top of page

Вынікі пошуку

345 items found for ""

  • Лiдарка "Салідарнасці" прыняла ўдзел у цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі

    Прадстаўніца дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі і старшыня Асацыяцыі «Салідарнасць» Лізавета Мерляк прыняла ўдзел у цэрымоніі Нобелеўскай прэміі міру па запрашэнню нарвежскіх прафсаюзаў Цягам трох напружаных дзён Лізавета брала ўдзел у сустрэчах і прыёме ў Хельсінкскім камітэце, дзе прысутнічалі лаўрэаты прэміі і шэраг праваабарончых арганізацый. Прыняла ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання Алеся Бяляцкага прэміяй міру. Акрамя таго, адбылася сустрэча з прадстаўнікамі LO і Industri Energi, на якой абмяркоўвалася выкарыстанне прымусовай працы беларускіх зняволеных міжнароднымі кампаніямі праз беларускіх субпадрадчыкаў Прыкладам таму стаў свежы скандал з мэблевым гігантам IKEA. Сёлета Нобелеўская прэмія міру дасталася праваабарончым арганізацыям Украіны, Расеі і Беларусі — адважным людзям, якія змагаюцца супраць аўтарытарных рэжымаў і вайны. Цэнтральнай часткай правоў чалавека з'яўляюцца асноўныя працоўныя правы, такія як права на арганізацыю і права на калектыўныя перамовы. Усё тое, што сёння недасяжна пры рэжыме Лукашэнкі.

  • Беларусы Брэмена прынялі ўдзел у акцыі пратэсту

    10 снежня ў Дзень правоў чалавека ў цэнтры Брэмена прайшла акцыя прысвечаная ахвярам палітычных рэпрэсій, якую зладзілі іранскія і курдскія актывісты ў выгнанні. У мітынгу прынялі ўдзел і беларусы Брэмена Нягледзячы на халоднае надвор“е, больш за сотню жыхароў Ганзейскага Вольнага горада Брэмена зладзілі акцыю, каля тэатра на Гётэплац. Перад якім былі выстаўлены дзясяткі партрэтаў маладых людзей, што былі забіты іранскім рэжымам за апошнія месяцы пад час масавых акцый пратэсту Трэба адзначыць, што ў сваім дакладзе Amnesty International апублікавала дэталі гібелі 44 дзяцей, забітых паліцыянтамі за час пратэстаў у Іране. Як мінімум у 13 выпадках улады прымусілі сем'і загінулых дзяцей публічна зняць абвінавачанні з паліцыянтаў. Сярод удзельнікаў акцыі прысутнічалі прадстаўнікі курдскага супраціву і беларусы, якія вымушана пакінулі сваю краіну знаходзячыся пад пераследам рэжыму Лукашэнка. Сярод іх былі актывісты брэменскай суполкі «Разам» і прадстаўнікі Асацыяцыі «Салідарнасць». Людзі стаялі з партрэтамі забітых беларускім рэжымам пратэстоўцаў і бел-чырвона-белымі сцягамі. Акцыя праходзіла як раз пад час урачыстай узнагароды Нобелеўскай прэміяй міру беларускіх, украінскіх і расейскіх праваабаронцаў у Осла. Адна з удзельніц акцыі пратэсту распавяла прысутным пра сітуацыю, што склалася ў Беларусі за апошнія два гады і пра тое, што з дыктатурамі і ганебнымі рэжымамі трэба змагацца разам, быць салідарнымі адзін з адным. Дзень правоў чалавека — святкуецца па прапанаванню Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднанных Нацый, пачынаючы з 1950 года. У гэты дзень у 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.

  • У Брэмене адкрыта выстава прысвечаная беларускім палітзняволеным

    9 снежня ў брэменскім офісе Аб’яднання нямецкіх прафсаюзаў (DGB) была адкрыта выстава прысвечаная палітзняволеным прафсаюзным дзеячам з Беларусі У фае брэменскага дому прафсаюзаў, дзе знаходзяцца офісы ключавых прафсаюзаў былі выстаўлены стэнды з партрэтамі прафсаюзных лідараў і актывістаў, што зараз знаходзяцца ў зняволенні. Некаторы з іх, напрыклад Андрэй Ханевіч і Яніна Малаш, ужо асуджаны і адбываюць пакаранне. Іншыя чакаюць прысуду. Агулам у беларускіх турмах сёння знаходзяцца некалькі дзясяткаў прафсаюзных актывістаў і лідэраў. Любы з наведвальнікаў выставы зможа паўдзельнічаць у інфармацыйнай кампаніі LabourStart і падпісаць электронную петыцыю за вызваленне палітзняволеных і ўзнаўлення прафсаюзаў Беларусі, што былі ліквідаваныя ў ліпені гэтага года Вярхоўным судом У адкрыцці выставы прынялі ўдзел выконваючы абавязкі старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Максім Пазнякоў і старшыня брэменскай арганізацыі DGB Эрнэста Хардэр, якія далі інтэрв’ю мясцоваму тэлеканалу. Мерапрыемства прайшло напярэдадні Дня правоў чалавека і ўручэнню Нобелеўскай прэміі міру. У гэтым годзе лаўрэатамі сталі беларус Алесь Бяляцкі і прадстаўнікі праваабарончых арганізацый «Мемарыял» з Расіі і «Цэнтр грамадзянскіх свабод» з Украіны. Гэта другая Нобелеўская ўзнагарода за гісторыю Беларусі. Першую ў 2015 годзе атрымала пісьменніца Святлана Алексіевіч. DGB — нямецкі прафсаюзны цэнтр, член Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў і Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў. Заснаваны ў 1949 годзе. З’яўляецца асацыяцыяй васьмі прафсаюзных федэрацый. Самая буйная (6,6 млн сябраў) і ўплывовая прафсаюзная арганізацыя Германіі, аб’ядноўвае 85% усіх працоўных, якія з'яўляюцца сябрамі якіх-небудзь прафсаюзаў.

  • У справе супраць лідараў прафсаюза РЭП абвешчаны перапынак

    У разглядзе справы актывістаў Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), які ўваходзіць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), абвешчаны перапынак да 12 снежня Пра гэта стала вядома дзякуючы праваабаронцам з «Вясны», паколькі працэс быў абвешчаны закрытым па хадайніцтве дзяржабвінаваўцы Рамана Бізюка. На паседжанні 6 снежня, пасля абвяшчэння абвінавачання, вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы. Справу разглядае суддзя Анастасія Папко. Нагадаем, што ў Мінскім гарадскім судзе 6 снежня працягваўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да трох прафсаюзных актывістаў: Генадзя Фядыніча, Васіля Бераснева і Вацлава Арэшкі Іх абвінавачваюць у закліках да мераў абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130), стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (ч. 1 і ч. 3 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса). Тым часам прызначаная дата суда над яшчэ трыма палітвязнямі прафсаюзнымі актывістамі — Аляксандрам Ярашуком, Сяргеем Антусевічам і Ірынай Бут-Гусаім. Іх пачнуць судзіць у Мінскім гарадскім судзе 20 снежня. Прафсаюзных лідараў абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса) і закліках да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса).

  • Вызначана дата суда над кіраўніцтвам БКДП

    Стала вядома, што разгляд справы над лідарамі Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» (БКДП) пачнецца 20 снежня 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе Гаворка ідзе аб старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандру Ярашуку, намесніку старшыні — Сяргею Антусевічу і бухгалтарцы асацыяцыі прафсаюзаў — Ірыне Бут-Гусаім. У залежнасці ад ролі кожнага, іх вінавацяць па двух крымінальных артыкулах: ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Справу будзе разглядаць суддзя Валянціна Зянькевіч. 19 красавіка 2022 года ў кіраўніцтва і супрацоўнікаў офісу БКДП прайшлі ператрусы па месцы працы і па месцы пражывання. Была канфіскавана кампутарная тэхніка. Антусевіча, Бут-Гусаім і Ярашука затрымалі і змясцілі ў СІЗА. Ім было прад'яўлена абвінавачанне: паводле папярэдняй інфармацыі, арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У канцы лістапада стала вядома, што палітвязню Аляксандру Ярашуку прад'явілі новае абвінавачанне - заклікі да санкцый (арт. 361 Крымінальнага кодэкса). Па гэтай частцы яму пагражае ад 4 да 12 год пазбаўлення волі. Пры гэтым сам прафсаюзны лідар адкрыта выступаў супраць увядзення санкцый у дачыненні да Беларусі. У сваю чаргу, навіной аб затрыманнях кіраўніцтва БКДП былі ўзрушаны міжнародныя прафсаюзныя аб'яднанні, якія запатрабавалі вызваліць беларускіх прафсаюзных лідараў і спыніць рэпрэсіі супраць прафсаюзаў. Генеральны сакратар Міжнароднай Аргнанізацыі Працы (МАП) Гай Райдэр выказаў «глыбокую заклапочанасць паведамленнямі аб затрыманнях прафсаюзных лідараў» у Беларусі. Ён заклікаў спыніць пераслед тых, хто мірным шляхам здзяйсняе ў гэтай краіне сваё права на свабоду аб'яднання. У лістападзе гэтага году МАП прыняла рашэнне аб ужыванні 33 параграфу свайго Статуту ў дачыненні да Беларусі, у якім гаворыцца: «У выпадку, калі які-небудзь сябар арганізацыі не выканае ва ўстаноўлены тэрмін рэкамендацыі (калі такія ёсць), што ўтрымліваюцца ў дакладзе Камісіі па расследаваннях або ў рашэнні Міжнароднага суда, Адміністрацыйная рада можа рэкамендаваць канферэнцыі такія дзеянні, якія яна палічыць мэтазгоднымі для забеспячэння выканання гэтых рэкамендацый». Да канца сакавіка наступнага года МАП павінна выпрацаваць санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Яны будуць уведзены, калі ў чэрвені на канферэнцыі працы за іх прагаласуюць 2/3 сябраў арганізацыі.

  • Вольга Брыцікава на волі пасля 30 сутак арышту

    Старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ «Нафтан» выйшла на волю пасля 30 сутак арышту 1 лістапада актывістку незалежнага прафсаюза затрымалі супрацоўнікі МУС. Затым ёй двойчы прызначалі па 15 сутак арышту, быццам бы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацыяльных сетках. За кратамі Вольга абвяшчала галадоўку — прычынай стала парушэнне яе правоў, а таксама адмова супрацоўнікаў ізалятара перадаваць ёй перадачы ад сваякоў. Трэба адзначыць, што за апошні 2022 год Вольга правяла за кратамі 105 сутак — з іх вясной 75 сутак запар Тады яе абвінавачвалі ў "парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў". У верасні 2021 года беларускія сілавікі праводзілі ператрус у кватэры ў Вольгі Брыцікавай. Па адной з версій, прыход сілавікоў мог быць звязаны з ініцыятывай "Рабочы рух". Вольга Брыцікава - адна з лідэраў пратэстнага руху на "Нафтане" пасля выбараў 2020 года. Менавіта яна агучыла патрабаванні завадчан да ўладаў і кіраўніцтва прадпрыемства. Актывістка працавала на прадпрыемстве 16 гадоў і з-за сваёй пазіцыі была звольнена.

  • Актывісты СПБ адбылі сваё пакаранне і выйшлі на волю

    Чатыры сябра Свабоднага прафсаюза Беларускага, якія былі асуджаны на два з паловай года зняволення, сёння выйшлі на волю Разам з імі выйшлі і астатнія студэнты, што праходзілі па «справе студэнтаў». За кратамі застаецца Таццяна Якельчык, што была затрымана пазней за астатніх. Нагадаем, у межах гэтай крымінальнай справы былі затрыманыя адразу 12 прадстаўніц і прадстаўнікоў студэнцкай супольнасці. Некаторыя з іх былі актывістамі Свабоднага прафсаюза Беларускага, які быў ліквідаваны ў ліпені гэтага года Вярхоўным судом 11 чалавек па справе атрымалі па 2,5 года калоніі агульнага рэжыму, а Глеб Фіцнер (адзіны, хто прызнаў віну) — два гады калоніі. Глеб Фіцнер выйшаў на волю ў траўні, а Таццяна Екельчык павінна вызваліцца крыху пазней — бо была затрымана праз два тыдні пасля затрымання астатніх фігурантаў справы. Справа студэнтаў, або «Суд над маладосцю», — палітычна матываваная крымінальная справа супраць студэнтаў і выкладчыкаў шэрагу мінскіх вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі, якія прымалі ўдзел у пратэстах 2020 г. Пад час вынясення прысуду ў залу суда пусцілі пусцілі толькі блізкіх сваякоў, а да будынка суда сцягнулі тры мікрааўтобусы з АМАПам і патрулі міліцыі. У калідоры суда была чарга больш за 50 чалавек. Таксама на абвяшчэнне прысуду прыехалі паслы Чэхіі, Швецыі, ЗША і Вялікабрытаніі, але і іх не пусцілі.

  • У Мiёрах на металапракатным заводзе прайшлі затрыманні

    30 лiстапада праваабаронцы паведамілі аб затрыманні як мінімум пяці чалавек. Іх прозвішчы ўдакладняюцца У дамах затрыманых праводзяцца вобшукі. Вядома, што аднаго з затрыманых клічуць Сяргей Ерафееў. Мяркуецца, што затрымліваюць тых, хто праяўляў актыўнасць пасля выбараў 2020 года. Таксама ёсць неправераныя дадзеныя аб тым, што затрыманым інкрымінуюць злівы ў «Чорную кнігу Беларусі» і абразы ў каментарах сілавікоў ці чыноўнікаў. Нагадаем, нядаўна стала вядома, што дадзеныя ад 8,5 да 10 тысяч чалавек, якія адпраўлялі інфармацыю ў «Чорную кнігу Беларусі» у перыяд з 1 верасня 2020 па 23 траўня 2021 года, маглі патрапіць у рукі сілавікоў Праваабаронцы заклікаюць усіх, хто ў названы перыяд меў перапіску з каналам «Чорная кніга Беларусі» ці неяк быў звязаны з ім, паклапаціцца пра сваю бяспеку. Перш за ўсё – змяніць нумар тэлефона і выдаліць стары акаўнт у тэлеграме. Яшчэ адна з рэкамендацый – з'язджаць па магчымасці з краіны.

  • Актывіста БНП прагаварылі да 3 гадоў калоніі

    Гомельскі абласны суд у закрытым паседжанні 24 лістапада вынес прысуд Сяргею Сляжову, які абвінавачваўся ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 крыминальнага кодэкса) Палітвязень Сяргей Сляжоў быў затрыманы 29 верасня 2021 года ў Жлобіне па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра падчас перастрэлкі ў Менску. У сярэдзіне снежня 2021 года стала вядома аб пераводзе Сяргея з жодзінскай СТ №8 у гомельскі СІЗА-3. Ён быў прызнаны вінаватым і пакараны пазбаўленнем волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады. Справу разглядаў суддзя Руслан Царук Сяргей у 2020 годзе быў адным з заснавальнікаў першаснай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза на «Беларускім металургічным заводзе» у Жлобіне, якую ўлады адмовіліся рэгістраваць. Пасля чаго практычна ўсе прафсаюзныя актывісты на заводзе былі звольненыя.

bottom of page