На кангрэсе AFL-CIO прафсаюзы абмяркоўвалі адказ на глабальныя выклікі
- 14 minutes ago
- 2 min read
У Мінэапалісе (ЗША) адбыўся 30-ы Канстытуцыйны кангрэс Амерыканскай федэрацыі працы-Кангрэса вытворчых прафсаюзаў (AFL-CIO), які сабраў тысячы прафсаюзных лідараў і актывістаў з розных краін свету. Форум прайшоў пад лозунгам умацавання адзінства працоўнага руху ва ўмовах росту аўтарытарных тэндэнцый, нападаў на працоўныя правы і глыбокіх змен на рынку працы.

На кангрэсе дэлегаты абмеркавалі стратэгіі пашырэння прафсаюзнага членства, абароны правоў працоўных, рэагавання на наступствы развіцця штучнага інтэлекту і новых тэхналогій, а таксама ўмацавання міжнароднай салідарнасці. Асобная ўвага была нададзена ролі прафсаюзаў у абароне дэмакратычных каштоўнасцяў і грамадзянскіх свабод.
Адной з галоўных падзей стала перавыбранне Ліз Шулер і Фрэда Рэдманда на пасаду прэзідэнта і сакратара-скарбніка AFL-CIO. У сваіх выступах кіраўніцтва федэрацыі падкрэслівала, што прафсаюзны рух павінен не толькі абараняць працоўныя правы, але і выступаць важнай грамадскай сілай у барацьбе супраць няроўнасці, дыскрымінацыі і аўтарытарных практык.
У рамках кангрэса адбыўся і міжнародны сімпозіум, прысвечаны глабальным выклікам для прафсаюзаў. Яго ўдзельнікі абмяркоўвалі вопыт розных краін у супрацьдзеянні ціску на незалежныя прафсаюзы, абароне свабоды аб’яднання і падтрымцы працоўных ва ўмовах палітычных крызісаў.
- Для беларускага незалежнага прафсаюзнага руху такія міжнародныя пляцоўкі маюць асаблівае значэнне. Яны дазваляюць захоўваць увагу сусветнай прафсаюзнай супольнасці да сітуацыі ў Беларусі, дзе незалежныя прафсаюзы былі ліквідаваныя ўладамі, а дзясяткі прафсаюзных актывістаў прайшлі праз турмы і пераслед, - адзначыў Намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч.

Падчас кангрэса неаднаразова гучалі словы падтрымкі ў адрас беларускіх прафсаюзнікаў і іх барацьбы за свабоду асацыяцыі і правы працоўных. Зразумела, што шмат для прыцягнення ўвагі “зрабіла” цырымонія ўзнагароджання БКДП і працоўнага руху Мінесоты прэміяй Міні-Кіркланда. Але тэма незалежных прафсаюзаў Беларусі гучала яшчэ некалькі разоў на розных пляцоўках з’езду.
Падняў тэму змагання незалежных прафсаюзаў Беларусі на прафсаюзным івэнце на стадыёне Мінесота Вікінгс сакратар-скарбнік АФТ-КПП Фрэд Рэдманд.
Удзельнікі форуму неаднаразова падкрэслівалі, што ва ўмовах сучасных выклікаў — ад аўтаматызацыі і штучнага інтэлекту да палітычных рэпрэсій і сацыяльнай няроўнасці — міжнародная прафсаюзная салідарнасць застаецца адным з галоўных інструментаў абароны правоў чалавека і годнай працы.
Read in eng



Comments