top of page
Search

У Берліне, Гаазе і Стамбуле патрабавалі вызвалення беларускіх прафсаюзнікаў

Учора, 20 снежня, у Берліне каля амбасады Рэспублікі Беларусь прайшла акцыя пратэсту арганізаваная Асацыяцыяй "Салідарнасць". Паралельна ёй нідэрландскі прафсаюз FNV правёў пікетаванне амбасады Беларусі ў Гаазе, а турэцкая прафсаюзная канфедэрацыя DISK правяла сваю акцыю ў цэнтры Стамбула. Удзельнікі пратэсту патрабавалі вызвалення прафсаюзных лідараў і актывістаў незалежных прафсаюзаў.


Перад амбасадай Рэспублікі Беларуса ў Берліне ўдзельнікі паставілі банеры з фатаграфіямі Андрэя Ханевіча, Генадзя Фядыніча і Аляксандра Ярашука.


У гэты дзень у Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да старшыні Асацыяцыі прафсаюзаў "Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў" (БКДП) Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча і галоўнай бухгалтаркі БКДП Ірыны Бут-Гусаім

У той жа час, у закрытым рэжыме, у Мінску праходзіць суд над актывістамі Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) - палітвязнямі Генадзем Фядынічам, Васілём Берасневым, Вацлавам Арэшкам.


Удзельнікі пікету скандавалі імёны палітвязняў і патрабавалі вызвалення прафсаюзных дзеячаў, а таксама спынення пераследу дэмакратычных прафсаюзаў. Выконваючы абавязкі старшыні БКДП Максім Пазнякоў расказаў удзельнікам акцыі аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Пра масавыя арышты, закрыццё дэмакратычных прафсаюзаў і пераслед па прафсаюзнай прыналежнасці. Пра тое, што пасля адкрытай заявы Выканкама БКДП, у якой асуджалася падтрымка рэжымам Лукашэнкі вайны РФ супраць Украіны, дзейнасць незалежных прафсаюзаў стала немагчымай.

Менавіта тэрор уладаў супраць незалежных прафсаюзаў падштурхнуў Міжнародную арганізацыю працы да прыняцця параграф 33 свайго Статута ў дачыненні да Беларусі за парушэнні правоў працоўных і прафсаюзаў.


Акрамя актывістаў "Салідарнасці" у акцыі прынялі ўдзел актывісты нямецкага аб'яднання прафсаюза DGB, а таксама прафсаюза Ver.di.


Паралельна акцыі ў Берліне лідары і актывісты нідэрландскага прафсаюзнага аб'яднання FNV правялі пікетаванне беларускай амбасады ў Гаазе.


Петра Больстэр, сябра праўлення і міжнародная сакратарка FNV лічыць судовыя працэсы супраць актывістаў бессэнсоўнымі:


«Гэта імітацыя судовага працэсу. Гэтых людзей караюць толькі за тое, што яны арганізаваліся ў незалежныя прафсаюзы, адстойваюць інтарэсы працоўных, а таксама крытыкуюць беларускіх кіраўнікоў».

Пасля завяршэння акцыі пратэсту яны перадалі ліст амбасадару з патрабаваннем вызваліць прафсаюзных лідараў, несправядліва затрыманых рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.


Адначасова з пікетаваннем пасольстваў у Германіі і Нідэрландах, найбуйнейшая канфедэрацыя турэцкіх прафсаюзаў DISK правяла акцыю пратэсту ў цэнтры Стамбула. На плошчы Свабоды Бакыркай турэцкія прафсаюзнікі разгарнулі банэр "Вызваліць заняволеных прафсаюзных актывістаў".


У Берліне, Гаазе і Стамбуле патрабавалі вызвалення беларускіх прафсаюзнікаў
DISK - найбуйнейшая канфедэрацыя турэцкіх прафсаюзаў

У адрас уладаў Беларусі былі накіраваныя дзясяткі лістоў ад прафсаюзных аб'яднанняў з усяго Свету з патрабаваннем спыніць пераслед актывістаў. А інфармацыйная кампанія Labour Start накіравала амаль 8000 патрабаванняў уладам Беларусі вызваліць прафсаюзных лідараў з турмаў.


На сённяшні дзень у Беларусі, у зняволенні знаходзяцца больш за трыццаць прафсаюзных актывістаў і лідараў. Некаторыя з іх ужо асуджаныя. Агульная колькасць палітычных зняволеных у Беларусі, заяўленая праваабарончымі арганізацыямі, на сённяшні момант складае каля паўтары тысячы чалавек.

bottom of page