БКДП на прафсаюзным форуме UIL у Рыме
- 2 hours ago
- 1 min read
У Рыме адбыўся буйны прафсаюзны форум, прымеркаваны да 76-годдзя Італьянскага саюза працы (UIL) — аднаго з трох найбуйнейшых нацыянальных прафцэнтраў Італіі. У мерапрыемстве ўзяў удзел Максім Пазнякоў, які прадстаўляў БКДП.

UIL аб’ядноўвае больш за 2 мільёны работнікаў і разам з CGIL і CISL уваходзіць у «вялікую тройку» італьянскіх прафсаюзаў, якія ўдзельнічаюць у перамовах з урадам і працадаўцамі. Генеральны сакратар UIL П’ерпаола Бамбард’еры адзначыў, што цяперашнія геапалітычныя ўзрушэнні наўпрост уплываюць на арганізацыю працы, вытворчыя сістэмы, ланцужкі паставак і абарону правоў працоўных. Ён падкрэсліў важнасць міжнароднага супрацоўніцтва, еўрапейскай інтэграцыі, шматбаковага падыходу і захавання нормаў міжнароднага права як ключавога інструмента пераадолення крызісаў.
Падчас форуму таксама прагучала пазіцыя UIL адносна Беларусі: італьянскі прафсаюз рашуча асуджае парушэнні правоў чалавека і прафсаюзных правоў з боку рэжыму Лукашэнкі і выказвае падтрымку беларускім прафсаюзным дзеячам, якія апынуліся ў турмах і ў выгнанні.

У размове з gazetaby.com Максім Пазнякоў падкрэсліў, што ў новай геапалітычнай рэальнасці ўсё меней краін застаюцца прыхільнымі міжнароднаму праву, а сіла ўсё часцей падмяняе дыялог. На яго думку, менавіта таму такія форумы асабліва важныя: для прафсаюзаў прынцыпова, каб сістэма міжнароднага права захоўвалася і развівалася, а правы чалавека і правы працоўных не адыходзілі на другі план.
Пазнякоў адзначыў, што падтрымка незалежных прафсаюзаў Беларусі з боку буйных еўрапейскіх прафцэнтраў, такіх як UIL, з’яўляецца важным сігналам міжнароднай салідарнасці і агульнай адказнасці за мір, гуманізм і абарону правоў работнікаў.



Comments