top of page
Search

У Гановеры абмеркавалі рэпрэсіі супраць прафсаюзаў у Беларусі і пагрозу аўтарытарызму

1 hour ago
2 min read

У Гановеры прайшло мерапрыемства, прысвечанае палітычным рэпрэсіям у Беларусі, зняволеным прафсаюзным актывістам і ролі міжнароднай салідарнасці. Сустрэчу арганізавалі нямецкі прафсаюз IG BCE і Salidarnast e.V.



Адным з галоўных спікераў стаў старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, які сам прайшоў праз арышт і турэмнае зняволенне. Сёння ў беларускіх турмах знаходзяцца больш за 800 палітычных зняволеных, 20 з іх прафсаюзныя лідары і актывісты.


У сваім выступе Ярашук падкрэсліў значэнне міжнароднай прафсаюзнай салідарнасці і заклікаў аб’ядноўвацца: «Сілы дабра павінны аб’яднацца гэтак жа, як аб’ядноўваюцца сілы зла».



Намесніца старшыні IG BCE Біргіт Бірманн адзначыла мужнасць Аляксандра Ярашука і заявіла: «Той, хто нападае на прафсаюзы, нападае на ўсіх нас».


Яна таксама запатрабавала неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. Паводле Бірманн, салідарнасць нельга звесці да аднаго загалоўка ў СМІ ці публікацыі ў сацыяльных сетках. Салідарнасць - гэта значна больш шырокі і працяглы працэс, які не мае межаў.

Асобна яна адзначыла працу беларускіх прафсаюзных актывістаў па захаванні і падтрымцы незалежнага прафсаюзнага руху і падкрэсліла важнасць падтрымкі беларускіх калег з боку нямецкіх прафсаюзаў.


Пасля афіцыйнай часткі адбылася дыскусія з удзелам Ханеса Кюна міжнароднага сакратара IG BCE, Эрнеста Хардэра старшыня DGB у Ніжняй Саксаніі і Саксоніі-Ангальт і Аляксандра Ярашука, старшыні БКДП.


Эрнеста Хардэр DGB, Ханес Кюн IG BCE і Аляксандр Ярашук БКДП.
Эрнеста Хардэр DGB, Ханес Кюн IG BCE і Аляксандр Ярашук БКДП.

Старшыня БКДП распавёў пра ўмовы ўтрымання палітычных зняволеных у Беларусі. Паводле яго слоў, адміністрацыя месцаў пазбаўлення волі ставіцца да людзей, асуджаных за цяжкія крымінальныя злачынствы, лепш, чым да палітычных зняволеных.

Ярашук таксама адзначыў, што сваёй сённяшняй свабодай абавязаны не палітычным дамоўленасцям, а міжнароднай прафсаюзнай салідарнасці: 


«Я вольны не дзякуючы здзелкам паміж Трампам і Лукашэнка, а дзякуючы маім прафсаюзным братам і сёстрам».

Хардэр падкрэсліў, што БКДП і Salidarnast працягваюць рабіць усё магчымае дзеля вызвалення палітычных зняволеных. Ён таксама ўзгадаў як была арганізавана тэрміновая падтрымка беларускіх прафсаюзнікаў у 2022 годзе, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь, і адзначыў аператыўную рэакцыю ўладаў Брэмена.


Размова пра Беларусь адбывалася ў больш шырокім кантэксце палітычных працэсаў у Германіі, у тым ліку вынікаў выбараў у Саксоніі-Ангальт і росту падтрымкі AfD.

 

На пытанне, што прывяло Беларусь да аўтарытарызму, Аляксандр Ярашук адказаў коратка: «Усё проста — папулізм».


Доктар Хардэр, выступаючы, як гісторык і прафсаюзны лідар адзначыў, што гісторыя не паўтараецца літаральна і сённяшнюю Германію нельга параўноўваць з Веймарскай Германіяй 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Аднак, паводле яго словаў, нямецкае грамадства можа вучыцца на беларускім досведзе.

Ён падкрэсліў, што свабода патрабуе пастаяннай працы, а прафсаюзы і грамадзянская супольнасць павінны выкарыстоўваць усе даступныя інструменты для яе абароны — ад грамадскай мабілізацыі да міжнародных механізмаў, у тым ліку на ўзроўні ААН.



Асобна Хардэр звярнуў увагу на маштаб дзейнасці беларускіх прафсаюзных актывістаў: нягледзячы на невялікі памер арганізацыі, яна вядзе міжнародную працу і прадстаўляе праблемы беларускага незалежнага прафсаюзнага руху на міжнародных пляцоўках.


Аляксандр Ярашук нагадаў, што незалежныя прафсаюзы ў Беларусі ніколі не былі масавай з’явай з мільёнамі паплечнікаў. Аднак у 2020 годзе работнікі тысячамі пачалі выходзіць з ФПБ і ўсё больш людзей убачылі ў незалежных прафсаюзах рэальную альтэрнатыву.



Для Ярашука выснова застаецца нязменнай: у свеце сацыяльнай несправядлівасці незалежныя прафсаюзы неабходныя як інструмент абароны правоў і інтарэсаў работнікаў.


Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі выказалі спадзяванне, што наступная падобная сустрэча адбудзецца ў Беларусі, дзе будзе магчыма свабодна абмеркаваць прафсаюзныя пытанні і будучыню незалежнага прафсаюзнага руху.


Read in eng and ger

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page