top of page
Search

Прадстаўнікі БКДП прынялі ўдзел у брусельскім форуме «8+100»

  • 8 hours ago
  • 1 min read

У Бруселі адбыўся форум «8+100», які аб’яднаў беларускія дэмакратычныя сілы і еўрапейскія палітычныя партыі. Па запрашэнні арганізатараў у мерапрыемстве таксама прысутнічалі прадстаўнікі Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).



Форум «8+100» — гэта пляцоўка для супрацоўніцтва паміж васьмю беларускімі дэмакратычнымі партыямі, ліквідаванымі рэжымам Лукашэнкі, і больш як сотняй еўрапейскіх палітычных партый, якія падтрымліваюць дэмакратычныя змены ў Беларусі.


Сёлета ў Бруселі абмяркоўваліся пытанні падтрымкі палітычных зняволеных, стратэгія дэмакратычных сіл і перспектывы еўрапейскай інтэграцыі Беларусі. Асаблівую ўвагу ўдзельнікі надалі агульнай сітуацыі з правамі чалавека і грамадзянскімі свабодамі ў краіне.


У размове з gazetaby.com намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч падкрэсліў, што пасля ліквідацыі незалежных прафсаюзаў і арыштаў іх лідараў у 2022 годзе ціск на грамадзянскую супольнасць, работнікаў і прафсаюзных актывістаў працягваецца.


Яўген Дзенісенка і Сяргей Антусевіч
Яўген Дзенісенка і Сяргей Антусевіч
— Сёння ў Беларусі работнікі фактычна пазбаўленыя права на незалежныя прафсаюзы. За абарону працоўных правоў людзі могуць апынуцца ў турме. Таму для нас жыццёва важна, каб еўрапейскія палітыкі чулі голас беларускіх работнікаў і працягвалі падтрымліваць барацьбу за свабоду аб’яднання і дэмакратычныя перамены ў краіне.

Прадстаўнікі БКДП выкарысталі магчымасць прысутнічаць на форуме для непасрэдных кантактаў з еўрапейскімі партнёрамі — каб данесці інфармацыю пра становішча працоўных у Беларусі, пра рэпрэсіі супраць прафсаюзнага руху і пра неабходнасць устойлівай міжнароднай падтрымкі незалежных прафсаюзаў.


Беларускія незалежныя прафсаюзы працягваюць працу ў выгнанні і разам з міжнародным прафсаюзным рухам дамагаюцца вызвалення зняволеных прафсаюзных лідараў і аднаўлення свабоды аб’яднання ў Беларусі.


Read in eng and rus

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page