Брыцікавай далі сем сутак ШІЗА
Праваабаронцы «Вясны» апублікавалі новыя падрабязнасці ціску на Вольгу Брыцікаву ў гомельскай жаночай калоніі № 4. За адзін з канфліктаў з адміністрацыяй былой прафсаюзнай лідарцы далі сем сутак ШІЗА.

У пачатку 2026 года пасля спробы самагубства адной са зняволеных у калоніі забралі аднаразовыя станкі для галення. Спачатку іх яшчэ выдавалі раз на тыдзень на некалькі гадзін, а з красавіка забаранілі цалкам. Замест станкоў жанчынам прапаноўвалі дэпіляцыйныя крэмы з крамы калоніі, якія выклікалі апёкі.
Праз некалькі тыдняў адміністрацыя запатрабавала ад зняволеных напісаць заявы аб знішчэнні сваіх станкоў. Вольга Брыцікава адмовілася і заявіла, што такое патрабаванне не прадугледжана правіламі, а аднаразовыя станкі ўваходзяць у пералік дазволеных рэчаў.
Пасля адмовы, паводле былой зняволенай, ціск узмацніўся. Брыцікаву пачалі часцей выклікаць на праверкі, прымушалі насіць скрынкі з рэчамі на ператрусы і шукалі дробныя парушэнні. Падчас адной з такіх праверак у яе рэчах знайшлі станок, хоць раней іх у зняволеных канфіскавалі, а рэчы рэгулярна абшукваліся.
Супрацоўнікі калоніі спрабавалі дамовіцца з Брыцікавай, але яна адказала, што адміністрацыя сама не выконвае законы, выканання якіх патрабуе ад зняволеных.
"Як мы можам наогул з вамі дамаўляцца, калі вы мяне пасадзілі нібыта за парушэнне Канстытуцыі, а вы самі ж не прытрымліваецеся гэтай Канстытуцыі?"
Пасля гэтага Брыцікаву выклікалі на дысцыплінарную камісію і далі сем сутак ШІЗА.
Выйшаўшы з ізалятара, яна напісала скаргу ў якой ўказала, што перад змяшчэннем у ШІЗА ёй не правялі медыцынскі агляд і не далі магчымасці напісаць тлумачэнне. Паводле былой зняволенай, скарга за межы калоніі не выйшла, а Вольгу пазней перавялі ў іншы атрад.
Пасля яе адмовы пакаралі і ўвесь атрад. Жанчын вывелі на вуліцу і прымусілі чытаць правілы ўнутранага распарадку, а Брыцікаву паставілі перад астатнімі. Так адміністрацыя спрабавала настроіць іншых зняволеных супраць яе.
«Мы сутыкнуліся ў чыстым выглядзе з такой жорсткай правакацыяй, калі спрабавалі нацкаваць дзевяноста чалавек на адну жанчыну», — расказала яна. Аднак адкрытага канфлікту не адбылося. Паводле былой палітзняволенай, у атрадзе да Брыцікавай ставіліся з павагай.
Разумеючы, што яе могуць зноў адправіць у ШІЗА, Брыцікава разам з іншай палітзняволенай вучыла вершы на памяць, каб паўтараць іх у ізаляцыі. Сярод іх быў верш Анатоля Сыса «У гэтай краіне не маю я дому».
Read in eng



Comments