Прафсаюзы з усяго свету выступілі ў Жэневе ў падтрымку зняволеных беларускіх актывістаў
- 10 hours ago
- 1 min read
Сёння ў Жэневе, каля помніка Broken Chair, прайшла міжнародная акцыя салідарнасці з беларускімі прафсаюзнымі палітвязнямі. Нягледзячы на праліўны дождж, дзясяткі прафсаюзных лідараў і актывістаў з розных краін свету сабраліся, каб падтрымаць тых, хто застаецца за кратамі ў Беларусі за абарону правоў работнікаў і свабоды аб’яднання.

Падчас акцыі гучалі імёны Вацлава Арэшкі, Ганны Аблаб, Аляксандра Капшуля і дзясяткаў іншых актывістаў незалежных прафсаюзаў Беларусі. Удзельнікі нагадвалі, што рэпрэсіі супраць прафсаюзнага руху ў краіне працягваюцца, а само права на незалежную прафсаюзную дзейнасць фактычна знішчана. Сёлета ў акцыі ўзяў удзел былы палітвязень і лідар БКДП Аляксандр Ярашук, які выступіў на мітынгу і падзякаваў усім, хто прыйшоў падтрымаць яго братоў і сясцёр па прафсаюзным руху.

У сваіх выступах удзельнікі акцыі падкрэслівалі, што Беларусь — не адзіная краіна, дзе незалежныя прафсаюзы сутыкаюцца з сістэмным ціскам і рэпрэсіямі. У гэты дзень таксама гучалі згадкі пра сітуацыю з правамі прафсаюзаў у М’янме, Ганконгу, В’етнаме і Іране. Асабліва важна, што ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі м’янманскіх прафсаюзаў, чыя прысутнасць стала яшчэ адным сведчаннем агульнай барацьбы работнікаў супраць дыктатуры, гвалту і знішчэння свабоды аб’яднання.

На акцыі выступілі лідары і прадстаўнікі IndustriALL, IUF, ITUC, BWI, а таксама нацыянальных і галіновых прафсаюзаў Украіны, Германіі, М’янмы, Бразіліі, Італіі і іншых краін. Шырокі міжнародны ўдзел, у тым ліку прыкметная прысутнасць прадстаўнікоў прафсаюзаў з Афрыкі, паказаў, што салідарнасць з беларускімі прафсаюзнымі актывістамі не ведае межаў.
Акцыя ў Жэневе праводзіцца штогод у дні Міжнароднай канферэнцыі працы і застаецца важнай пляцоўкай, дзе міжнародны прафсаюзны рух нагадвае: прафсаюзны актывізм — не экстрэмізм, а ўсе зняволеныя прафсаюзныя лідары і актывісты Беларусі павінны быць вызвалены.









































Comments