top of page
Search

Муж прафсаюзнай актывісткі даведаўся падрабязнасці збіцця сваёй жонкі ў турме

«Прэс-хата», зламаная рабрына і траўма ныркі. Падрабязнасці збіцця Паліны Шарэнды-Панасюк у турме. Муж Паліны Шарэнды-Панасюк даведаўся падрабязнасці ціску на жонку ў турме.


Palina Sharenda-Panasiuk
Palina Sharenda-Panasiuk

Андрэй Шарэнда расказаў у сваім фэйсбуку, што яшчэ 7 ліпеня Паліну спэцэтапам вывезлі з СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менск. І да гэтага часу ні сямейнікам, ні адвакату не атрымалася высветліць, дзе яна.


«Толькі зараз з ананімных крыніц атрымалася высветліць нейкія падрабязнасці, што здарылася з Палінай у пачатку чэрвеня перад этапам на псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі. Адміністрацыя калоніі № 24 арганізавала для Паліны так званую „прэсхату“, падсадзіўшы да яе ў камеру ПКТ дзвюх жанчын-правакатарак. Зразумела, што знясіленая многімі месяцамі знаходжання ў ШЫЗА і ПКТ Паліна не змагла даць адпор і была моцна збіта. І так моцна, што ёй спатрэбілася шпіталізацыя ў санчастку калоніі.

Па неправеранай інфармацыі, у Паліны зламана рабрына, удар ныркі і перабіта пераноссе. Нават праз амаль тры тыдні пасля забіцця 22 чэрвеня, калі Паліну бачылі ў СІЗА № 1 на Валадарскага, у яе заставаліся шматлікія гематомы на твары і шнар на пераноссі. Нам дагэтуль нічога не вядома аб стане здароўя Паліны», — напісаў Андрэй Шарэнда.


Паліна Шарэнда-Панасюк адбывае пакаранне ў жаночай калоніі ў пасёлку Зарэчча, непадалёк ад Рэчыцы.


У 2021 годзе актывістку «Еўрапейскай Беларусі» і Беларускага прафсаюза радыёэлектронная прамысловасці (РЭП) асудзілі спачатку на 2 гады зняволення за нібыта гвалтоўныя дзеянні адносна міліцыянта і знявагу Лукашэнкі, а праз год да гэтага тэрміну ёй дадалі яшчэ 1 год нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі.


У чэрвені 2023 году Паліну Шарэнду-Панасюк, якая на той момант адмовілася ад беларускага грамадзянства, адправілі на псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі. Паводле сваякоў палітзняволенай, ад экспертызы яна адмовілася і яе этапавалі.


Паліна Шарэнда-Панасюк — маці дваіх непаўналетніх дзяцей. Паводле апошніх звестак, у заняволенні Паліна схуднела прыблізна на 18 кілаграмаў, яна пакутуе ад шэрагу захворванняў.


Source: svaboda


Read this text in eng or рус

bottom of page