«Ідэалогія» з кувалдай
Уладзімір Габраў, заснавальнік прарасійскага мілітарысцкага клуба «Скіф», працуе спецыялістам службы ідэалагічнай работы, сацыяльнай і маладзёжнай палітыкі Рэчыцкага ўпраўлення тэхналагічнага транспарту, якое ўваходзіць у структуру «Беларуснафты». Паводле даных «Флагштока», гэтую пасаду ён займае як мінімум з верасня 2025 года.

Адначасова ён шмат гадоў кіруе цэнтрам спецыяльнай падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі «Скіф». «Флагшток» таксама пісаў, што ў 2022 годзе Габраў рэкламаваў набор у расійскую ПВК «Вагнер», а ў 2023-м атрымаў ад прадстаўніка гэтай структуры кувалду з яе сімволікай і зрабіў яе экспанатам музея пры Рэчыцкай раённай гімназіі. Нагадаем, што кувалда ПВК «Вагнер» стала неафіцыйным, але пазнавальным сімвалам пакаранняў смерцю і ваенных злачынстваў. Цяпер праца з ідэалогіяй і моладдзю ўваходзіць у яго афіцыйныя працоўныя абавязкі, а вобраз Габрава добра паказвае, які сэнс сёння беларускія ўлады ўкладаюць у паняцце «ідэалагічная праца» на прадпрыемствах.

Сама сістэма ідэалагічных работнікаў з’явілася яшчэ ў 2003 годзе: на прадпрыемствах і ў дзяржаўных установах Беларусі былі ўведзены пасады намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце. Такім чынам, асобная ідэалагічная вертыкаль унутры працоўных калектываў існуе ўжо больш за два дзесяцігоддзі.
Пасля пратэстаў 2020 года кантроль на буйных прадпрыемствах стаў яшчэ больш жорсткім. Разам з ідэолагамі ў многіх дзяржаўных арганізацыях з’явіліся намеснікі кіраўнікоў па бяспецы і кадрах. Расследаванні незалежных СМІ паказвалі, што такія пасады нярэдка займаюць былыя супрацоўнікі міліцыі, КДБ і іншых сілавых структур.
Напрыклад, на «Гродна Азоце» намеснікам па сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце стаў былы начальнік транспартнай міліцыі Дзмітрый Габрыэльчык, а пасады, звязаныя з бяспекай, на шэрагу буйных прадпрыемстваў занялі былыя супрацоўнікі КДБ і МУС.
Пры гэтым ідэалагічная праца паступова распаўсюджваецца ўжо не толькі на дзяржаўны сектар. Пасля прыняцця ў 2025 годзе Дырэктывы №12 улады запатрабавалі арганізоўваць такую працу і ў арганізацыях іншых формаў уласнасці.
Таму прызначэнне Габрава выглядае не выпадковым эпізодам, а часткай больш шырокай сістэмы і мілітарызацыі беларускага грамадства.



Comments