафсаюзаў будуць мець вырашальнае значэнне для аднаўлення дэмакратычнай дзяржавы з моцнымі і незалежнымі прафсаюзамі.
IndustriALL Global Union на працягу ўсіх гадоў рэпрэсій паслядоўна ўзнімае беларускае пытанне на паседжаннях Выканаўчага камітэта, кангрэсах і міжнародных форумах. Генеральны сакратар IndustriALL Атле Хойе пацвердзіў нязменную пазіцыю арганізацыі:
«Мы будзем працягваць рабіць усё магчымае, каб падтрымліваць беларускіх прафсаюзных дзеячаў, у тым ліку тых, хто сёння вымушаны жыць у выгнанні».
Сёння каля 20 прафсаюзных лідараў і актывістаў па-ранейшаму застаюцца ў зняволенні ў Беларусі. Міжнародны прафсаюзны рух падкрэслівае: іх мужнасць не зламана, а іх барацьба за правы працоўных і дэмакратыю не забыта.





Comments