У Вільнюсе абмеркавалі будучыню беларускай сістэмы аховы здароўя
25–26 верасня ў Вільнюсе прайшла канферэнцыя «Медыцына і ахова здароўя будучыні: ад бягучых праблем да новай мадэлі». Аднымі з асноўных арганізатараў выступілі Асацыяцыя Salidarnast і Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. У падрыхтоўцы мерапрыемства таксама ўдзельнічалі незалежны прафсаюз «Панацэя», Фонд медыцынскай салідарнасці, медыяпраект «Белыя халаты», «Урачы за праўду і справядлівасць».

На працягу двух дзён медыкі, даследчыкі і прафсаюзныя эксперты абмяркоўвалі праблемы, якія сёння вызначаюць стан беларускай сістэмы аховы здароўя, і магчымыя падыходы да яе будучага рэфармавання. Сярод тэм былі: турэмная медыцына, наступствы зняволення для здароўя, даступнасць медыцынскай дапамогі, падрыхтоўка кадраў, лічбавізацыя, страхавая медыцына, ахова здароўя работнікаў і досвед рэформаў у суседніх з Беларуссю дзяржавах.
Адной з ключавых задач канферэнцыі стала абмеркаванне не асобных мер, а прынцыпаў, без якіх сістэмная рэформа аховы здароўя, на думку ўдзельнікаў, немагчымая.
Урач і адзін з лідараў незалежнага прафсаюза медыкаў Станіслаў Салавей адзначыў, што праблемы сістэмы прызнаюць нават цяперашнія ўлады, аднак спробы вырашаць іх кропкава не змяняюць саму мадэль. Адной з базавых праблем ён назваў адсутнасць дакладнай статыстыкі і паводле доктара, без рэальнай карціны таго, што адбываецца, немагчыма вызначыць ні маштабы праблем, ні эфектыўнасць будучых рашэнняў.
Рэформа немагчымая без змены прававых адносін паміж доктарам і пацыентам, дэкрыміналізацыі ўрачэбнай дзейнасці ў адпаведных выпадках, незалежнай медыцынскай экспертызы і стварэння органаў прафесійнага самакіравання.
«А стандарты прымаюцца ў супольнасці прафесіяналаў. Не можа чыноўнік Міністэрства аховы здароўя вырашаць, як правільна лячыць інфаркт. Гэта павінны вырашаць практыкуючыя спецыялісты - урачы-кардыёлагі», — лічыць лідар незалежнага прафсаюза «Панацэя».
Асобна ўдзельнікі абмяркоўвалі фінансаванне аховы здароўя і перспектывы страхавой медыцыны. Салавей перасцярог ад спробаў успрымаць яе ўвядзенне як універсальнае рашэнне. Паводле яго слоў, без змены прынцыпаў прыняцця медыцынскіх рашэнняў, стандартаў лячэння і сістэмы прафесійнага кантролю новая мадэль фінансавання можа толькі ўзнавіць старыя праблемы ў іншай форме.
«Спроба хутка змяніць сістэму прывядзе толькі да катастрофы. Мы павінны стабілізаваць сітуацыю, стварыць нармальную базу і толькі пасля гэтага пачынаць рэформы», — лічыць Станіслаў.

Асобнае месца ў праграме канферэнцыі заняла сувязь паміж працай і здароўем. Намеснік старшыні БКДП Максім Пазнякоў выступіў з прэзентацыяй пра рэгуляванне працы медыцынскіх работнікаў з пункту гледжання Міжнароднай арганізацыі працы. Марыя Тарадзецкая выступіла з тэмай уплыву працоўнай нагрузкі на здароўе насельніцтва і аховы здароўя работнікаў, а Святлана Ушчапоўская пра біялагічныя прафесійныя рызыкі і новыя падыходы да аховы здароўя работнікаў.
Для Ассацыяцыі Salidarnast гэты блок мае прынцыповае значэнне: стан сістэмы аховы здароўя звязаны не толькі з правамі пацыентаў, але і з умовамі працы саміх медыцынскіх работнікаў, іх прафесійнай аўтаноміяй, бяспекай і магчымасцю абараняць свае працоўныя і прафесійныя інтарэсы.
У заключны дзень удзельнікі таксама разгледзелі досвед рэформаў аховы здароўя ў Германіі, Польшчы і Украіне, пасля чаго перайшлі да групавой працы і абмеркавання магчымых крокаў для будучай трансфармацыі беларускай сістэмы.
Канферэнцыя стала спробай перайсці ад канстатацыі назапашаных праблем да абмеркавання мадэлі аховы здароўя, у якой рашэнні грунтуюцца на дакладных даных, прафесійнай экспертызе і інтарэсах як пацыентаў, так і работнікаў сістэмы.



Comments