Прадстаўнікі беларускіх прафсаюзаў прынялі ўдзел у з'ездзе IG BCE
- Salidarnast Belarus
- 4 hours ago
- 1 min read
В.а. старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Максім Пазнякоў і прадстаўніца асацыяцыі Salidarnast e.V. Лізавета Мерляк прынялі ўдзел у з'ездзе нямецкага прафсаюза гарнякоў, хімікаў і энергетыкаў IG BCE, які прайшоў у Германіі.

На з'ездзе быў пераабраныя старшыня арганізацыі Міхаэль Васіліядзіс і склад сакратарыята. У мерапрыемстве прынялі ўдзел вядучыя прадстаўнікі еўрапейскіх прафцэнтраў, уключаючы намесніка генеральнага сакратара IndustriALL Кемаля Озкана і прадстаўнікоў нарвежскага прафсаюза Styrke, якія падкрэслілі значэнне міжнароднай салідарнасці, у прыватнасці - падтрымку Украіны. Таксама згадвалася сытуацыя з правамі працоўных і ў нашай краіне.
Асаблівую цікавасць выклікаў міжнародны семінар IG BCE і Фонда Фрыдрыха Эберта (FES), прысвечаны пытанням карпаратыўнай адказнасці і правоў чалавека ў працоўных адносінах.

Арганізатары прадставілі новы праект - віртуальны кансультацыйны цэнтр, які дазволіць накіроўваць скаргі на парушэнні правоў работнікаў у ланцужках паставак нямецкіх кампаній, уключаючы замежныя даччыныя прадпрыемствы. Гэты механізм стане важным інструментам, у тым ліку і для беларускіх работнікаў, чые правы парушаюцца пры супрацоўніцтве з кампаніямі з Германіі.
У якасці прыкладу ўдзельнікі абмеркавалі вопыт прафсаюзаў Кеніі, якія з дапамогай аналагічнага заканадаўства дабіліся прызнання прафсаюза на прадпрыемстве даччынай кампаніі Volkswagen.

Сярод іншых тэмаў з'езда: развіццё штучнага інтэлекту, неабходнасць яго грамадскага кантролю, а таксама новая энергетычная палітыка. Адмысловая ўвага надавалася пытанням кошту і даступнасці энергіі для хімічнай прамысловасці, што напроста ўплывае на захаванне працоўных месцаў.
Нарвежскія прафсаюзы падзяліліся вопытам укаранення экалагічна бяспечных тэхналогій улоўлівання і захоўвання вугляроду (CCS), выклікаўшы жывую цікавасць нямецкіх калег. IG BCE актыўна прасоўвае гэтыя рашэнні ў рамках урадавай дыскусіі аб "зялёным пераходзе".
Удзел прадстаўнікоў беларускага прафсаюзнага аб'яднання ў з'ездзе стаў важнай магчымасцю ўмацаваць міжнародныя сувязі, абмяняцца вопытам і прадставіць пазіцыю незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі ў кантэксце глабальных выклікаў.
Read in rus or eng
Comments