Вызначым вызначэнні
- Salidarnast Belarus
- 14 hours ago
- 2 min read
Учора, калі з’явілася новая інфармацыя і кадры з украінскімі аўтобусамі, я злавіў сябе на адчуванні дзіўнай яснасці. Магчыма, упершыню з моманту першага падобнага вызвалення палітвязняў усё стала на свае месцы.
На аўтобусах былі выразныя надпісы аб прыналежнасці да Каардынацыйнага штабу па пытаннях вяртання палонных.

Гэтая дэталь адгукнулася вельмі асабіста. Бо падчас свайго зняволення я менавіта так успрымаў і сябе, і калег па няшчасці — як палонных. Калі ты трапляеш за краты не за ўчынак, а за пазіцыю, за словы, за прафесійную або грамадскую дзейнасць, паняцце «палітвязень» паступова перастае быць абстрактным юрыдычным тэрмінам. Унутры гэта адчуваецца інакш. Гэта стан поўнай залежнасці ад чужой волі, чакання рашэнняў, якія не маюць нічога агульнага з законам у яго звыклым разуменні.
Гэтае адчуванне не знікла і пасля вызвалення. Ужо паўтара года я ўдзельнічаю ў статутных мерапрыемствах Міжнароднай арганізацыі працы, звязаных з прымяненнем артыкула 33 Статута МАП да Беларусі. Па сваёй сутнасці гэта самая жорсткая рэакцыя МАП у дачыненні да краіны, якая сістэмна, на працягу двух дзесяцігоддзяў, парушае правы працоўных і прафсаюзаў.
І кожны раз даводзіцца чуць ад прадстаўнікоў улады адну і тую ж формулу: гэта не прафсаюзнікі і не прадстаўнікі працоўных, а крымінальныя злачынцы. Гэта не проста рыторыка. Гэта спосаб вызначэння, у якім чалавек пазбаўляецца сваёй прафесійнай, грамадскай і прававой ідэнтычнасці.
На гэтым фоне асабліва ўражвае змена мовы прапаганды. Раней у падобных сітуацыях гаворка ішла пра «літасць», «гуманнасць», «жэсты добрай волі». Цяпер — ні слова. Замест гэтага з’яўляецца сухая арыфметыка: перадалі 123 чалавекі — атрымалі зняццё санкцый з калію.
І зноў усё ўпіраецца ў вызначэнні. Калі ўжываецца мова абмену, лічбаў і эквівалентаў, гэта апісвае не ўнутраны юрыдычны працэс і не акт гуманнасці. Гэта рамка, у якой чалавек фіксуецца як адзінка ў спісе, як элемент дамоўленасці. У такой логіцы слова «палон» перастае быць метафарай і становіцца дакладным апісаннем перажытага досведу.

Таму надпісы на аўтобусах не выглядалі выпадковымі. Яны супалі з тым, як гэтая рэальнасць ужо даўно апісваецца — і знутры, і звонку, і ў міжнародных залах, і за турэмнымі кратамі.
Дарэчы, і Трамп, калі гаварыў пра вызваленне беларусаў з турмаў ўжываў тэрмін “hostages“ – закладнікі. Тут нейкія іншыя словы будуць лішнія.
І пры ўсім гэтым немагчыма не сказаць галоўнага. Я, безумоўна, віншую ўсіх вызваленных і тых сяброў, якіх ведаю асабіста, — Алеся Бяляцкага, Аляксандра Фядуту, Паўла Севярынца, Максіма Сеніка, Уладзя Лабковіча. Выхад на волю пасля гадоў зняволення — гэта асобнае выпрабаванне.
Жадаю ім як мага хутчэйшага аднаўлення, вытрымкі і здароўя. Усё гэтага нам яшчэ спатрэбіцца. Ім — і ўсім нам.
Сяргей Антусевіч
Read in eng





Comments