LabourStart запусціў кампанію з патрабаваннем вызваліць ганконгскіх прафсаюзнікаў
Міжнародная прафсаюзная платформа LabourStart распачала глабальную кампанію з патрабаваннем неадкладнага вызвалення ганконгскага прафсаюзнага лідара Лі Чук-яна і актывісткі Чоу Ханг-тун. Кампанія стартавала 11 верасня сумесна з Міжнароднай канфедэрацыяй прафсаюзаў (ITUC), Інтэрнацыяналам работнікаў будаўніцтва і дрэваапрацоўкі (BWI), Інтэрнацыяналам адукацыі (EI), Міжнароднай федэрацыяй журналістаў (IFJ) і Hong Kong Labour Rights Monitor.

21 жніўня суд Ганконга прызнаў Лі Чук-яна і Чоу Ханг-тун вінаватымі ў «падбухторванні да падрыву дзяржаўнай улады» ў адпаведнасці з Законам аб нацыянальнай бяспецы. Справа звязаная з дзейнасцю Ганконгскага альянсу ў падтрымку патрыятычных дэмакратычных рухаў Кітая, які на працягу многіх гадоў арганізоўваў масавыя акцыі памяці ахвяр разгону пратэстаў на плошчы Цяньаньмэнь у 1989 годзе.
11 верасня суд прысудзіў Лі Чук-яну сем гадоў пазбаўлення волі. Чоу Ханг-тун атрымала сем гадоў і тры месяцы зняволення.
Лі Чук-ян — заснавальнік і лідар Канфедэрацыі прафсаюзаў Ганконга (HKCTU). Арганізацыя на працягу дзесяцігоддзяў прадстаўляла незалежны працоўны рух гэтага горада, аднак была вымушаная спыніць дзейнасць пасля ўвядзення Закона аб нацыянальнай бяспецы.
Дзейнасць Лі была звязаная з абаронай правоў работнікаў, дэмакратыі і свабоды аб’яднання. Міжнародны прафсаюзны рух разглядае яго крымінальны пераслед як удар па фундаментальных прафсаюзных і дэмакратычных правах. Раней Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў заяўляла, што абвінавачанне супраць Лі, мяркуючы па матэрыялах справы, грунтуецца на яго публічных выступах і палітычнай дзейнасці.
Беларускія прафсаюзныя актывісты далучаюцца да кампаніі LabourStart, бо добра ведаюць, што азначаюць рэпрэсіі супраць незалежнага працоўнага і прафсаюзнага руху.
У межах кампаніі LabourStart прафсаюзным актывістам і ўсім ахвотным прапануецца накіраваць зварот уладам Ганконга з патрабаваннем неадкладна вызваліць Лі Чук-яна і Чоу Ханг-тун і зняць з іх абвінавачанні. Паведамленні ўдзельнікаў кампаніі накіроўваюцца непасрэдна кіраўніку адміністрацыі Ганконга.



Comments