top of page
Search

Палітвязень Вацлаў Арэшка амаль страціў зрок, але ў калёніі ня можа аформіць інваліднасьць

  • Writer: Salidarnast Belarus
    Salidarnast Belarus
  • Sep 23
  • 2 min read

Актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка — адзіны з групы прафсаюзных дзеячоў, арыштаваных у красавіку 2022 году, якога дагэтуль трымаюць за кратамі.


ree

Выйшлі на волю кіраўнікі прафсаюзу РЭП Васіль Берасьнеў і Генадзь Фядыніч, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Вацлава Арэшку надалей трымаюць у папраўчай калёніі № 22 у Івацэвічах.


Між тым за час зьняволеньня палітвязень Вацлаў Арэшка амаль страціў зрок.


Пра гэта Свабодзе на ўмовах ананімнасьці расказала крыніца, дасьведчаная ў справах Вацлава Арэшкі:


«Ён больш ня можа чытаць сам. Але ад яго ёсьць званкі і ліставаньне. Праўда, лісты напісаныя з дапамогай трафарэту або за ім запісваюць іншыя вязьні. Цікавіцца навінамі, бо мае мала інфармацыі пра тое, што адбываецца ў сьвеце. Часам слухае радыё, часам яму чытаюць навіны іншыя. Тэлевізар не глядзіць. Як з прычыны зроку, гэтак і таму, што стараецца захаваць пазытыўны настрой», — паведаміла крыніца.

Паводле яе, здароўе Вацлава Арэшкі пагаршаецца, ідзецца ня толькі пра зрок.


«Зрок усё горшы, але са зрокам і зь іншымі, узроставымі, праблемамі здароўя ён ня мае рэальнай дапамогі, бо там мэдыцына на недастатковым ўзроўні».

На прэсавай канфэрэнцыі 12 верасьня ў Вільні пра стан Арэшкі расказаў таксама былы палітвязень Аляксандар Манцэвіч. З словаў Манцэвіча, які адбываў пакараньне ў той жа калёніі пад Івацэвічамі, Вацлаў (Вячаслаў) Арэшка ўжо амаль нічога ня бачыць, хоць раней чытаў кнігі.


«Яму дапамагаюць іншыя вязьні. Ідучы пад руку ў сталоўку, Вацлаў пытае, ці ёсьць на небе сонца. Як ходзіць уначы ў прыбіральню, то бывае, што спатыкаецца і падае, б’ецца, часам і да крыві, бо дрэнна бачыць», — расказаў Аляксандр Манцэвіч пра Арэшку.

Сёлета ў студзені Вацлаву Арэшку споўнілася 70 гадоў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у калёніі Вацлаў Арэшка спрабаваў аформіць інваліднасьць, але зрабіць яму гэта пакуль не ўдалося.


Палітоляг і грамадзкі дзеяч, актывіст прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка ў пачатку 2023 году быў асуджаны паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з «стварэньнем экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзелу ў ім», яго асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня.


Беларускія праваабаронцы прызналі Вацлава Арэшку палітвязьнем і патрабуюць яго неадкладнага вызваленьня. Вацлаў Арэшка ўключаны ў сьпіс тых палітвязьняў, якія знаходзяцца ў стане вялікай рызыкі з прычыны стану здароўя, цяжкіх захворваньняў і ўзросту.


Крыніца: svaboda


Read in rus or eng

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page