top of page
Search

На канферэнцыі ETUC заклікалі да салідарнасці ў барацьбе за вызваленне беларускіх прафсаюзнiкаў

25 траўня на 15-м Кангрэсе Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў (ETUC) Максім Пазнякоў, выконваючы абавязкі старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), звярнуўся да яе ўдзельнікаў з праніклівым заклікам да міжнароднай працоўнай салідарнасці.


На канферэнцыі ETUC заклікалі да міжнароднай салідарнасці ў барацьбе за вызваленне беларускіх прафсаюзнiкаў
Максім Пазнякоў

Перад сотнямі дэлегатаў і гасцей з дзясяткаў краін Пазнякоў у сваёй прамове ўзняў праблему сістэматычнага знішчэння прафсаюзнага руху ў Беларусі і масавых рэпрэсій, з якімі сутыкаюцца прафсаюзныя лідары і актывісты ў краіне.


«Я з Беларусі, краіны, дзе пачынаючы з 1995 года знішчаўся працоўны рух, а ў 2022 годзе ўсе незалежныя прафсаюзы былі ліквідаваныя рэжымам Лукашэнкі", - пачаў сваю прамову Пазнякоў. - "Цяпер у Беларусі 41 прафсаюзны лідар і актывіст знаходзяцца пад крымінальным пераследам, у некаторых тэрміны зняволення дасягаюць 15 гадоў. Амаль усе яны прызнаныя экстрэмістамі, а некаторыя нават тэрарыстамі! Вы толькі прадстаўце ў 21 стагоддзі, у цэнтры Еўропы прафсаюзная праца прыраўноўваецца да экстрэмізму!»



Ён адзначыў, што беларускія прафсаюзы зараз маюць патрэбу ў міжнароднай рабочай салідарнасці для вызвалення сваіх таварышаў з турмаў.


«Мы павінны выкарыстоўваць усе інструменты міжнароднай салідарнасці: падтрымліваць кампаніі, удзельнічаць у салідарных акцыях пратэсту, прымяняць міжнародныя прававыя механізмы, уключаючы артыкул 33 статута МАП у дачыненні да ўрада Беларусі!»

Беларускі прафсаюзны лідар адзначыў, што цяпер увесь працоўны рух у свеце знаходзіцца ў крызісе, і для яго выжывання неабходна вярнуцца да асноватворнага прынцыпу прафсаюзаў - міжнароднай салідарнасці.


«Прагныя транснацыянальныя карпарацыі імкнуцца атрымаць звышпрыбытак, выціскаючы апошнія рэсурсы з бедных працоўных у развіваючыхся краінах. Прадажныя ўрады, хаваючыся за клопатам аб будучыні краіны, прымаюць антыпрацоўныя законы, якія пазбаўляюць нас нашых пенсій, сацыяльнай падтрымкі і надзеі на годную старасць. Дыктатарскія рэжымы, знішчаюць прафсаюзы, падвяргаюць прафсаюзных лідараў і актывістаў пераследам і заключаюць іх у турмы, а палітычныя вар'яты развязваюць кровапралітныя войны ў імкненні задаволіць свае імперскія амбіцыі!


Таму зараз, больш чым калі-небудзь, нам неабходна быць адзінымі і салідарнымі, каб перамагчы ў нашай супольнай барацьбе за свабоду, дэмакратыю і сацыяльную справядлівасць!»

Напрыканцы выступу было паказана відэа з партрэтамі прафсаюзных вязьняў. У знак павагі да барацьбы беларускіх працоўных уся зала ўстала і апладзіравала.



Нагадаем, што ў Берліне працягваецца 15-ы Кангрэс Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў (ETUC) цягам трох дзён. Мерапрыемства сабрала каля 600 дэлегатаў, у тым ліку генеральных сакратароў або старшыняў 93 нацыянальных прафсаюзаў з 41 краіны Еўропы, 10 еўрапейскіх галіновых федэрацый прафсаюзаў, а таксама спецыяльных гасцей з Еўропы і іншых краін. На канферэнцыі выступілі: канцлер ФРГ Олаф Шольц, старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляйен і шэраг іншых палітыкаў.



Чытаць гэты тэкст па eng цi рус

bottom of page