top of page
Search

«Жадання ваяваць ва Украіне у беларускіх рабочых няма»


У гэтым упэўнены выконваючы абавязкі старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Максім Пазнякоў, які лічыць, што ні беларусы, ані Лукашэнка не гатовыя да баявых дзеяння за інтарэсы Расіі. Але, ці хопіць гэтага, каб устрымацца ад вайны?


Protest against the war in Ukraine. Minsk, February 27. Photo: svaboda.org

Вайна для беларусаў вялічэзная фобія, аднак на ёй зараз гуляюць як рэжым Лукашэнкі, так і апазіцыйныя да яго сілы. Ні адзін з бакоў напрамую не выказваецца за вайну, але ўсе абралі бакі канфлікту. Мы паспрабавалі высветліць: што думаюць беларускія працоўныя аб вайне з Украінай?


Нядаўна Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з заклікам быць гатовымі да вайны і зрабіць усё, каб «засьцерагчы сябе і блізкіх». Трывожны зварот прымусіў усіх задацца пытаннем – з якой прычыны кабінет апазіцыйнага палітыка ўстрывожыў людзей? Няўжо ім штосьці вядома, і Беларусь будзе канчаткова ўцягнута ў вайну?


Верагодна, офіс Ціханоўскай гэтак гучна нагадаў аб сабе пасля некаторага зацішша, каб вярнуцца ў інфармацыйную павестку. Насам рэч невядома, што гэта было: піяр ход, або наяўнасць інсайду, альбо і тое і другое адначасова. Важна, што яны папалі ў галоўны нэрв беларусаў. Яго асноўную фобію.




Стабільнасць, як асноўная каштоўнасць


Стабільнасць і мір – былі асноўнымі ідэалагічнымі падмуркамі дзеючага ў Беларусі рэжыму. Перамога СССР у другой сусветнай вайне і вялізарныя людскія страты, стабільнасць і мірнае неба – усе гэта было асноўным лейтматывам дзяржаўнай прапаганды на працягу апошніх 30 гадоў. І нездарма. Асноўны аргумент прыхільнікаў Лукашэнкі, да некаторага часу, так і гучаў – абы не было вайны.


Сам жа дыктатар вельмі любіць прымерваць на сябе маску міратворца і гаранта стабільнасці. Гэтак было і ў час агрэсіі Расеі супраць Грузіі ў 2008 годзе і 2014 годзе, пад час баявых дзеянняў на Данбасе, калі Мінск граў ролю перамоўнай пляцоўкі. На адным са сваіх Народных сходаў Лукашэнка з пыхай заяўляў, што «Сусветная супольнасць разглядае Беларусь, як донара рэгіянальнай бяспекі».


Са жніўня 2020 года ды гвалтоўнага падаўлення мірных пратэстаў у Беларусі, у тым ліку з прымяненнем армейскіх падраздзяленняў, рыторыка дыктатара пачала змяняцца. Дзеля захавання ўлады і падтрымання пастаяннага тэрору, спатрэбілася абгрунтаванне мілітарызацыі краіны дзеля згуртаванне сваіх прыхільнікаў.


Дзяржаўныя СМІ пачалі выкарыстоўваць прапагандысткі штамп аб знешняй пагрозе і мілітарызацыі суседніх краін. Беларускі рэжым пачаў правакацыі на мяжы з гэтымі краінамі завозячы дзясяткамі тысяч мігрантаў з Блізкага Ўсходу. Паступова ператвараючыся з «донара рэгіянальнай бяспекі» у «донара небяспекі».


Аналітыкі тлумачылі правакацыі Лукашэнкі як спробу распальвання пагранічнага канфлікту, для адцягнення ўвагі ад праблемы легітымнасці, якая склалася ў 2020 годзе. Магчыма гэта і было мэтай дыктатара дзеля выратавання свайго палажэння. Але сітуацыя кардынальна змянілася зімой 2022 года.




Хаўруснік агрэсара


Ноччу 24 лютага падраздзяленні расійскіх войск з усіх магчымых кірункаў пачалі ракетна-бомбавы абстрэл Украіны. Найбольш шакуючым момантам тых дзён для мільёнаў беларусаў стала тое, што частка расійскіх войскаў уварвалася ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, дзе, быццам бы, знаходзілася на сумесных з беларускай арміяй вучэннях. Беларусы сталі закладнікамі персанальнага рашэння Лукашэнкі дазволіць Расіі агрэсію з тэрыторыі суверэннай краіны.


- Была злосць ад бяссілля, ад таго, што не можаш нічога зрабіць і неяк дапамагчы, - распавядае Павал, які на той час знаходзіўся і працаваў у Беларусі. - Увесь час глядзеў навіны з Украіны, усе гэтыя прылёты ракет па украінскіх гарадах выклікалі адну толькі нянавісць і злосць. Я пачаў шукаць магчымасць як дапамагчы фінансава. Пачаў данаціць ВСУ і мірным жыхарам, якім прыйшлося пакідаць свае дамы.

Protest against the war in Ukraine. Minsk. Photo: svaboda.org

Стан шоку на некалькі дзён паралізаваў нават актыўных беларусаў. Адчуванне бездапаможнасці стала асноўным для большасць грамадзян. Але гэта не замінула тысячам пратэстуючым, праз чатыры дні вайны, выйсці на антываенныя акцыі пратэсту ў Мінску. І гэта нягледзячы на тое, што ў краіне больш за год праходзілі рэпрэсіі і масавыя арышты. У той дзень 28 лютага, каля будынку Міністэрства абароны РБ, было затрымана больш за 800 чалавек.


Rail partisan Vital Melnyk

Нават пасля арыштаў беларусы не змірыліся з вайной. На беларускай чыгунцы, па якой перакідвалася расійская ваенная тэхніка, адбываліся дзясяткі актаў сабатажу. Пад час затрымання беларускіх рэйкавых партызан, прадстаўнікі карных ведамстваў прымянялі баявую зброю. Так яны прастрэльвалі калені затрыманым і дэманстравалі параненых людзей на прапагандыстскіх каналах, запужваючы іншых ахвотных на супраціў.


Да сённяшняга моманту ў Беларусі працягваецца паляванне на тых, хто выказваецца супраць вайны, скідвае інфармацыю аб перасоўванні расейскай вайсковай тэхнікі, або выкладае пасты салідарнасці з украінскім народам.


Узорным прыкладам гэтай сітуацыі стаў арышт і суд над спявачкай Мэрыем Герасіменка, якая на адным з канцэртаў выканала песню ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы». Усе ўкраінскія нацыянальныя сымбалі, як і беларускія, становяцца падставай для арышту. Таму сапраўды складваецца ўражанне, што Беларусь нягласна знаходзяцца пад расійскай акупацыяй.



Пратэст нагамі


Рэжым афіцыйна працягвае падтрымліваць Расію – свайго апошняга хаўрусніка, прадстаўляючы ўсе неабходнае для яго забеспячэння: вайсковую тэхніку, палігоны, транспартную інфраструктуру, інструктараў па падрыхтоўцы мабілізаваных. Але ў самім грамадстве адсутнічае масавая падтрымка мілітарыскага крэну Лукашэнкі. Нягледзячы на тое, што бесперапынна працуе ідэалагічная апрацоўка, што ўсе друкаваныя, тэле -радыё СМІ знаходзяцца ў руках дзяржавы. Усе адно, беларусам вайна не патрэбна.


Пры размове з намі, адзін з мінскіх бізнэсоўцаў, які зараз знаходзіцца ў Беларусі, адзначыў, што людзей падтрымліваючых вайну ён нават не бачыў:


- Сярод тых з кім меў зносіны, не бачыў ніводнага чалавека, які ўхваляе ваенныя дзеянні. Ёсць людзі, якія кажуць, што наспявала вайна, ці меркавалі, што будзе нешта. Але якія б ухваляюць вайну, такіх сярод маіх знаёмых няма.

Для многіх грамадзянаў, якія нават былі апалітычны, такая пазіцыя Лукашэнкі стала непрымальнай. Тыя, хто меў магчымасць – вырашылі іміграваць. Нават удзельнікі пратэстаў 2020 года, што працягвалі заставацца ў Беларусі, пачалі з’язджаць. Хто ня меў магчымасці атрымаць візу ў ЕС, паехалі ў Грузію, або Сярэднюю Азію. У асноўным гэта былі прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, прадстаўнікі IT-сферы.


Mobilization in Belarus. Photo: tut.by

Па дадзеных міграцыйных службаў Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны і Грузіі з 2020 па 2023 год з Беларусі выехалі больш за 100 тысяч грамадзян. Некаторыя эксперты заяўляюць, аб 300 тысячах пакінуўшых краіну. Апошняя хваля масавага выязду прыйшлася на паведамленні аб немінуючай мабілізацыі ў Беларусі.


Яўген, прадпрымальнік з Мінску, што з’ехаў некалькі месяцаў таму ў Батумі (Грузія) лічыць, што прычынай пакінуць краіну для многіх стаў комплекс праблем, але ўцягванне краіны ў вайну стала ключавым момантам:


- Вайна паўплывала, вядома. Судовай улады абсалютна няма, няма законаў, якія абараняюць людзей. Такім чынам і няма пачуцця бяспекі. Ёсць разуменне, што бізнэс твой вядзецца пакуль цябе не чапаюць, але калі зацікавяцца вядомыя органы, то можна страціць усё ці сесці ў турму. Гэта пры тым, што ты вядзеш легальны бізнэс і плаціш падаткі. Веру, што беларускі народ і вайскоўцы, ўсе ж, не ўступяць у гэты непатрэбны і бязглузды канфлікт.




Голас працоўных


Між пратэстамі 2020 года і пачаткам вайны, у Беларусі на легальным становішчы заставалася невялікая колькасць недзяржаўных арганізацый. За гэты час улады ліквідавалі каля 700 арганізацый і інцыятыў.


Адзінымі масавымі аргнізацыямі, што заставаліся у Беларусі, на той час, былі дэмакратычныя прафсаюзы. Безумоўна кіраўніцтва Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў не змагло не асудзіць агрэсараў. Таму адкрыта прызвала Расею спыніць вайну і асудзіла саўдзел беларускага рэжыму ў агрэсіі. Праз некалькі тыдняў у прафсаюзах прайшлі ператрусы, арышты, а пазней, усе незалежныя прафсаюзы былі ліквідаваны. Сёння асуджана больш за 40 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў і дзясяткі знаходзяцца у турмах.


Maksim Pazniakou. Photo: Salidarnast

Выконваючы абавязкі старшыні БКДП Максім Пазнякоў, які паспеў пакінуць Беларусь, лічыць, што для большасці беларускіх працоўных, сама тэма вайны непрымальная:

- Калі ўлічваць дадзеныя сацыялагічных даследаванняў, мы бачым, што большасць працоўных не падтрымлівае вайну. Гэта хутчэй за ўсе адбываецца з некалькіх прычын. Па-першае, уласцівае для беларусаў гістарычнае непрыняцце вайны. Мы перажылі шмат войнаў, якія прайшлі праз нашу тэрыторыю. У генетычнай памяці засталіся ўсе жахі вайны. Па-другое, гэта - жах таго, што прыйдзецца ваяваць. Няма дурняў сярод працоўных, якія гатовыя пакласці сваю галаву за не вядома што. У беларусаў няма імперскіх амбіцый. Таму у захопніцкай вайне, якую зараз вядзе Расія, беларускіх інтарэсаў няма. Па-трэцяе, гэта вельмі добрыя суседскія адносіны беларусаў з украінцамі.


Прафсаюзны дзеяч лічыць, што большасць моладзі паспрабуе пазбегнуць мабілізацыі:


- Бо гэта новае пакаленне, што выхаванае на гуманістычных прынцыпах. Пратэсты 2020 года паказалі, што грамадства супраць насілля. Людзі старэйшага ўзросту, хутчэй за ўсе, моўчкі будуць удзельнічаць у мабілізацыі, але гэта будуць вельмі дэматываваныя байцы. Я думаю, што нават прадстаўнікі рэпрэсіўнай сілавой сістэмы не матываваны і не жадаюць масава прымаць удзел у гэтай вайне. Бо, збольшага, у гэтыя структуры пайшлі людзі, каб атрымаць жыллё, танныя крэдыты і не благую, па меркам Беларусі, пенсію. Таму, калі Лукашэнка і назбірае нейкае войска, то эфектыўнасць яго будзе вельмі сумнеўным. Я ўпэўнены, што калі вайна і будзе з удзелам Беларусі, то гэта будзе вайна абарончай для уладаў Беларусі. Або, калі баявыя дзеянні перанясуцца на нашу тэрыторыю. Тады для Лукашэнкі гэта будзе абаронай яго ўлады і яго жыцця.


Ягор, работнік салігорскага прадпрыемства, лічыць, што работнікі запужаны, як і ўсё грамадства:


- Людзі хвалююцца, але пры гэтым самі сябе і супакойваюць: нас гэта не закране і нібыта Лукашэнка не рызыкне ўводзіць беларускае войска. Але пры гэтым страх пачатку вайны ўвесь час прысутнічае. А наконт удзелу Беларусі ў вайне, я не выключаю гэтага.

Аляксандр, работнік аднаго з прадпрыемстваў Гомеля лічыць, што прыхільнікаў «рускага міру» і вайны ў працоўных калектывах няшмат:


- Большая частка работнікаў асуджае пачатак вайны і ў курылках выказваецца супраць яе, але ўсе баяцца адкрыта заявіць аб сваёй пазіцыі. Бо гэта вельмі небяспечна і за асуджэнне можна паехаць, у лепшым выпадку, на суткі. Таму людзі, калі і размаўляюць на гэтую тэму, то добра выбіраюць асяроддзе, у якім пра гэта кажуць. Калі казаць пра працэнтныя суадносіны, то на мой погляд, супраць вайны недзе 85% працоўных і 15% гэта тыя, якія падтрымліваюць Расію і супраць Украіны. Чым далей усё гэта зацягваецца, тым малаверагодней, што Беларусь уцягнецца ў гэтую вайну.



Аксана, работніца прадпрыемства ў Брэсце, лічыць, што для беларусаў гэтая вайна будзе братазабойчай:


- У многіх маіх знаёмых і блізкіх ёсць сваякі ва Украіне. Муж па нацыянальнасці ўкраінец. З лютага мінулага года мы падтрымліваем украінцаў. Мы супраць вайны, развязанай Расіяй. У блізкім коле ні дня не бывае, каб не абмеркавалі ўкраінскія навіны. Маем зносіны са сваякамі адтуль. Яны нам расказваюць жудасныя рэаліі вайны.


Калегі па працы таксама супраць вайны, асуджаюць яе. Жадаюць, каб хутчэй усе скончылася. Бо ў некаторых таксама там ёсць сваякі, з якімі яны трымаюць сувязь. Зараз на працы мала чую абмеркаванняў пра вайну ва Украіне. Можа баяцца, а можа проста не жадаюць дзяліцца з людзьмі аб набалелым. Заўзятых абаронцаў Расіі ў гэтай вайне я не назірала, але яны таксама ёсць, бо калегі распавядалі.


Я больш схіляюся да таго, што Беларусь не уцягнуць у баявыя дзеянні. Усе мужчыны з майго атачэння гавораць, што не пойдуць ваяваць супраць украінцаў. Гэта цешыць і дае надзею, што беларусы не пойдуць са зброяй на чужую зямлю.

Падтрымліваючых дзеянні Расіі ва Украіне, таксама дастаткова, але паразмаўляць з імі не атрымалася. Есць і катэгорыя тых, хто гатовы са зброяй абараняць расійскія інтарэсы, але сацыёлага лічаць, што гэта даволі нешматлікая і маргінальная частка грамадства.




Сацыёлагі: тых, хто за вайну, робіцца ўсё меньш


Даследчыкі таксама паспрабавалі высветліць адносіны беларускага грамадства да ваенных падзеяў. Самыя свежыя з даследванняў былі праведзены восенню 2022 года. Да іх далучыліся "Беларуская Аналітычная Майстэрня" і «Chatham House».


Доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі агучыў, што пераважная большасць беларусаў, у тым ліку і прадстаўнікі рэжыму выступаюць супраць уводу беларускіх войскаў ва Украіну - 85% апытаных. 51% апытаных не ўхваляюць дзеянні Расіі ва Украіне, ухваляюць - амаль 40%. Больш за 50% спачуваюць Украіне і толькі 20% - Расіі. 61% працэнт апытаных не лічыць Беларусь саўдзельнікам канфлікту, 33% - лічаць.



Паводле даследавання "Chatham House", 42% беларусаў лічаць вайну ва Украіне, якую развязала Расія, бессэнсоўнай. Аб гэтым паведаміў кіраўнік беларускай ініцыятывы "Chatham House" Рыгор Астапеня.


Так, паводле апытання, колькасць тых, хто лічыць, што трэба было падтрымаць Расію пасля пачатку вайны (без уступлення ў яе Беларусі) знізілася за паўгода на 6% (з 28% да 22%). І тых, хто за вайну, робіцца ўсё меншым. Пры гэтым ідэя ўступлення Беларусі ў вайну на тым ці іншым баку як была, так і застаецца маргінальнай. Агулам прыхільнікаў уступлення Беларусі ў вайну толькі 7%. 45% беларусаў не падтрымліваюць дзеянняў Расіі. Адзначым, што поўную ці частковую падтрымку выказалі 30% рэспандэнтаў.


Апытаныя таксама лічаць, што беларускія вайскоўцы ў выпадку, калі б Беларусь вырашыла ўступіць у вайну, паспрабавалі б пазбегнуць удзелу ў ёй. У жніўні 20% рэспандэнтаў адказалі, што нашыя салдаты і афіцэры адмовіліся б ваяваць і склалі б зброю. Цікава, што калі ў красавіку дзеянні беларускіх вайскоўцаў, якія б склалі зброю, ухвалілі 42% апытаных, то ў жніўні падтрымалі такое рашэнне 49%.




Ці важна, што думаюць грамадзяне?


Можна спрачацца на конт рэпрэзентаціўнасці даследаванняў, але агульная карціна аб настроі ў грамадстве у нас складваецца. Беларусы ваяваць ня хочуць! Тым больш, прадстаўнікі рэжыму не агучваюць меркавання жыхароў краіны, хаця і маюць свае сацыялагічныя службы, якія могуць даць патрэбны для іх вынікі.


Хутчэй за ўсе, улады таксама цудоўна ведаюць аб пазіцыі падаўляючай большасці сваіх грамадзян і спрабуюць захаваць хаця б апошняе з абяццаняў рэжыму – не удзел у адкрытай вайне. Да таго ж, вайсковыя поспехі Расіі выглядаюць нетрывалымі. Таму ваяўнічая рыторыка беларускага дыктатара пачала трохі змяняцца. Тут вам і публічнае ўзгадванне ідэі пакта аб не нападзе з Украінай, а таксама, запэўніванне сваіх прыхільнікаў у тым, што планаў нападу на Украіну ў дыктатара няма:


- Сёння крычаць: "Лукашэнка хоча паслаць ва Украіну сваіх вайскоўцаў!" Ужо 1200 разоў казаў, што ў мяне такіх планаў няма. [...] Нам там - ва Украіне - рабіць няма чаго. І пасылаць ваяваць туды людзей нам няма неабходнасці.

Але ці можна сур’ёзна разглядаць гэтыя заявы? Многія памятаюць яго выказванне 2015 года, пра тое што Беларусь ніколі не будзе атакаваць Украіну. Праўда тады ён дадаў, што калі гэта не будзе пярэчыць інтарэсам краіны. Галоўны ж інтарэс Лукашэнкі – яго ўлада, якая сёння поўнасцю залежыць ад падтрымкі Пуціна. А лёс Пуціна і Расіі зараз вырашаецца ва Украіне.


Dictator Aliaksandr Lukashenka. Photo: unian.info

Таму ўсе будзе залежыць ад таго, ці спатрэбіца Расіі беларускае гарматнае мяса.


І наўрадці хтосці будзе пытацца меркавання грамадзян Беларусі. Улады гэтага не рабілі апошнія 30 гадоў. Не будуць і зараз. Тым больш, паслухмянасць - спецыфічная асаблівасць беларусаў. А вынікі зверкі колькасці ваеннаабавязанных грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прайшлі месяц таму, падцвярджаюць гэтае меркаванне. Па дадзеных Міністэрства абароны РБ, 95% ваеннаабавязаных прыйшлі ў ваенкаматы па першаму закліку.


Атрымліваецца сумная выснова. Беларусы масава не падтрымліваюць вайну і не жадаюць прымаць у ёй удзел, а іх меркаванне не ўплывае на дзеянні палітычнага рэжыму ў краіне. Бяда беларусаў – адсутнасць суб’ектнасці.


Author: Philip Stary

bottom of page