top of page
Search

Беларускія незалежныя прафсаюзы ўзялі ўдзел у канферэнцыі «Салідарнасць без межаў»

23 minutes ago
2 min read

Намеснік старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Сяргей Антусевіч узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі «Салідарнасць без межаў — гістарычныя традыцыі і сучасныя выклікі», якая прайшла 30 верасня ў гістарычнай зале Гданьскай верфі.


Удзельнікі дыскусіі // photo - tysol.pl
Удзельнікі дыскусіі // photo - tysol.pl

Канферэнцыя была прымеркаваная да 45-годдзя прыняцця знакамітага «Паслання да людзей працы Усходняй Еўропы» польскай «Салідарнасці». У 1981 годзе польскія прафсаюзнікі звярнуліся да работнікаў краін камуністычнага блока са словамі падтрымкі і заклікам змагацца за свабодныя прафсаюзы і правы працоўных. Праз 45 гадоў удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі, наколькі актуальнымі сёння застаюцца ідэі міжнароднай прафсаюзнай салідарнасці.


У мерапрыемстве ўдзельнічалі прафсаюзныя актывісты, гісторыкі, палітыкі, эксперты і прадстаўнікі краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Разам з Сяргеем Антусевічам у міжнароднай дыскусіі выступілі прадстаўнікі Літвы, Венгрыі, Славеніі, Чэхіі, а таксама прадстаўнік «Рабочага Руху» Юрый Рававой. Польскія калегі адзначалі, што менавіта агульныя каштоўнасці і пачуццё ўзаемнай падтрымкі ў свой час сталі адной з галоўных сіл руху «Салідарнасць».


У якасці ганаровых гасцей былі запрошаны Іаханна і Анджэй Гвязды // photo - tysol.pl
У якасці ганаровых гасцей былі запрошаны Іаханна і Анджэй Гвязды // photo - tysol.pl

Асобнай тэмай размовы з Сяргеем Антусевічам стала важнасць салідарных дзеянняў паміж прафсаюзамі ў сітуацыі, калі незалежны працоўны рух сутыкаецца з аўтарытарызмам і палітычнымі рэпрэсіямі. Для Беларусі гэтае пытанне мае не толькі гістарычны, але і непасрэдна практычны характар. Сёння незалежныя прафсаюзы ўнутры краіны ліквідаваныя, іх лідары і актывісты падвергліся пераследу, а прафсаюзная дзейнасць фактычна выцесненая з легальнай прасторы.


Беларускі досвед паказвае, што міжнародная прафсаюзная салідарнасць становіцца асабліва важнай менавіта тады, калі нацыянальныя механізмы абароны працоўных і прафсаюзных правоў перастаюць працаваць. У такіх умовах падтрымка калег з іншых краін, сумесныя кампаніі, міжнародная адвакатаванне і пастаянная ўвага да лёсу рэпрэсаваных актывістаў становяцца аднымі з нямногіх рэальных інструментаў абароны незалежнага прафсаюзнага руху.

Як адзначалі ўдзельнікі канферэнцыі, галоўны сэнс звароту польскай «Салідарнасці» 1981 года — «Вы не адны. Перамены магчымыя» — праз дзесяцігоддзі захоўвае сваю актуальнасць.


Source: tysol.pl


Read in eng and rus

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page