Беларускія работнікі застаюцца без прафсаюзаў на фоне дыскрымінацыі і прымусовай працы
У новым дакладзе, ад 14 верасня 2026 года Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілса Муйжніекса, асобная ўвага нададзеная працоўным адносінам. Дакумент прысвечаны перадусім правам жанчын і гендарнай роўнасці, аднак значная яго частка датычыцца занятасці, аплаты працы, дыскрымінацыі на працоўным месцы, становішча прафсаюзаў і прымусовай працы.

У беларускім заканадаўстве дыскрымінацыя па прыкмеце полу забароненая, аднак Спецыяльны дакладчык адзначае захаванне структурнай дыскрымінацыі. Паводле яго даных, жанчыны выконваюць у 1,7 раза больш неаплатнай хатняй працы і працы па доглядзе за дзецьмі, чым мужчыны. Гэта абмяжоўвае іх магчымасці працаўладкавання, кар’ернага росту і доступу да больш высокааплатнай працы. Гендарны разрыў у аплаце працы ацэньваецца ў 24–28%. Пры гэтым у сектары інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій заробак жанчын быў на 37,7% ніжэйшы, чым у мужчын.
Жанчыны складаюць 53% занятага насельніцтва, аднак застаюцца сканцэнтраванымі перадусім у традыцыйна нізкааплатных сектарах: на іх прыпадае 84,8% работнікаў аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння і 81,8% работнікаў адукацыі.
Даклад таксама звяртае ўвагу на адсутнасць паўнавартаснай сістэмы абароны работнікаў ад дыскрымінацыі і пераследу на працоўным месцы. Беларусь дагэтуль не ратыфікавала Канвенцыю МАП №190 аб выкараненні гвалту і дамаганняў у сферы працы. Спецдакладчык рэкамендуе ратыфікаваць як гэтую канвенцыю, так і Канвенцыю МАП №156 аб работніках з сямейнымі абавязкамі, а таксама стварыць эфектыўныя механізмы падачы скаргаў і абароны работнікаў ад сексуальных дамаганняў.
Асобнай праблемай застаюцца прафесійныя абмежаванні для жанчын. У 2022 годзе спіс забароненых прафесій быў скарочаны са 181 да 88, аднак у ААН лічаць, што астатнія забароны працягваюць абмяжоўваць роўны доступ да занятасці.
У дакладзе падкрэсліваецца падыход МАП: небяспечныя ўмовы працы павінны ліквідавацца за кошт паляпшэння аховы і бяспекі працы для ўсіх работнікаў, а не шляхам выключэння жанчын з асобных прафесій.
Палітычная лаяльнасць становіцца фактарам працаўладкавання
Асобная ўвага ў дакладзе нададзеная палітычна матываваным абмежаванням права на працу. Спецдакладчык паведамляе пра пашырэнне практыкі ідэалагічных праверак, праверкі біяграфічных даных і прафесійных забаронаў для людзей, якіх улады звязваюць з шырока трактаванымі «экстрэмісцкімі» правапарушэннямі. Такія абмежаванні закранаюць работнікаў дзяржаўнага сектара, педагогаў, юрыстаў, натарыусаў, экскурсаводаў, выдаўцоў і прадстаўнікоў іншых прафесій. Эксперты ААН лічаць такую практыку несумяшчальнай з правам на працу і прынцыпам недыскрымінацыі.

Такім чынам, магчымасць працаваць па прафесіі ў Беларусі ўсё больш можа залежаць не толькі ад кваліфікацыі работніка, але і ад яго меркаванай палітычнай лаяльнасці.
Ліквідацыя незалежных прафсаюзаў пазбавіла работнікаў абароны
Асобны раздзел даклада прысвечаны становішчу прафсаюзаў. У ім адзначаюцца адсутнасць інстытуцыйнай незалежнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, фактычна абавязковае сяброўства, асабліва ў дзяржаўным сектары, і абмежаваная здольнасць гэтай структуры дамагацца змяненняў у працоўным заканадаўстве. Усё гэта, на думку аўтара даклада, абмяжоўвае магчымасці работнікаў абараняць свае працоўныя правы.

Пасля ліквідацыі ў 2022 годзе ўсіх незалежных прафсаюзаў, уключаючы Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, сітуацыя стала яшчэ больш сур’ёзнай. У дакладзе гаворыцца, што законная прафсаюзная дзейнасць пачала крыміналізавацца праз заканадаўства аб «экстрэмізме». Прафсаюз РЭП і ініцыятыва «Рабочы Рух» былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», а дзясяткі інтэрнэт-рэсурсаў, звязаных з працоўным і прафсаюзным рухам, прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Паводле даных, прыведзеных у дакладзе, па стане на май 2026 года ў зняволенні знаходзіліся 15 прафсаюзных актывістак, сярод іх Вольга Брыцікава і Ганна Карнеенка. Яшчэ 15 жанчын былі вызваленыя, але не рэабілітаваныя. Не менш за дзесяць прафсаюзных актывістак былі ўключаныя ў спіс асоб, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці», а як мінімум дзве — у спіс «тэрарыстаў».
ААН рэкамендуе аднавіць умовы для свабоднай дзейнасці незалежных прафсаюзаў, спыніць іх крыміналізацыю і вызваліць прафсаюзных актывістак, пазбаўленых волі за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў.
Асобная праблема — прымусовая праца ў калоніях
Даклад утрымлівае і асобны раздзел пра працу жанчын у месцах пазбаўлення волі.
Спецыяльны дакладчык паведамляе, што адмова ад працы ў калоніі разглядаецца як дысцыплінарнае парушэнне і можа пацягнуць змяшчэнне ў ШІЗА, а ў асобных выпадках — і новы крымінальны пераслед.

У прыватнасці, большасць жанчын у гомельскай калоніі №4, паводле прыведзеных даных, занятыя пашывам формы і вырабам абсталявання для МУС, арміі, пенітэнцыярнай сістэмы і КДБ. Былыя зняволеныя паведамлялі пра састарэлае абсталяванне, дрэнную вентыляцыю, вытворчы пыл і хімічныя рэчывы, недахоп сродкаў абароны, празмерныя вытворчыя нормы і вытворчыя траўмы.
Памер штомесячнага ўзнагароджання, паводле даклада, можа складаць ад менш чым аднаго да прыкладна 35 еўра, прычым з гэтых грошай робяцца дадатковыя ўтрыманні. Акрамя вытворчай працы, жанчыны выконваюць і значны аб’ём неаплатнай фізічнай працы.
Спецыяльны дакладчык рэкамендуе Беларусі рэфармаваць сістэму выкарыстання працы зняволеных і ратыфікаваць Пратакол 2014 года да Канвенцыі МАП №29 аб прымусовай працы.
Даклад ААН паказвае, што праблемы беларускіх работнікаў выходзяць далёка за межы заробкаў і ўмоў працы. Гаворка ідзе пра адсутнасць незалежнага прадстаўніцтва работнікаў, дыскрымінацыю, залежнасць доступу да прафесіі ад палітычнай лаяльнасці, адсутнасць эфектыўнай абароны ад пераследу на працоўным месцы і выкарыстанне прымусовай працы.
Сярод рэкамендацый міжнароднай супольнасці Спецыяльны дакладчык асобна заклікае працягваць падтрымку незалежных беларускіх прафсаюзаў у выгнанні — праз устойлівае фінансаванне, меры абароны, умацаванне іх патэнцыялу і ўдзел у міжнародных праваабарончых механізмах.



Comments