У выніку рэйду затрыманыя як мінімум пяць супрацоўнікаў металатканага завода Haver BY, паведамляе "Наша Ніва".
14 чэрвеня на прыватным прадпрыемстве ў Гродзенскай вобласці прайшла так званая "адпрацоўка экстрэмістаў". На апублікаваным відэа бачна, як сілавікі з аўтаматамі і ў поўным абмундзіраванні ўварваліся ў цэхі, адарвалі рабочых ад станкоў, паклалі іх на зямлю і заклалі ім рукі за спіну.
На якой падставе былі затрыманыя працоўныя і які іх працэсуальны статут - не паведамляецца.
ТАА "Haver BY" заснавана ў 2009 годзе ў Лідзе. Прадпрыемства займаецца вытворчасцю тканай сеткі пад кантролем нямецкіх спецыялістаў. Завод з'яўляецца даччыным прадпрыемствам нямецкага канцэрна Haver & Boecker OHG. На сайце прадпрыемства зазначаюць, што ў іх працуюць вопытныя спецыялісты з профільнай адукацыяй, якія праходзяць навучанне і павышэнне кваліфікацыі ў Германіі.
Haver & Boecker – сямейная кампанія са штаб-кватэрай у Эльдзе, Вестфалія. Заснаваная ў 1887 годзе, кампанія ўключае ў сябе аддзел пляцення дроту і машынабудавання, працуючы на ўсіх пяці кантынентах свету, маючы больш за 50 даччыных кампаній і 150 агенцтваў.
Рэйды сілавікоў на прадпрыемствах за нелаяльнасць кіраўніцтву краіны абмяркоўваліся на Міжнароднай Канферэнцыі Працы, якая толькі што скончылася ў Жэневе. Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Максім Пазнякоў адзначаў, што падобныя «рэйды» толькі падрываюць рэшткі даверу да беларускіх уладаў на міжнароднай арэне.
Comentarios