"Сёння я свабодны, а мае сябры па-ранейшаму прачынаюцца ў калоніях а шостай раніцы"
Былы палітзняволены, намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — пра гадавіну свайго вызвалення.
— Тры гады свабоды, — напісаў Сяргей Антусевіч у Фэйсбуку. — Сёння прачнуўся амаль а пятай раніцы. Джэтлаг пасля пералёту праз акіян. І раптам успомніў: роўна тры гады таму я таксама прачнуўся а пятай.
31 кастрычніка 2023 года. Калонія. Да пад’ёму яшчэ гадзіна. Я ўстаў і пайшоў умывацца. Гэта быў мой апошні ранак за кратамі.
Пралік, я не іду на сняданак, нясу «вату», развітваюся з тымі, каго ў гэты час зараджаюць на промку. Слухаю з’едлівыя рэплікі аператыўніка з прозвішчам Сувораў, які абяцае «салодкае жыццё» тым, хто асмеліўся мяне ўчора праводзіць з гарбаткай.
А сёння я ў Вашынгтоне. Удзельнічаю ў мерапрыемствах Roll Call for Freedom, прысвечанага Міжнароднаму дню палітзняволеных, сустракаюся з людзьмі, распавядаю пра Беларусь, незалежныя прафсаюзы і палітвязняў.
Каля мемарыяла Лінкальна я распавёў гісторыю Вацлава Арэшкі, якога ведаю больш за 20 гадоў. Ён дагэтуль за кратамі і страціў зрок у зняволенні.
Тры гады таму я нават уявіць не мог, што буду ў Вашынгтоне і распавядаць пра сваіх калег, якія ўсё яшчэ ў турме.
Сёння я свабодны. Магу падарожнічаць, сустракацца з людзьмі, будаваць планы.
А мае сябры па-ранейшаму прачынаюцца ў калоніях а шостай раніцы. І не ведаюць, колькі яшчэ такіх раніц наперадзе.
Я памятаю твары тых, каго пакінуў за кратамі. Твары сяброў, якія мяне сустрэлі на волі, а цяпер самі з’яўляюцца палітзэкамі. Тры гады я жыву на свабодзе, а яны ўсё яшчэ там.
І больш за ўсё я хачу дачакацца раніцы, калі ўсе яны прачнуцца не ад каманды «Пад’ём!», а таму, што самі гэтага захочуць.



Comments