БКДП узнагароджаны праваабарончай прэміяй AFL-CIO імя Джорджа Міні і Лэйна Кіркланда
- 2 hours ago
- 1 min read
Амерыканская федэрацыя працы – Кангрэс вытворчых прафсаюзаў (AFL-CIO) узнагародзіла Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) прэміяй George Meany–Lane Kirkland Human Rights Award (прэмія па правах чалавека імя Джорджа Міні і Лэйна Кіркланда). Пра гэта паведамляецца ў афіцыйнай заяве AFL-CIO.

У заяве AFL-CIO падкрэсліваецца, што беларускі кейс з’яўляецца «глабальным папярэджаннем» пра тое, да чаго прыводзіць аўтарытарызм: канцэнтрацыя ўлады, разбурэнне правоў работнікаў і ігнараванне міжнародных стандартаў.
У дачыненні да Беларусі ў тэксце адзначаецца шматгадовае сістэмнае пераследаванне незалежных прафсаюзаў і работнікаў, якое ўзмацнілася пасля пратэстаў 2020 года: арышты прафсаюзных лідараў і актывістаў па надуманых абвінавачваннях, ліквідацыя незалежных прафсаюзаў, прапагандысцкая кампанія з кляймаваннем прафсаюзаў як «экстрэмісцкіх» і «тэрарыстычных» арганізацый. Паводле даных AFL-CIO, з 2020 года былі пазбаўленыя волі больш за 200 прафсаюзных лідараў і актывістаў.
Асобна AFL-CIO згадвае вызваленне 11 верасня 2025 года Аляксандра Ярашука, Генадзя Фядыніча і шэрагу іншых палітвязняў, падкрэсліваючы, што гэта суправаджалася новым узроўнем ціску: пазбаўленнем дакументаў і фактычнай дэпартацыяй. У паведамленні адзначаецца, што большасць лідараў незалежных прафсаюзаў Беларусі сёння застаюцца ў выгнанні, пазбаўленыя магчымасці свабодна працаваць і перамяшчацца.
Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 7 чэрвеня 2026 года ў Мінеапалісе (ЗША) у межах з’езда AFL-CIO. Для БКДП гэтая ўзнагарода — працяг міжнароднага прызнання беларускага незалежнага прафсаюзнага руху. Раней салідарнасць і ўнёсак у барацьбу за працоўныя правы і свабоду аб’яднання адзначаліся прэміямі Артура Свенсана: адна была ўручана незалежным прафсаюзам Беларусі ў 2021 годзе, другая — лідараму БКДП Аляксандру Ярашуку ў 2025 годзе.
Прэмія AFL-CIO імя Джорджа Міні і Лэйна Кіркланда была заснаваная ў 1981 годзе і ўручаецца прафсаюзным рухам і іх лідарам, якія, пераадольваючы сур’ёзныя перашкоды, адстойваюць правы працоўных.
Крыніца: АФТ-КПП



Comments