top of page
Search

БКДП далучыўся да заявы праваабарончай кааліцыі аб рэпрэсіях у Беларусі

35 minutes ago
2 min read

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) далучыўся да сумеснай заявы праваабарончай кааліцыі, прысвечанай ацэнцы сітуацыі з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі.



У дакуменце ад 12 кастрычніка праваабарончыя арганізацыі вітаюць вызваленне людзей, якія пераследаваліся па палітычных матывах. З ліпеня 2024 года на свабоду выйшлі каля 900 чалавек. Аднак аўтары заявы падкрэсліваюць: самі па сабе вызваленні не азначаюць дэмантажу рэпрэсіўнай сістэмы, створанай пасля 2020 года.


За апошнія шэсць гадоў у Беларусі сфармавалася сістэма падаўлення іншадумства, у якую ўключаныя сілавыя структуры, суды, пенітэнцыярныя ўстановы і іншыя дзяржаўныя органы. Рэпрэсіі даўно выйшлі за межы крымінальнага пераследу і закранаюць магчымасць чалавека вучыцца, працаваць, займацца грамадскай дзейнасцю і паўнавартасна ўдзельнічаць у эканамічным і сацыяльным жыцці.


Асобна ў заяве гаворыцца пра рэпрэсіі ў сферы працы. Пасля 2020 года палітычная нелаяльнасць стала падставай для звальненняў, прафесійных абмежаванняў і іншых формаў ціску. Адначасова ўлады ліквідавалі незалежныя прафсаюзы і крыміналізавалі частку іх дзейнасці праз заканадаўства аб «экстрэмізме».


Для БКДП гэты аспект мае прынцыповае значэнне. У 2022 годзе Вярхоўны суд ліквідаваў сам Кангрэс і незалежныя прафсаюзы, якія ўваходзілі ў яго склад. Прафсаюзныя лідары і актывісты былі асуджаныя на працяглыя тэрміны зняволення, дзясяткі людзей падвергліся крымінальнаму пераследу, а незалежнае прадстаўніцтва работнікаў унутры краіны было фактычна знішчана.


Аўтары заявы падкрэсліваюць, што формы рэпрэсій змяняюцца і становяцца менш заўважнымі, аднак даступныя даныя не сведчаць пра зніжэнне іх інтэнсіўнасці. З пачатку масавых вызваленняў у ліпені 2024 года як мінімум 3 200 чалавек сталі фігурантамі крымінальных спраў, а праваабаронцы зафіксавалі не менш за 28,5 тысячы затрыманняў, ператрусаў і іншых формаў крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.


Пры гэтым вызваленне палітзняволеных таксама не заўсёды азначае аднаўленне іх правоў. Не менш за 220 з прыкладна 900 вызваленых былі прымусова вывезеныя з Беларусі. Ціск на былых палітзняволеных працягваецца як унутры краіны, так і за яе межамі.


Праваабарончая кааліцыя заклікае беларускія ўлады вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць палітычна матываваны пераслед ва ўсіх формах і адмовіцца ад рэпрэсіўных практык у дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці, уключаючы незалежныя прафсаюзы.


Read in eng and rus

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page