top of page
Search

Прадстаўнікі беларускіх прафсаюзаў абмеркавалі ў Осла прымяненне артыкула 33 МАП

17 minutes ago
2 min read

Прадстаўнікі Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і Salidarnast e.V. прынялі ўдзел у шэрагу сустрэч у Осла, прысвечаных сітуацыі з правам працоўных на аб’яднанне ў Беларусі і выкананню рашэнняў Міжнароднай арганізацыі працы.


Удзельнік сустрэчы трымаюць партрэты зняволенага прафсаюзнага дзеяча Вацлава Арэшкі
Удзельнік сустрэчы трымаюць партрэты зняволенага прафсаюзнага дзеяча Вацлава Арэшкі

Беларускі бок прадстаўлялі намеснік старшыні БКДП Максім Пазнякоў і выканаўчая дырэктарка Salidarnast Лізавета Мерляк. Рабочы візіт праходзіў 28–30 кастрычніка разам з прадстаўнікамі незалежнага прафсаюзнага руху М’янмы — прэзідэнтам Confederation of Trade Unions Myanmar Maung Maung і прэзідэнтам Industrial Workers’ Federation of Myanmar Khaing Zar Aung.


Цэнтральнай тэмай візіту стаў артыкул 33 Статута МАП. Беларусь і М’янма знаходзяцца ў выключным становішчы: у дачыненні да абедзвюх краін МАП прымяніла адзін са сваіх найбольш сур’ёзных механізмаў праз шматгадовае невыкананне рэкамендацый камісій па расследаванні. За больш чым стагадовую гісторыю арганізацыі артыкул 33 прымяняўся ўсяго тры разы.


Сустрэча з прадстаўнікамі камітэта МАП і дзяржаўным сакратаром
Сустрэча з прадстаўнікамі камітэта МАП і дзяржаўным сакратаром

У Осла прадстаўнікі прафсаюзаў Беларусі і М’янмы прынялі ўдзел у пасяджэнні з прадстаўнікамі камітэта МАП. Гэта трохбаковы орган, у якім прадстаўлены дзяржава, прафсаюзы і наймальнікі. Менавіта выкарыстанне нацыянальных трохбаковых механізмаў для выканання рашэнняў па артыкуле 33 раней рэкамендавала дзяржавам — членам арганізацыі сама МАП.


Беларускую дэлегацыю перадусім цікавіла дыскусія пра тое, як рашэнні МАП могуць працаваць на практыцы. Незалежныя прафсаюзы ў Беларусі ліквідаваныя, частка прафсаюзных актывістаў застаецца ў турмах, іншыя падвяргаюцца крымінальнаму пераследу або вымушаныя працаваць у выгнанні. Нягледзячы на прымяненне артыкула 33, прынцыповых зменаў унутры краіны пакуль не адбылося.


29 кастрычніка адбылася і адкрытая сустрэча «Калі прафсаюзная дзейнасць становіцца злачынствам — галасы Беларусі і М’янмы», арганізаваная нарвежскай канфедэрацыяй прафсаюзаў LO ў яе цэнтры Folkets hjørne ў Осла.


У дыскусіі разам з Максімам Пазняковым і Лізаветай Мерляк удзельнічалі Maung Maung і Khaing Zar Aung, прадстаўніца аб’яднання наймальнікаў NHO Kristine Østrem Alsvig і прадстаўнік прафсаюзнага цэнтра YS Rolf Vestvik.


Панэльная дыскусія
Панэльная дыскусія

Размова датычылася не толькі становішча прафсаюзаў у Беларусі і М’янме. Удзельнікі абмяркоўвалі, чаго незалежны прафсаюзны рух чакае ад Нарвегіі і міжнароднай супольнасці і якую ролю ў рэалізацыі рашэнняў МАП могуць адыгрываць урады, прафсаюзы і наймальнікі.


Да візіту LO, YS і Unio сфармулявалі агульную пазіцыю нарвежскага прафсаюзнага руху: зняволенне прафсаюзных лідараў датычыцца не толькі саміх рэпрэсаваных арганізацый. «Калі прафсаюзных лідараў саджаюць у турму, гэта атака на ўсіх нас», — заявілі тры прафсаюзныя цэнтры, заклікаўшы Нарвегію падтрымліваць незалежныя прафсаюзы Беларусі і М’янмы «не толькі словамі, але і дзеяннямі».


Супастаўленне Беларусі і М’янмы падчас візіту было невыпадковым. У абедзвюх краінах незалежныя прафсаюзы сутыкнуліся з рэпрэсіямі, турэмнымі тэрмінамі і вымушанай эміграцыяй, а нацыянальныя ўлады працягваюць аспрэчваць або ігнараваць патрабаванні кантрольных органаў МАП.


Менавіта гэты агульны досвед збліжае прафсаюзнікаў Беларусі і М’янмы, а таксама лідараў прафсаюзнага руху Ганконга, якія апынуліся ў выгнанні. Усё больш відавочнай становіцца неабходнасць аб’ядноўвацца і дзейнічаць разам дзеля правоў працоўных у сваіх краінах, асабліва ў сітуацыі, калі аўтарытарныя рэжымы самі даўно выбудоўваюць сувязі і падтрымліваюць адзін аднаго на міжнародным узроўні.

Візіт у Осла стаў працягам працы беларускіх незалежных прафсаюзаў па пераносе пытання артыкула 33 з міжнароднага ўзроўню на нацыянальны.


Read in eng and rus

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page