«Гэта выразны пасыл рэжыму Лукашэнкі, што ніякіх ілюзіяў міжнародны прафсаюзны рух не мае»
- Salidarnast Belarus
- 3 days ago
- 2 min read
У Брусэлі адбылося паседжанне Усееўрапейскай рэгіянальнай рады Міжнароднай Канфедэрацыі прафсаюзаў (УЕРР МКП), у парадку дня якой была сітуацыя з прафсаюзнымі палітвязнямі ў Беларусі і дзеянні міжнароднай прафсаюзнай супольнасці па іх вызваленні.

Выконваючы абавязкі старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Максім Пазнякоў у размове з «Салiдарнасцю» адзначыў, што асабліва важна было гэта абмеркаваць напярэдадні Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы, якая распачнецца ў бліжэйшы час у Жэневе, і дзе таксама будзе разглядацца сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі.
- Мы як прадстаўнікі БКДП пасля масавых арыштаў 2022 года лідараў і актывістаў незалежных прафсаюзаў вядзем кампанію ў падтрымку нашых таварышаў і іх вызваленню. А таксама дзеля таго, каб вярнуць у Беларусь права на свабоду аб'яднання ў прафсаюзы. «Прафсаюзная праца - не экстрэмізм і не злачынства» - так гучыць лозунг гэтай кампаніі.
Пасля вызвалення ў верасні гэтага года Аляксандра Ярашука і Генадзя Фядыніча было вельмі важна паказаць стаўленне міжнароднага прафсаюзнага руху да гэтай падзеі. Але наша кампанія не скончаная: за кратамі ўсё яшчэ знаходзіцца сама меней 20 нашых таварышаў, а пераследам падвяргаецца яшчэ больш.
І гэта выразны пасыл рэжыму Лукашэнкі, што ніякіх ілюзіяў міжнародны прафсаюзны рух не мае. Ужо спала эйфарыя пасля вызвалення нашых таварышаў, і ўсе ўсвядомілі, што гэта, па сутнасці, не вызваленне, а новы выдасканалены від рэпрэсій, калі людзей прымусова дэпартуюць з краіны, адабраўшы дакументы і фактычна пазбавіўшы грамадзянства, пакінуўшы без сродкаў да існавання, без магчымасці вярнуцца дамоў і карыстацца сваёй маёмасцю, банкаўскімі рахункамі і гэтак далей.
Усе гэта цудоўна разумеюць, і было вельмі важна прадэманстраваць нашу агульную гатоўнасць працягваць барацьбу за вызваленне нашых таварышаў і за тое, каб вярнуць права на свабоду аб'яднання ў Беларусі.
Усееўрапейская рэгіянальная рада Міжнароднай Канфедэрацыі прафсаюзаў (ВЕРС МКП) аб'ядноўвае 90 нацыянальных прафсаюзных цэнтраў з розных краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Дзейнасць ВЕРС МКП накіравана на садзейнічанне сацыяльнаму развіццю, кансалідацыі дэмакратыі і большаму захаванню правоў чалавека і работніка ва ўсіх краінах свету.
Read in eng or rus





Comments