У Літве прайшла сустрэча вызваленых беларускіх прафсаюзаў лідараў з генсакратаром МКП
- Salidarnast Belarus
- Sep 17
- 1 min read
16 верасня ў Вільнюсе прайшла трохгадзінная сустрэча вызваленых беларускіх прафсаюзных лідараў — старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандра Ярашука і былога кіраўніка прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча — з генеральным сакратаром Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў Люкам Трыянглам.

Люк Трыянгл спецыяльна прыбыў у Вільню, каб асабіста павітаць лідараў пасля іх выхаду з турмы 11 верасня, калі ў Беларусі былі вызваленыя 52 палітвязні. Сярод іх аказаліся ключавыя фігуры незалежнага прафсаюзнага руху: Аляксандр Ярашук, прыгавораны ў 2022 годзе да 4 гадоў калоніі, і Генадзь Фядыніч, асуджаны ў 2023 годзе на 9 гадоў. Цяпер абодва знаходзяцца ў бяспецы ў Літве.
Галоўная тэма сустрэчы тычылася таго, якія крокі міжнародны прафсаюзны рух можа зрабіць для вызвалення беларускіх прафсаюзных актывістаў, якія засталіся ў зняволенні. Па дадзеных БКДП, сёння больш за 20 прафсаюзных лідараў і актывістаў усё яшчэ знаходзяцца за кратамі.
Размова была грунтоўнай і канструктыўнай: яна доўжылася больш за тры гадзіны і завяршылася ўзгадненнем праграмы дзеянняў.
Сустрэча прайшла ў офісе Літоўскай канфедэрацыі прафсаюзаў (LPSK) і аб'яднала кіраўніцтва двух нацыянальных прафцэнтраў Літвы - LPSK і Solidarumas. У ёй таксама прынялі ўдзел выканаўчы дырэктар МКП-ВЕРС Антон Лепік і Супрацоўнік аддзела па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Бюро дзейнасці працоўных (ACTRAV) Сергіюс Главацкас.
Сустрэча ў Вільні стала не толькі жэстам прафсаюзнай салідарнасці, але і важным крокам па выпрацоўцы агульнай міжнароднай стратэгіі ў абарону беларускіх прафсаюзнікаў, якія працягваюць заставацца вязнямі рэжыму Лукашэнкі.





Comments