Беларускія незалежныя прафсаюзы заявілі ў ААН аб пераследзе працоўных
- Salidarnast Belarus
- 4 hours ago
- 2 min read
29 жніўня ў Жэневе адбылася прэ-сесія па Беларусі ў рамках Універсальнага перыядычнага агляду (УПА, UPR). На мерапрыемстве ад імя Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) выступіла Марыя Жарылоўская.

УПА з'яўляецца працэдурай Рады ААН па правах чалавека, у рамках якой дзяржавы падаюць свае справаздачы аб сітуацыі з правамі чалавека, а арганізацыі грамадзянскай супольнасці - альтэрнатыўныя. Потым усе матэрыялы разглядаюцца іншымі краінамі-сябрамі ААН, і па выніках абмеркавання выпрацоўваюцца рэкамендацыі. Выніковае паседжанне па Беларусі адбудзецца ў лістападзе 2025 года, калі краіны прадставяць свае рэкамендацыі афіцыйна.
У сваёй заяве БКДП падкрэсліла, што ў Беларусі адсутнічае свабода аб'яднання ў сферы працоўных адносін. У 2022 годзе Вярхоўны суд ліквідаваў усе незалежныя прафсаюзы: Беларускі Незалежны прафсаюз (БНП), Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ), Беларускі прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і іх аб'яднанне - БКДП. Сёння ў краіне дзейнічае толькі падкантрольная дзяржаве Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), якая выконвае ідэалагічныя функцыі ўлады.
БКДП звярнула ўвагу міжнароднай супольнасці на крымінальны пераслед больш як 70 прафсаюзных актывістаў, з якіх 26 знаходзяцца ў зняволенні. Было сказана аб прызнанні ўладамі Беларусі дзясяткаў прафсаюзных дзеячаў "экстрэмістамі" і "тэрарыстамі". Аб масавых звальненнях работнікаў, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях і забастоўках 2020 года і недапушчальныя рэпрэсіі на прадпрыемствах, дзе КДБ і адміністрацыя вядуць ідэалагічны кантроль і ліквідуюць іншадумства.
Асобная ўвага ўдзелена нядобрасумленнаму супрацоўніцтву ўлад з Міжнароднай арганізацыяй працы. Беларусь больш за 20 гадоў ігнаруе рэкамендацыі Камісіі па расследаванні МАП. У 2023 годзе ўпершыню для краіны быў ужыты артыкул 33 Канстытуцыі МАП - выключны механізм ціску. У 2025 годзе прызначаны спецыяльны пасланнік МАП па Беларусі, аднак улады да гэтага часу не дэманструюць гатоўнасці да рэальнага дыялогу.
БКДП таксама задакументаваў факты прымусовай працы ў пенітэнцыярнай сістэме зняволеныя абавязаныя працаваць пад пагрозай пакарання, выконваючы цяжкую і нізкааплатную працу. А ў лячэбна-працоўных прафілакторыях (ЛПП) штогод утрымліваецца каля 8 тысяч чалавек, дзе праца таксама носіць абавязковы характар і суправаджаецца парушэннем працоўных правоў і чалавечай годнасці.
Марыя Жарылоўская ад імя дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі заклікала:
спыніць рэпрэсіі супраць працаўнікоў і прафсаюзных актывістаў, вызваліць і рэабілітаваць палітвязняў;
аднавіць незалежныя прафсаюзы;
унесці змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і замежнай дапамозе, каб забяспечыць захаванне свабоды аб'яднання;
адмовіцца ад практыкі прымусовай працы ў турмах і ЛПП;
пачаць добрасумленнае супрацоўніцтва з МАП для выканання ўсіх міжнародных абавязацельстваў.
- Чакаем, што ў рамках УПА будуць рэкамендацыі ад дзяржаў, напрамую прысвечаныя парушэнням працоўных правоў і правоў чалавека ў сферы працоўных адносін. Гэта выключна важная сфера, якая тычыцца кожнага, таму нам вельмі важна, каб на міжнародным узроўні было разуменне існуючых праблем у Беларусі і адлюстраванне палітычнай волі на іх вырашэнне з боку Беларусі як дзяржавы, якая мае адпаведныя абавязацельствы па міжнародным праве, - адзначыла Марыя. - Беларусь - краіна працавітых людзей, якія працуюць сумленна і заслугоўваюць, каб іх правы былі абаронены, а галасы - пачуты.
Выніковае паседжанне УПА па Беларусі адбудзецца ў лістападзе 2025 года. Менавіта тады дзяржавы-члены ААН прадставяць Беларусі свае рэкамендацыі, у тым ліку з улікам прапаноў грамадзянскай супольнасці.
Read in рус or eng
Comments