top of page
Search

Прыём на працу з папярэднім выпрабаваннем

У юрыдычную службу "Салідарнасці" паступіла пытанне аб прыёме на працу з папярэднім выпрабаваннем.



Выпрабавальны тэрмін - гэта перыяд, калі супрацоўнік і наймальнік прыглядаюцца адзін да аднаго: правяраюць, ці спраўляецца пачатковец з абавязкамі, ці падыходзяць яму ўмовы працы.


Гэта форма працоўных адносін урэгулявана артыкулам 28 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусі.


З мэтай праверкі адпаведнасці работніка даручанай яму працы пры прыёме на працу працоўны дагавор па пагадненню бакоў можа быць заключаны з умовай папярэдняга выпрабавання, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных часткай пятай гэтага артыкула.


ВАЖНА: устанаўленне папярэдняга выпрабавання з'яўляецца правам, а не абавязкам наймальнікаў.

Тэрмін папярэдняга выпрабавання не павінен перавышаць трох месяцаў, не лічачы перыяду часовай непрацаздольнасці і іншых перыядаў, калі працаўнік адсутнічаў на працы.


Умова аб папярэднім выпрабаванні павінна быць прадугледжана ў працоўным дагаворы. Адсутнасць у працоўным дагаворы ўмовы аб папярэднім выпрабаванні азначае, што работнік прыняты без папярэдняга выпрабавання.


Папярэдняе выпрабаванне пры заключэнні працоўнага дагавора не ўстанаўліваецца для:


1) работнікаў, якія не дасягнулі васемнаццаці гадоў;

2) маладых працоўных (служачых), якія атрымалі прафесійна-тэхнічную адукацыю;

3) маладых спецыялістаў, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную, вышэйшую або адукацыю пасля ВНУ;

4) інвалідаў;

5) часовых і сезонных работнікаў;

6) пры пераводзе на працу ў іншую мясцовасць або да іншага наймальніка;

7) пры прыёме на працу па конкурсе, па выніках выбараў;

8) у іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.


Згодна з артыкулам 29 Працоўнага кодэкса кожны з бакоў мае права скасаваць працоўны дагавор з папярэднім выпрабаваннем:


1) да заканчэння тэрміну папярэдняга выпрабавання, папярэдзіўшы аб гэтым іншы бок пісьмова за тры дні;

2) у дзень заканчэння тэрміну папярэдняга выпрабавання.


Пры гэтым наймальнік абавязаны ўказаць прычыны, якія паслужылі падставай для прызнання работніка не вытрымаўшым выпрабаванні. Рашэнне наймальніка работнік мае права абскардзіць у суд.


ВАЖНА: Калі да заканчэння тэрміну папярэдняга выпрабавання працоўны дагавор з работнікам не скасаваны, то работнік лічыцца вытрымалым выпрабаванне і скасаванне з ім працоўнага дагавора дапускаецца толькі на агульных падставах.

Вы можаце звярнуцца да нас за дапамогай. Калі ў Вас ёсць канкрэтная сітуацыя і вы не знайшлі тут адказу - вось спасылка на наш чат-бот, дзе вы атрымаеце індывідуальную кансультацыю.


Леанід СУДАЛЕНКА, юрыст Salidarnast e.V. з дваццацігадовым досведам у пытаннях абароны правоў працоўных Беларусі. Былы прававы інспектар дэмакратычнага прафсаюза РЭП, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат міжнародных праваабарончых прэмій.


Read this text in рус


bottom of page