top of page
Search

Прафсаюзы ўсяго свету патрабуюць вызвалення ганконгскага актывіста Лі Чук-яна

  • 49 minutes ago
  • 2 min read

Напярэдадні вынясення прысуду па справе Ганконгскага альянсу ў падтрымку патрыятычных дэмакратычных рухаў Кітая (Hong Kong Alliance) па абвінавачаннях, звязаных з нацыянальнай бяспекай, па ўсім свеце разгарнулася скаардынаваная кампанія салідарнасці. Быламу старшыні Альянсу і былому генеральнаму сакратару Канфедэрацыі прафсаюзаў Ганконга (HKCTU) Лі Чук-яну, а таксама былой намесніцы старшыні Альянсу Чоу Ханг-тун выстаўлены абвінавачанні ў «падбухторванні да падрыву дзяржаўнай улады». У выпадку абвінаваўчага прысуду ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Прысуд павінен быць абвешчаны ў пятніцу, 21 жніўня.


Lee Cheuk-yan // photo - hongkongfp.com
Lee Cheuk-yan // photo - hongkongfp.com

У адказ 90 прафсаюзаў з розных краін свету і розных галін аб’ядналіся з патрабаваннем неадкладнага вызвалення ганконгскіх прафсаюзнікаў. Найбуйнейшыя прафсаюзы Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Іспаніі таксама накіравалі звароты сваім міністрам замежных спраў і ў кітайскія консульствы, выказаўшы сур’ёзную занепакоенасць крымінальным пераследам актывістаў.


Савет глабальных прафсаюзаў, які базуецца ў Жэневе і прадстаўляе больш за 200 мільёнаў работнікаў па ўсім свеце, запусціў глабальную петыцыю, у якой асуджае пераслед прафсаюзных актывістаў як парушэнне фундаментальных правоў і змяшчаецца патрабаванне яго безумоўнага вызвалення.


У заяве адзначаецца, што ажыццяўленне права на сходы і аб’яднанне не з’яўляецца злачынствам, а адносіцца да асноўных правоў чалавека, абароненых Статутам ААН і міжнародным правам. Крыміналізацыя гэтых правоў, гаворыцца ў заяве, з’яўляецца «сур’ёзным парушэннем правоў чалавека і прынцыпу вяршэнства права».


Да патрабаванняў далучыліся і іншыя найбуйнейшыя міжнародныя прафсаюзныя аб’яднанні, уключаючы Міжнародную канфедэрацыю прафсаюзаў (ITUC), Інтэрнацыянал работнікаў будаўніцтва і дрэваапрацоўкі (BWI), IndustriALL Global Union, Міжнародную федэрацыю транспартнікаў (ITF), Міжнародную федэрацыю журналістаў (IFJ) і Інтэрнацыянал грамадскага абслугоўвання (PSI).


Асобна дзве найбуйнейшыя французскія прафсаюзныя канфедэрацыі — Французская дэмакратычная канфедэрацыя працы (CFDT) і Force Ouvrière (FO) — звярнуліся да міністра замежных спраў Францыі Жан-Ноэля Баро з заклікам адрэагаваць на рэпрэсіі супраць ганконгскіх прафсаюзных актывістаў і выкарыстаць дыпламатычныя каналы для ціску на Пекін з мэтай спынення сістэматычнага пераследу незалежных прафсаюзаў.


Аўстралійскі савет прафсаюзаў (ACTU) таксама звярнуўся да міністра замежных спраў Пені Вонг, падкрэсліўшы, што абарона дэмакратыі і прафсаюзных правоў не з’яўляецца злачынствам. ACTU заклікаў урад Аўстраліі запатрабаваць ад уладаў Кітая і Ганконга выканання міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, спынення крымінальнага пераследу Лі і яго неадкладнага вызвалення.


У Бразіліі прафцэнтр Central Sindical e Popular – Conlutas сумесна з 69 мясцовымі прафсаюзамі накіраваў ліст у кітайскае консульства з патрабаваннем безумоўнага вызвалення Лі і Чоу, а таксама адмены Закона аб нацыянальнай бяспецы. Аналагічныя лісты накіравалі брытанскі прафсаюз GMB і іспанская канфедэрацыя Comisiones Obreras (CCOO).


Беларускія незалежныя прафсаюзы далучаюцца да справядлівых патрабаванняў міжнароднага прафсаюзнага руху аб спыненні пераследу Лі Чук-яна і Чоу Ханг-тун і іх неадкладным вызваленні.

Сітуацыя ў Ганконгу шмат у чым сугучная таму, што адбываецца ў Беларусі, дзе прафсаюзны рух быў разгромлены ўладамі, а прафсаюзная дзейнасць і абарона свабоды аб’яднання сталі падставай для крымінальнага пераследу. У беларускіх турмах па-ранейшаму знаходзяцца дзясяткі прафсаюзных лідараў і актывістаў. Таму салідарнасць паміж незалежнымі прафсаюзнымі рухамі ў краінах, дзе свабода аб’яднання падвяргаецца сістэматычным рэпрэсіям, застаецца асабліва важнай для нас.


Read in eng and rus


Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page