top of page
Search

Ільготы і кампенсацыі за шкодныя ці небяспечныя ўмовы працы

Заканадаўства Беларусі гарантуе работнікам, занятым ва ўмовах, якія могуць пацягнуць за сабой рызыку для здароўя, шэраг ільгот і кампенсацый. Аднак, якія менавіта правы маюць работнікі і як рэгулюецца іх атэстацыя на шкоднасць ці небяспеку прафесій?




Ільготы і кампенсацыі за шкодныя ці небяспечныя ўмовы працы


Права на кампенсацыю па ўмовах працы гарантавана артыкулам 225 Працоўнага кодэкса. У прыватнасці, работнікі, занятыя на работах са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, маюць права:


  • на аплату працы ў падвышаным памеры;

  • бясплатнае забеспячэнне лячэбна-прафілактычным харчаваннем, малаком ці раўнацэннымі харчовымі прадуктамі;

  • на аплатныя перапынкі па ўмовах працы, скарочаны працоўны дзень;

  • дадатковы водпуск;

  • на іншыя кампенсацыі, памеры (аб'ёмы) і парадак прадастаўлення якіх устанаўліваюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.


Наймальнік можа дадаткова ўстанавіць работніку па калектыўным дагаворы, пагадненні або працоўным дагаворы і іншыя, не прадугледжаныя заканадаўствам кампенсацыі за работу ў шкодных або небяспечных умовах працы.


Парадак атэстацыі шкоднасці ці небяспекі прафесій і іх зняцця


Парадак правядзення атэстацыі працоўных месцаў арганізацыямі, незалежна ад форм уласнасці і падпарадкаванасці, у тым ліку замежнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі на прадмет шкоднасці ці небяспекі вызначаны Палажэннем аб парадку правядзення атэстацыі працоўных месцаў па ўмовах працы, зацверджанай пастановай Савета Міністраў ад 22.02.2008 № 253 (у рэдакцыі Пастановы Савета Міністраў ад 3 сакавіка 2021 г. № 125).


Згодна з п.3 Палажэння для арганізацыі і правядзення атэстацыі наймальнік выдае загад, у адпаведнасці з якім:


  • зацвярджаецца склад атэстацыйнай камісіі арганізацыі, вызначаюцца яе паўнамоцтвы, назначаюцца старшыня атэстацыйнай камісіі і асоба, адказная за вядзенне і захоўванне дакументаў па выніках атэстацыі;

  • пры неабходнасці ствараюцца атэстацыйныя камісіі ў структурных падраздзяленнях;

  • устанаўліваюцца тэрміны і графік правядзення работ па атэстацыі ў арганізацыі (структурных падраздзяленнях).



Пазачарговая атэстацыя шкоднасці ці небяспекі прафесій


Пазачарговая атэстацыя (пераатэстацыя) праводзіцца ў абавязковым парадку па патрабаванні органаў дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы, а таксама на працягу шасці месяцаў пасля:


  • замены ці мадэрнізацыі вытворчага абсталявання, замены сыравіны і матэрыялаў, змены тэхналагічнага працэсу і сродкаў калектыўнай абароны;

  • рэалізацыі плана мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў працы на працоўных месцах са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы;

  • змены ўмоў працы работнікаў пры наяўнасці ініцыятывы наймальніка ці прафсаюза (прафсаюзаў) аб правядзенні атэстацыі.


Вынікі нечарговай атэстацыі (пераатэстацыі) дзейнічаюць на працягу пяці гадоў.



Атэстацыя на наваствораных працоўных месцах


Атэстацыя на наваствораных працоўных месцах праводзіцца па меры засваення вытворчых магутнасцяў у адпаведнасці з зацверджанымі праектамі аб новым будаўніцтве і рэканструкцыі аб'ектаў вытворчага прызначэння.


Загад наймальніка аб зацвярджэнні атэстацыі павінен быць выдадзены ў 6-месячны тэрмін з дня стварэння новых працоўных месцаў.


Што рабіць у выпадку адмены шкоднасці па прафесіі?


Згодна з п.12 Палажэння па выніках атэстацыі камісія мае права скласці, у тым ліку і пералік прафесій, на якіх не пацверджаны шкодныя ці небяспечныя ўмовы працы, якія даюць права на льготы і кампенсацыі, прадугледжаныя артыкулам 225 Працоўнага кодэкса.


Трэба адзначыць, што Палажэнне не рэгулюе парадак вырашэння спрэчак, якія ўзніклі, у выпадку адмены шкоднасці на рабочым месцы або па прафесіі. Такім чынам, трэба зыходзіць з агульных правілаў вырашэння працоўных спрэчак, якія працоўнае заканадаўства адрознівае як індывідуальныя (артыкул 233 Працоўнага кодэкса), так і калектыўныя (артыкул 377 Працоўнага кодэкса) працоўныя спрэчкі, аб якіх мы пагаворым у наступнай прафсаюзнай кансультацыі.


Вы можаце звярнуцца да нас за дапамогай. Калі ў Вас ёсць канкрэтная сітуацыя і вы не знайшлі тут адказу - вось спасылка на наш чат-бот, дзе вы атрымаеце індывідуальную кансультацыю.


Леанід СУДАЛЕНКА, юрыст Salidarnast e.V. з дваццацігадовым досведам у пытаннях абароны правоў працоўных Беларусі. Былы прававы інспектар дэмакратычнага прафсаюза РЭП, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат міжнародных праваабарончых прэмій.


Read this text in рус


bottom of page