Рэжым вызваліў частку палітвязняў пасля перамоваў з ЗША, але прафсаюзнікі застаюцца за кратамі
- Mar 20
- 2 min read
19 сакавіка ў Мінск прыбыў спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл. Падчас яго візіту сярод іншага абмяркоўвалася пытанне вызвалення палітычных зняволеных. Пасля перамоваў стала вядома пра чарговую групу вызваленых вязняў рэжыму Лукашэнка.

Як і падчас папярэдніх візітаў амерыканскага пасярэдніка, вызваленні суправаджаліся прымусовай дэпартацыяй часткі людзей з Беларусі. Паводле наяўнай інфармацыі, у межах дамоўленасцяў, дасягнутых пры пасярэдніцтве ЗША, рэжым Лукашэнкі памілаваў 250 чалавек. З іх 235 былі вызваленыя на тэрыторыі Беларусі, не менш як 15 палітвязняў вывезлі ў Літву. Вядома таксама, што 5 вызваленых даставілі туды без пашпартоў.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў спіс вызваленых, чые імёны ўжо з’явіліся ў СМІ. Незалежныя прафсаюзы Беларусі вітаюць вызваленне людзей, якія ўвогуле не павінны былі апынуцца за кратамі. Кожнае такое вызваленне — важная і доўгачаканая падзея для саміх вязняў, іх сем’яў і ўсіх, хто дамагаецца спынення палітычных рэпрэсій у Беларусі.
У той жа час немагчыма не адзначыць, што сярод вызваленых няма прафсаюзных лідараў і актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху. Асабліва трывожна, што ў спісе няма Вацлава Арэшкі, стан здароўя якога выклікае сур’ёзныя асцярогі. Паводле наяўнай інфармацыі, ён фактычна страціў зрок у зняволенні.

70-гадовага Вацлава Арэшку затрымалі 19 красавіка 2022 года. У студзені 2023 года яго асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Сярод прад’яўленых яму абвінавачванняў быў артыкул 361-1 Крымінальнага кодэкса — стварэнне «экстрэмісцкага фармавання» і ўдзел у ім.
Такім «фармаваннем» беларускія ўлады прызналі Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, дзе Вацлаў Арэшка рэдагаваў прафсаюзны бюлетэнь.
Вацлаў Арэшка вядомы не толькі як прафсаюзны актывіст, але і як дзеяч беларускай культуры. Ён працаваў у Тэатры юнага гледача і Нацыянальным мастацкім музеі, выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, распрацаваў курс «Гісторыя і тэорыя культуры Беларусі», вёў раздзел кніжных і камп’ютарных рэцэнзій у «Нашай Ніве», рэдагаваў электронны архіў «Вытокі», удзельнічаў у ініцыятыве «Эксперты ў абарону Курапатаў» і быў ініцыятарам стварэння «Кнігі гонару Курапатаў» у памяць пра ахвяр рэпрэсій.
Пакуль за кратамі застаюцца лідары незалежных прафсаюзаў, пакуль у турмах працягваюць знаходзіцца людзі, пакараныя за права на аб’яднанне, салідарнасць і свабоднае слова, казаць пра рэальныя змены сітуацыі немагчыма.



Comments