top of page
Search

Прафсаюзныя лідары Аляксандр Ярашук і Генадзь Фядыніч вызвалены

  • Sep 12, 2025
  • 2 min read

11 верасня ў Беларусі вызвалілі 52 палітычныя зняволеныя. Сярод іх - ключавыя фігуры незалежнага прафсаюзнага руху: старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук і былы кіраўнік Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.




Аляксандр Ярашук


73-гадовы Аляксандр Ярашук узначальвае БКДП, які аб'ядноўвае чатыры незалежныя прафсаюзы: Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ), Беларускі незалежны прафсаюз (БНП) і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).


19 красавіка 2022 года ў ягоным доме і на працы прайшлі ператрусы, пасля чаго ён быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА. Першапачаткова супраць Ярашука распачалі справу па арт. 342 КК («групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак»), пазней дадалі абвінавачанне па арт. 361 КК ("заклікі да прымянення санкцый").


У снежні 2022 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў яго да 4 гадоў пазбаўлення волі. Пасля ён адбываў пакаранне ў турме №4 у Магілёве, затым у калоніі №17 у Шклове.



Генадзь Фядыніч


Генадзь Фядыніч, былы кіраўнік Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), у 2023 годзе быў асуджаны на 9 гадоў калоніі. Яго абвінавацілі па трох артыкулах: «заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі» (арт. 361 КК), «стварэнне экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-1 КК) і «распальванне варожасці» (арт. 130 КК).



Абодва прафсаюзных лідара перайшлі мяжу Літвы з Беларуссю і зараз знаходзяцца ў Вільне.


Сярод вызваленых таксама 14 замежных грамадзян: шасцёра літоўцаў, па два латвійцы, палякі і немцы, адзін француз і адзін грамадзянін Вялікабрытаніі.


Беларускі незалежны прафсаюзны рух выказвае надзею, што вызваленне Ярашука і Фядыніча стане крокам да свабоды і для іншых прафсаюзных лідараў і актывістаў, многія з якіх да гэтага часу знаходзяцца ў зняволенні за сваю дзейнасць па абароне правоў працоўных. Па стане на сёння ў месцах пазбаўлення волі застаюцца больш за 20 прадстаўнікоў прафсаюзаў.


Read in rus or eng

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page