top of page
Search

Ціханоўская нагадала ў Дубліне пра прафсаюзнага актывіста Вацлава Арэшку

3 hours ago
1 min read

Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці канферэнцыі «Ірландыя — Беларусь: нацыянальныя культурныя ідэнтычнасці», якая праходзіць у Дубліне. На папцы, з якой яна з’явілася на мерапрыемстве, быў партрэт палітзняволенага Вацлава Арэшкі — актывіста незалежнага прафсаюза РЭП.


Фота з афіцыйнай старонкі Святланы Ціханоўскай у Telegram
Фота з афіцыйнай старонкі Святланы Ціханоўскай у Telegram

Ціханоўская ўжо не ўпершыню выкарыстоўвае сваю працоўную папку, каб падчас міжнародных сустрэч нагадваць пра беларускіх палітзняволеных: на ёй рэгулярна з’яўляюцца іх фотаздымкі.


Канферэнцыю ў Дубліне арганізавалі Міністэрства замежных спраў і гандлю Ірландыі, Аб’яднаны пераходны кабінет і Офіс Святланы Ціханоўскай у межах старшынства Ірландыі ў Савеце ЕС. Удзельнікі абмяркоўваюць нацыянальную і культурную ідэнтычнасць Беларусі і Ірландыі, захаванне мовы, культуры і гістарычнай памяці.


Пазней Ціханоўская асобна распавяла ў сваіх сацыяльных сетках пра Вацлава Арэшку.


71-гадовы палітолаг, культуролаг і актывіст незалежнага прафсаюза РЭП быў затрыманы ў красавіку 2022 года падчас масавых рэпрэсій супраць незалежных прафсаюзаў. У студзені 2023 года яго асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Цяпер Арэшку ўтрымліваюць у папраўчай калоніі № 22 пад Івацэвічамі.


У зняволенні ў яго рэзка пагоршыўся зрок. Паводле апошніх паведамленняў праваабаронцаў, Арэшка цалкам аслеп. Ён практычна не можа самастойна чытаць і пісаць, а пры перамяшчэнні мае патрэбу ў дапамозе іншых зняволеных. Нягледзячы на ўзрост і стан здароўя, Вацлаў Арэшка застаецца ў зняволенні.

Партрэт прафсаюзнага актывіста на міжнароднай канферэнцыі ў Дубліне стаў яшчэ адным напамінам пра тых, хто працягвае заставацца за кратамі ў Беларусі.


Read in eng and rus

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page