Як IG Metall агітуе ў прафсаюз жыхароў Брэмерхафена з Усходняй Еўропы
- 22 hours ago
- 2 min read
7 жніўня ў Брэмерхафене прадстаўнікі мясцовага аддзялення IG Metall правялі інфармацыйны пікет, каб прыцягнуць украінскіх, беларускіх і рускамоўных жыхароў горада да прафсаюзнага руху і расказаць ім пра магчымасці абароны сваіх працоўных інтарэсаў. У акцыі таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі аб’яднання беларускіх незалежных прафсаюзаў у выгнанні.

Акцыя ў Брэмерхафене стала спробай зразумець, як размаўляць з гэтай аўдыторыяй на зразумелай ёй мове і як вярнуць самому слову «прафсаюз» яго сапраўдны сэнс — аб’яднанне работнікаў для абароны ўласных інтарэсаў.
Каля дзясятка прафсаюзных актывістаў і лідараў раздавалі інфармацыйныя матэрыялы IG Metall і размаўлялі з мінакамі. Галоўная задача была простай: растлумачыць, навошта работніку патрэбны прафсаюз і якія магчымасці дае калектыўная абарона сваіх інтарэсаў.
Арганізатарамі акцыі выступілі сакратар IG Metall Weser-Elbe Фелікс Гроэль і прафсаюзны актывіст IG Metall Іван Аўсянікаў. Мерапрыемства стала своеасаблівым эксперыментам: нямецкія прафсаюзы спрабуюць знайсці падыход да ўкраінскіх і рускамоўных работнікаў, якія часта з недаверам ставяцца да самога слова «прафсаюз».
На працягу паўтары гадзіны актывісты размаўлялі з жыхарамі горада, адказвалі на пытанні і тлумачылі, чым сапраўдны прафсаюз адрозніваецца ад звыклага для многіх постсавецкага.
Пасля пікету ў Доме прафсаюзаў Брэмерхафена адбыўся круглы стол. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовых НДА, актывісты нямецкіх прафсаюзаў IG BAU і ver.di, а таксама прафсаюзныя дзеячы з краін Усходняй Еўропы.
Адзін з лідараў Канфедэрацыі працы Расіі Алег Шэін і выканаўчая дырэктарка Salidarnast e.V. Лізавета Мерляк расказалі пра становішча з працоўнымі правамі ў сваіх краінах і пра перспектывы рабочага руху.
Сваю ацэнку сітуацыі даў і старшыня БКДП Аляксандр Ярашук. Ён адзначыў, што нізкая зацікаўленасць беларусаў ва ўступленні ў прафсаюзы шмат у чым звязаная з тым следам, які пакінула савецкая прафсаюзная сістэма. Сёння, паводле яго словаў, гэтую ж традыцыю працягвае праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, у якую адміністрацыйна загнана да 95% работнікаў краіны.
Менавіта таму для многіх выхадцаў з Беларусі, Украіны і іншых краін рэгіёна прафсаюз дагэтуль асацыюецца не з самаарганізацыяй работнікаў, калектыўнымі перамовамі і абаронай сваіх правоў, а з бюракратычнай структурай пры працадаўцы або дзяржаве.
Для нямецкіх прафсаюзаў гэта сур’ёзны выклік. У Германіі жывуць сотні тысяч работнікаў з краін Усходняй Еўропы, значная частка якіх дагэтуль застаецца па-за прафсаюзным рухам.
Акцыя ў Брэмерхафене стала спробай зразумець, як размаўляць з гэтай аўдыторыяй на зразумелай ёй мове і як вярнуць самому слову «прафсаюз» яго сапраўдны сэнс — аб’яднанне работнікаў для абароны ўласных інтарэсаў.



Comments