Беларускія прафсаюзныя актывісты прынялі ўдзел у мітынгу салідарнасці з Украінай у Брэмене
- 24 hours ago
- 1 min read
У Брэмене на Рынкавай плошчы прайшоў мітынг салідарнасці з Украінай у гадавіну пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі. Расійская вайна супраць Украіны працягваецца ўжо чацвёрты год, і ў гэты дзень у цэнтры горада сабраліся жыхары, актывісты і прадстаўнікі розных арганізацый, каб падтрымаць украінцаў, якія працягваюць супраціў.

У акцыі прынялі ўдзел прафсаюзныя актывісты Salidarnast, а таксама нямецкія палітыкі і старшыня брэменскага аддзялення Нямецкай канфедэрацыі прафсаюзаў (DGB) Хрысціян Вехсельбаўм. Мітынг падтрымалі некалькі палітычных партый Германіі — СДПГ, ХДС, «Зялёныя», СвДП і больш за дзесяць грамадскіх арганізацый. Удзельнікі падкрэслівалі, што салідарнасць з Украінай — гэта не толькі гуманітарная дапамога, але і абарона еўрапейскай бяспекі, дэмакратыі і правоў чалавека.
Прысутныя гаварылі пра досвед падтрымкі Украіны за апошнія гады ад збору сродкаў і гуманітарных ініцыятыў да палітычнай і грамадскай працы.
Незалежны прафсаюзны рух Беларусі з першых дзён асудзіў агрэсію і выступае за спыненне вайны, вывад расійскіх войскаў і адказнасць за злачынствы супраць мірнага насельніцтва.
Удзел прафсаюзных актывістаў у мітынгу стаў часткай агульнай пазіцыі: вайна і рэпрэсіі ўзаемазвязаныя, а салідарнасць паміж людзьмі працы ў розных краінах застаецца адным з ключавых інструментаў супраціву аўтарытарызму і гвалту.



Comments