top of page

Вынікі пошуку

350 items found for ""

  • У Яніны Малаш з“явілася сімвалічная "хросная"

    У прафсаюзнай актывістцы Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) і яшчэ васьмі палітвязняў з“явіліся сімвалічныя «хросныя. Еўрапейскія парламентарыі прымаюць удзел у кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай “Libereco — Партнёрства за правы чалавека”. Хроснай беларскай прафсаюзнай лідаркі стала - Габрыэла Генрых, былая "хросная" вызваленага Ягора Сугойдзя і дэпутатка нямецкага Бундэстагу ад Сацыял-дэмакратычнай партыі (SPD). - Больш чым праз два гады пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі атмасфера рэпрэсій у краіне працягваецца. Прадстаўнікі апазіцыі, прафсаюзныя актывісты і праваабаронцы па-ранейшаму знаходзяцца пад пагрозай адвольнага арышту, а арганізацыі грамадзянскай супольнасці знаходзяцца пад велізарным ціскам, - адзначае дэпутатка. - Людзі ў Беларусі па-ранейшаму патрабуюць нашай увагі і салідарнасці. Гэта датычыцца і сябра Свабоднага прафсаюза Яніны Малаш. Яе арышт не нешта незвычайнае: прафсаюзных лідараў, якія адкрыта крытыкуюць беларускі рэжым, ужо не раз арыштоўвалі па палітычных матывах. Я заклікаю Аляксандра Лукашэнку неадкладна вызваліць Яніну Малаш і ўсіх іншых палітвязняў! Рэпрэсіі ў краіне павінны нарэшце спыніцца. Нагадаем, што судзе Маскоўскага раёна горада Мінска 15 лістапада 2022 года быў вынесены прысуд палітзняволенай актывістцы Свабоднага прафсаюзу металістаў Яніне Малаш. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначылі адзін год і шэсць месяцаў калоніі. Пад вартай актывістка знаходзіцца ўжо дзевяць месяцаў. На волі Яніну чакае дачка. Падтрымайце Яніну пасылкамі, грашовымі пераводамі і паштоўкамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Яніна Сцяпанаўна Малаш.

  • Чым пагражае статус «тэрарыста» для прафсаюзных актывістаў?

    На мінулым тыдні Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) абнавіў тэрарыстычны спіс, куды на сённяшні дзень унесеныя 1011 чалавек. У адной кампаніі з міжнароднымі тэрарыстамі апынуліся і палітычныя апаненты Лукашэнкі, а з нядаўняга часу і прафсаюзныя лідары. Мы даведаліся, чым пагражае такі статус ужо зняволеным прафсаюзным дзеячам. На мінулым тыдні ў тэрарыстычны спіс былі ўнесены - лідар першаснай арганізацыі свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) Арцём Жарнак і віцэ-старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) Аляксандр Мішук. Акрамя таго, Мішука дадалі яшчэ і ў спіс «экстрэмістаў». Ёсць меркаванне, што ў бліжэйшы час гэты спіс папоўніцца і іншымі прафсаюзнымі актывістамі, якія былі асуджаныя па «санкцыйным» 361 артыкуле Крымінальнага кодэксу. Нагадаем, што зараз у Беларусі асуджаныя і адбываюць прысуд больш за тры дзясяткі прафсаюзных актывістаў. Патрапіць у адну кампанію з сапраўднымі тэрарыстамі справа непрыемная, але відавочна бачна, што гэта форма ціску на найбольш небяспечных апанентаў рэжыму. Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры Беларусі, з 9 жніўня 2020 года па ліпень 2021 года было заведзена больш за 4200 крымінальных спраў, звязаных з "экстрэмізмам і тэрарызмам". Па дадзеных Следчага камітэта, за адзін год пасля выбараў была ўзбуджаная 4691 крымінальная справа па фактах "незаконных масавых мерапрыемстваў, беспарадкаў, пратэсных акцый, замахаў на дзяржаўны суверэнітэт і грамадскую бяспеку". Антыэкстрэмісцкае заканадаўства трактуецца вельмі шырока і выкарыстоўваецца для падаўлення любой формы самаарганізацыі ў грамадстве, лічаць праваабаронцы. Але цікава, на што ўплывае статус «тэрарыста», якім пазначаюць частку палітычных вязняў? З такім пытанне мы звярнуліся да праваабаронцаў цэнтру «Вясна». У спіс «экстрэмістаў» уключаюцца як беларусы, так і грамадзяне іншых краінаў, асуджаныя па "злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці" пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Гэта людзі, якіх асудзілі па такіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, як напрыклад, 293 (удзел у масавых беспарадках), 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), 341 (апаганьванне маёмасці) і іншыя "пратэсныя артыкулы". Тым, каго ўнеслі ў «спіс» і асудзілі, да пагашэння або зняцця судзімасці і на працягу пяці гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці, забараняецца займацца некаторай дзейнасцю. Гэта педагагічная і выдавецкая дзейнасць, Забараняецца займаць дзяржаўныя пасады і праходзіць ваенную службу. Часткова абмяжоўваецца заняцце медычнай дзейнасцю. У дачыненні да асуджаных уводзіцца асаблівы фінансавы кантроль. Усе фінансавыя аперацыі ўключаных у "Спіс экстрэмістаў" грамадзян падлягаюць асабліваму кантролю. Маецца на ўвазе здзелкі з грашовымі сродкамі незалежна ад формы і спосабу іх ажыццяўлення. Гэта і адкрыццё банкаўскага рахунку, разавыя плацяжы, пераводы, паступленне, выдача, абмен, унясенне грашовых сродкаў. Калі "экстрэмісту" на рахунак перавядуць грошы, то пра гэта банк паведаміць у Камітэт дзяржаўнага кантролю. Акрамя таго, усе ўдзельнікі фінансавай аперацыі, якая падлягае асабліваму кантролю, будуць ідэнтыфікаваныя. Такія абмежаванні і распаўсюджваюцца на тых, хто знаходзіцца ў няволі. У месцах няволі да вязняў, якія стаяць на такіх умовах, павышаная ўвага і кантроль. Праваабаронцы адзначаюць, што такі статус можна абскардзіць. Адзначым, што комплексныя антыэкстрэмісцкія законы існуюць толькі на постсавецкай прасторы. Міжнародныя арганізацыі (ААН, АБСЕ і іншыя) часцей выкарыстоўваюць паняцце "гвалтоўны экстрэмізм" і супраць крыміналізацыі "экстрэмісцкіх" перакананняў, якія не вядуць да гвалту. Прафсаюзныя дзеячы з усяго Свету былі шакаваныя ўключэннем сваіх калегаў у спісы «тэрарыстаў», што хутчэй за ўсё, толькі пагоршыць і так безнадзейную пазіцыю беларускага кіраўніцтва ў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Беларускія прафсаюзы лічаць, што задача такіх дзеянняў традыцыйная для рэжыму – запалохванне працоўных. Як тых, што ўдзельнічалі ў пратэстах, так і тых, у якіх могуць з“явіцца пратэсныя думкі. Любая форма пратэсту сёння разглядаецца ўладамі Беларусі, як тэрарыстычная. А пратэсныя настроі будуць нарастаць з шэрагу падстаў. Страх перад вайной і мабілізацыяй, эканамічныя праблемы, вышукванне іншадумства спецслужбамі, абмежаванне на выезд за мяжу – усе гэтыя раздражняльнікі могуць паспрыяць некантралюемаму і непрадказальнаму выбуху. Хутчэй за ўсё гэта разумеюць і ў Мінску, але нічога зрабіць не могуць. Паколькі, з-за вялікай колькасці стратэгічных пралікаў у Лукашэнкі сёння застаўся адзіны метад утрымання ўлады - запалохванне грамадзян.

  • Еўрапарламент салідарны са зняволенымі прафсаюзнымі лідарамі Беларусі

    Выконваючы абавязкі Старшыні Падкамітэту па правах чалавека Бернар Гетта адказаў на зварот Генеральнага сакратара Еўрапейская канфедэрацыя прафсаюзаў ETUC і PERC. У ім ён апісаў дзеянні Еўрапейскага парламента ў пытанні вызвалення беларускіх палітычных вязняў. У ім ён падзякаваў прафсаюзам за інфармацыю, што датычыцца прысудаў і пазбаўлення волі лідара і службовых асоб беларускіх прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, Сяргея Антусевіча і Ірыны Бут-Гусаім. «Еўрапарламент занепакоены рэпрэсіямі і сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, якія працягваюцца. У гэтым кантэксце наша арганізацыя цвёрда салідарная з народам Беларусі, лідарамі дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, арганізацый і, у прыватнасці, сябраў прафсаюзаў. У сваёй апошняй рэзалюцыі ад 24 лістапада 2022 г. па Беларусі, Еўрапейскі парламент рашуча асуджае неабгрунтаваныя і палітычна матываваныя прысуды, вынесеныя больш за 1400 палітычным зняволеным. Ён таксама патрабуе неадкладнага спынення гвалту і рэпрэсіі, а таксама безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і ўсіх асобаў адвольна затрыманыя, арыштаваныя ці асуджаныя па палітычных матывах, і ўсе абвінавачванні супраць іх павінны быць знятыя», - гаворыцца ў лісце. «Я хацеў бы запэўніць вас, што Еўрапейскі парламент і яго кампетэнтныя органы, у тым ліку Падкамітэт па правах чалавека, будуць працягваць уважліва сачыць за становішчам правоў у Беларусі, у прыватнасці захаванне правоў усіх зняволеных», - адзначыў Бернар Гетта.

  • КДБ прыраўняў прафсаюзных лідараў да тэрарыстаў

    Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь унёс двух беларускіх прафсаюзных лідараў у спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, што вынікае з абнаўлення на сайце ведамства. У тэрарыстычны спіс уключылі віцэ-старшыню Беларускага Незалежнага прафсаюза і кіраўніка першаснай арганізацыі БНП на ААТ «Беларуськалій» Аляксандра Мішука і старшыню першаснай прафсаюзнай арганізацыі Свабоднага прафсаюза металістаў на ААТ «МАЗ» Арцёма Жарнака. Цяпер у тэрарыстычным спісе 1011 імёнаў з іх 264 грамадзяне Беларусі. У гэты спіс уключаны - Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Марыя Калеснікава, Максім Знак і іншыя лідары апазіцыі. Аляксандр Мішук быў прыгавораны да двух з паловай гадоў калоніі. Афіцыйнае абвінавачанне будавалася па ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Па аналагічным артыкуле асудзілі і актывіста СПМ Арцёма Жарнока, які таксама быў унесены ў гэты спіс. Таму найбліжэйшым часам у спіс тэрарыстаў, хутчэй за ўсё, унясуць і астатніх прафсаюзных лідараў, якіх асудзілі па аналагічным артыкуле: Аляксандр Ярашук, Генадзь Фядыніч, Васіль Бераснеў, Вацлаў Арэшка і магчыма Андрэя Ханевіча.

  • Дэмакратыя павінна быць вернута ў М'янму

    Сёння спаўняецца другая гадавіна ваеннага перавароту ў М'янме. Асацыяцыя «Салідарнасць» далучаецца да міжнароднай кампаніі салідарнасці з рабочымі, якія пастаянна рызыкуюць сваім жыццём, каб аднавіць дэмакратыю ў сваёй краіне. Сёння ў М'янме пройдзе ціхі страйк, людзі застануцца ў сваіх дамах і на працоўных месцах, пакінуўшы вуліцы бязлюднымі. Такая форма пратэсту стала адной з нямногіх магчымых сёння ў краіне. Становішча працоўных у М'янме рэзка пагоршылася пасля ваеннага перавароту, здзейсненага ў лютым 2021 года. Дзейнасць большасці прафсаюзаў цяпер забароненая, многія рабочыя, якія раней былі абаронены калектыўнымі дамовамі, звольненыя, іх замянілі часовымі рабочымі, пазбавілі ўсялякіх правоў. Пасля перавароту ваенныя разгарнулі супраць прафсаюзаў і іх членаў рэпрэсіі, якія суправаджаюцца жорсткімі нападамі і арыштамі. У цяперашні час у турмах па сфабрыкаваных абвінавачваннях знаходзяцца больш за 60 прафсаюзных актывістаў. Міжнародныя прафсаюзныя аб'яднанні патрабуюць іх неадкладнага вызвалення. Глабальныя саюзы заклікаюць да безумоўнага прызнання на міжнародным і нацыянальным узроўнях паўнамоцтваў Урада нацыянальнага адзінства М'янмы (NUG), як адзінага і праўдзіва дэмакратычнага ўрада народа М'янмы. Прафсаюзныя кампаніі ў падтрымку народа М'янмы працягваюцца больш за год пасля ваеннага перавароту. Сусветны прафсаюзны рух абяцае, што не спыніцца да таго часу, пакуль улада не будзе вернута народу. Беларускі працоўны рух сутыкнулася з аналагічнай трагедыяй, што і працоўныя М’янмы. Мілітарысцкі рэжым Лукашэнкі праводзіць рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да беларускага народа, ліквідаваў дэмакратычныя прафсаюзы, а іх лідараў і актывістаў асудзіў на працяглыя турэмныя тэрміны. Як і рэжым М’янмы, рэжым у Беларусі з’яўляецца адным з зацятых парушальнікаў правоў працоўных і міжнародных канвенцый МАП. Таму мы шчыра падтрымліваем імкненне рабочых М'янмы да свабоды і дэмакратыі! Максім Пазнякоў, выконваючы абавязкі старшыні БКДП кажа: "Сёння дэмакратычны працоўны рух сутыкаецца з самымі сур'ёзнымі выклікамі з часоў другой сусветнай вайны. Узмацненне дыктатарскіх рэжымаў па ўсім свеце ставіць пад пагрозу самі прынцыпы сацыяльнай справядлівасці. Цяпер, як ніколі, важная роля Міжнароднай Арганізацыі Працы, як часткі Арганізацыі Аб’яднаных нацый."

  • У Брэмене прайшла вечарына «нязломнай салідарнасці»

    Пад такім дэвізам, 27 студзеня ў Брэменскім доме прафсаюзаў адбылося вітальнае мерапрыемства для актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў, якое арганізавала брэменскае аддзяленне германскіх прафсаюзаў DGB. Мерапрыемства сабрала паўсотні прафсаюзных і грамадскіх актывістаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў выканаўчай улады Свабоднага ганзейскага горада Брэмена. У ім прынялі ўдзел дзеячы Асацыяцыі “Salidarnast”, ініцыятывы “Рабочы Рух”, Беларускага Хельсінскага Камітэта, Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Брэменскага аб'яднання беларусаў “Разам”, германскіх прафсаюзаў і Сената Вольнага Ганзейскага Горада Брэмен. На правах гаспадара, сустрэчу адкрыў лідар DGB рэгіёну Bremen-Elbe-Weser Эрнэста Хардэр. У сваім выступленні ён расказаў аб сітуацыі, якая склалася ў Беларусі і прычынах змусіўшых прафсаюзных актывістаў пакінуць Беларусь і апынуцца ў Брэмене. Трэба адзначыць, што дзякуючы Эрнэста быў вырашаны цэлы стос праблем звязаных з адміністрацыйнымі пытаннямі. Такімі, як пошукам жылля, пошуку школ і дзіцячых садоў для прыбылых. Прафсаюзы Брэмена аказалі неабходную падтрымку. Пасля таго, як трэба было вырашыць пытанне прыёму цэлай групы беларускіх прафсаюзнікаў, у гэты момант падключыўся і Сенат горада Брэмена. - Перад намі стаяла адна дакладная мэта - вывезці людзей з Беларусі, якім пагражае небяспека. Нам удалося вывезці сем актывістаў з васьмі, атрымаць для іх візы і легальна вывезці іх у Германію, - адзначыў брэменскі прафсаюзны лідар. - У беларускіх калег з прыездам сюды было мноства бытавых і адміністрацыйных пытанняў. З усім гэтым ім дапамаглі нашыя калегі з прафсаюзаў і брэменцы, якія ўключыліся ў гэта. За што мы ім вельмі ўдзячныя. У выступе было адзначана, што для працягу дзейнасці беларускіх прафсаюзаў, IG BAU прадставіў офіс для працы, а актывісты ў сваю чаргу заснавалі і зарэгістравалі ўласную асацыяцыю "Салідарнасць". З дапамогай гэтай арганізацыі яны хочуць дабіцца справядлівасці для тых калег, якія сёння знаходзяцца ў Беларусі пад прэсам рэпрэсій і дабіцца таго, каб Беларусі стала дэмакратычнай. - Кожны год наша арганізацыя 1 траўня аб'яўляе лозунг года. У гэтым годзе наш лозунг гучыць так – Нязломная салідарнасць. Пасля года вайны мы лічым, што салідарнасць застаецца нашай галоўнай каштоўнасцю ад якой мы не можам адмовіцца. І я думаю, што гэты лозунг як мага лепш падыходзіць вам дарагія калегі з Беларусі. Бо вы – тыя нязломныя салідарныя людзі. У гэтай залі сёння прадстаўнікі розных прафсаюзаў і грамадзянскіх арганізацый і за гэта вам вялікі дзякуй. Старшыня Сената і бургамістр вольнага ганзейскага горада Брэмен Андрэас Бовеншультэ адзначыў, што міжнародная салідарнасць заўсёды была і застаецца найважнейшай каштоўнасцю рабочага руху. Ён падзякаваў Эрнэста Хардэру, прафсаюзам Брэмена і гараджанам за іх актыўнасць, сілы і час, які яны ўкладаюць у гэтую дзейнасць. - Фотаздымкі людзей, якія вы бачыце зараз тут, знаходзяцца за кратамі, толькі за тое, што яны выступалі за правы працоўных. І тут, і зараз на гэтым месцы, я хацеў бы сказаць, што гэтага быць не павінна! Людзі павінны мець правы аб'ядноўвацца і абараняць свае інтарэсы на працоўным месцы. Андрэас Бовеншультэ выказаў глыбокую павагу не толькі тым беларусам, якія знаходзяцца тут, але і тым, якія пад вялізным ціскам працягваюць сваю працу ў Беларусі, знаходзячыся цяпер там: "Мы павінны памятаць пра іх і мы павінны ведаць, што яны робяць". Мэр нагадаў аб адной гістарычнай паралелі, калі прадстаўнікам польскай "Салідарнасці" ў 1981 годзе, таксама дапамаглі прыехаць сюды, паколькі яны знаходзіліся ва ўмовах ганення з боку польскага сталінісцкага рэжыму. - Што важна цяпер, гэта аказваць палітычны ціск на Лукашэнку і яго рэжым міжнароднымі арганізацыямі, - лічыць Андрэас Бовеншультэ. - Мы спадзяваемся, што ў траўні гэтага года на паседжанні МАП будзе прынятае рашэнне, якое звяжа рэжым Лукашэнкі чарговымі санкцыямі і дапаможа нам вызваліць нашых калег, якія знаходзяцца зараз у турмах. Нам неабходна намаганне ўсіх. Нам неабходна кансалідацыя і я ўпэўнены, што гэта адбудзецца. Словы мэра Брэмена падтрымаў сваім выступам і прадстаўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Максім Пазнякоў, які вымушана пакінуў Беларусь. Падзякаваўшы ўсім за дапамогу і падтрымку, ён распавёў пра пратэсты і ганенні, якія адбыліся, якія абрынуліся на працоўны рух з боку прадстаўнікоў рэжыму. Аб тым, што сёння немагчыма і магчыма ва ўмовах тэрору. - Самае галоўнае цяпер - гэта дамагчыся вызвалення нашых братоў і сясцёр з турмаў. Для гэтага і была заснавана асацыяцыя "Салідарнасць", - адзначыў прадстаўнік БКДП. Ад «Салідарнасці» выступіла яе лідарка Лізавета Мерляк, якая прымеціла, што Брэмен мае даўнюю традыцыю прымаць прафсаюзных бежанцаў: «Мы спадзяваемся, што гэтая традыцыя працягнецца і горад Брэмен зможа дапамагчы большай колькасці людзей у цяжкую хвіліну». Лізавета згадала пайменна ўсіх беларускіх прафсаюзных актывістаў, што зараз знаходзяцца ў турмах. Адзначыўшы, што сярод іх жанчыны, вядомыя на міжнародным узроўні прафсаюзныя лідары, яе сябры і знаёмыя. Тыя, хто атрымаў вялізныя тэрміны і тыя, хто ўжо паспеў адбыць пакаранне ці абмежаваны ў волі. Менавіта для іх і было створана аб'яднанне "Салідарнасць" і міжнароднае прадстаўніцтва Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. Лідарка асацыяцыі падкрэсліла, што праблемы ў Беларусі пачаліся не ў жніўні 2020 года: - На працягу 30 гадоў у краіне парушаліся правы чалавека, правы працоўных і правы прафсаюзаў. Урад Беларусі проста чэмпіён свету ў гэтай галіне. Таму ўлады павінны адказаць за гэта перад міжнароднай супольнасцю. І “Салідарнасць” працуе праз міжнародныя структуры, каб гэтая адказнасць прыйшла як мага хутчэй. Мы не на свабодзе, пакуль хтосьці застаецца за кратамі! Яна заклікала быць салідарнымі, распаўсюджваць інфармацыю, каб міжнародная салідарнасць змагла даць адпор аб'яднаным дыктатарам, якія развязалі вайну ва Украіне. Трымаюць сваё грамадства за кратамі і пагражаюць самому існаванню Свету. Акрамя прафсаюзных прадстаўнікоў у мерапрыемстве прынялі ўдзел і беларускія праваабаронцы, якія вымушана знаходзяцца ў Нямеччыне і Літве. Анастасія Васільчук, прадстаўніца праваабарончага цэнтру “Вясна”, прызнала важнасць узаемнай падтрымкі і супрацоўніцтва паміж праваабарончымі, грамадскімі і прафсаюзнымі арганізацыямі. Яна расказала пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, дзе людзей штодзень затрымліваюць па палітычных матывах. - 3800 чалавек прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, 1500 закладнікаў знаходзяцца ў турмах. Гэта толькі тыя выпадкі, пра якія нам вядома. Як і прафсаюзы, праваабаронцы былі вымушаныя пакінуць краіну, а тыя, хто застаўся, знаходзяцца ў турмах. Сярод іх і Нобелеўскі лаўрэат прэміі міру - Алесь Бяляцкі. Нам самім, актыўным беларусам, трэба шукаць шляхі супрацоўніцтва і падтрымкі адзін аднаго, для нашай агульнай справы, - адзначыла праваабаронца. У завяршэнні мерапрыемства, цёпла было сустрэта выступленне беларускага гурта «Dzieciuki», які таксама знаходзіцца ў выгнанні і прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Акустычны выступ Алеся Дзянісава бадзёра завяршыў прывітальны вечар нязломнай салідарнасці.

  • Сёння разгледзяць апеляцыйную скаргу прафсаюзнай лідаркі Яніны Малаш

    Апеляцыйную скаргу намесніцы старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) Яніны Малаш сёння, 27 студзеня, разгледзяць у Мінскім гарадскім судзе, паведамляе «Вясна». У судзе Маскоўскага раёна Мінска 15 лістапада 2022 года вынеслі прысуд палітзняволенай актывістцы Свабоднага прафсаюзу металістаў Яніне Малаш. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначылі адзін год і шэсць месяцаў калоніі. Пад вартай актывістка знаходзіцца ўжо дзевяць месяцаў. На волі Яніну чакае дачка. У Мінскім гарадскім судзе 27 студзеня разгледзяць апеляцыйную скаргу палітзняволенай. Яна піша сваім сябрам аб тым, што ў яе пакуль усё нармальна: “падтрымліваюць сябры, калегі, здараюцца прыемныя сюрпрызы ад незнаёмых мне людзей”. Яніна жадае сябрам на волі “зберагчы ў сабе самае чыстае і светлае, захаваць моц сваёй душы і цэласнасць” Падтрымайце Яніну пасылкамі, грашовымі пераводамі і паштоўкамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Яніна Сцяпанаўна Малаш. Напісаць анлайн можна тут

  • IndustriALL заклікаў ЕС да неадкладных дзеянняў па вызваленні беларускіх прафлідараў

    У сувязі з апошнімі судовымі рашэннямі аб пазбаўленні волі прафсаюзных лідараў у Беларусі Глабальны саюз IndustriALL і Еўрапейскі саюз industiALL накіравалі лісты ў Еўрапейскую камісію, Еўрапейскі парламент, Еўрапейскую раду і МАП. У іх яны заклікаюць да неадкладных дзеянняў, у тым ліку з выказваннем грамадскай падтрымкі незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі, і заклікам запатрабаваць ад беларускіх уладаў неадкладнага і безумоўнага вызвалення арыштаваных прафсаюзных актывістаў і спынення рэпрэсій у дачыненні да незалежных прафсаюзаў і асобных асоб, якія патрабуюць захавання іх правоў. Глабальны саюз IndustriALL і Еўрапейскі саюз industriAll паўтараюць патрабаванне Камітэта экспертаў МАП па прымяненні канвенцый і рэкамендацый (КЭПКР) "вызваліць усіх прафсаюзных актывістаў, якія застаюцца ў зняволенні, і зняць усе абвінавачанні, звязаныя з удзелам у мірных пратэстах і забастоўках". Генеральны сакратар IndustriALL Атле Хойе сказаў: «Асуджэнне прафсаюзных лідараў за ажыццяўленне свайго законнага права на свабоду аб'яднання з'яўляецца грубым парушэннем прынцыпаў свабоды аб'яднання. Правы прафсаюзаў страчваюць усялякі сэнс пры адсутнасці поўнага захавання тых грамадзянскіх свабодаў, якія замацаваны ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, асабліва ў дачыненні да права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду ад адвольнага арышту і затрымання, свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне, свабоду сходаў, правы на справядлівае судовае разбіральніцтва і правы на абарону прафсаюзнай уласнасці». Больш за 30 беларускіх прафсаюзных лідараў і актывістаў дэмакратычных прафсаюзаў знаходзяцца ў турмах ці абмежаваныя ў свабодзе. Некаторыя ўжо асуджаныя на вялізныя тэрміны - 9 гадоў узмоцненага рэжыму, як Генадзь Фядыніч і Васіль Бераснеў. Іншыя ўжо паспелі адбыць турэмныя тэрміны, як актывісты Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Так рэжым Лукашэнкі адрэагаваў на барацьбу незалежных прафсаюзаў за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года незалежныя прафсаюзы ў Беларусі пастаянна падвяргаліся жорсткім нападкам, уключаючы ператрусы ў офісах прафсаюзаў і дамах сябраў прафсаюзаў, канфіскацыю мабільных тэлефонаў і ноўтбукаў. Ціск на сябраў незалежных прафсаюзаў з мэтай прымусіць іх выйсці з прафсаюзаў. А ў ліпені 2022 года, наогул, ліквідавалі чатыры незалежныя прафсаюзы і іх аб“яднанне БКДП. Крынiца: https://www.industriall-union.org/ru/belarus-dolzhna-osvobodit-zaklyuchennyh-profsoyuznyh-liderov-i-aktivistov

  • Сёння адбудзецца разгляд апеляцыі Андрэя Ханевіча

    Сёння ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь адбудзецца разгляд апеляцыі па справе старшыні першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза на ААТ «Гродна Азот» Андрэя Ханевіча. Прафсаюзны лідар спрабуе дабіцца перагляду прысуду ў 5 гадоў узмоцненага рэжыму. Прафсаюзнаму лідару паставілі ў віну размову з журналістам “Белсат”, падчас якой мужчына «перадаў нейкія звесткі». Тэлефон Андрэя праслухоўвалі, размовы запісвалі супрацоўнікі спецслужбаў. Першасная арганізацыя БНП была ліквідавана адна з першых, пасля прызнання яе «экстрэмісткай» увесну 2022 падчас таго, як Андрэй адбываў адміністратыўны арышт. Прычынаю ліквідацыі прафсаюза стала нібыта распаўсюджванне ў Telegram-чаце інфармацыі СМІ, якія былі прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі. Пасля звальнення з прадпрыемства на Андрэя завялі крымінальную справу. 16 лістапада Гродзенскі абласны суд асудзіў Андрэя Ханевіча паводле арт. 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Гродзенскага абласнога суда Віталь Кулеш прызнаў Андрэя Ханевіча вінаватым і асудзіў яго на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 47-гадовы Андрэй Ханевіч працаваў апаратчыкам у цэху «Карбамід - 3» на ААТ «Гродна Азот». Андрэй мае траіх дзяцей.

  • Вітальная сустрэча для беларускіх прафсаюзнікаў

    27 студзеня ў брэменскім Доме прафсаюзаў адбудзецца мерапрыемства прысвечанае беларускім прафсаюзным дзеячам, што знайшлі прытулак у Вольным ганзейскім горадзе Брэмене. Вітальнае мерапрыемства арганізуе нямецкае рэгіянальнае аб“яднанне прафсаюзаў DGB Bremen-Elbe-Weser, якое адыграла значную ролю ў прыёме і размяшчэнні больш за дзесяць беларусаў. Лідары і актывісты Беларускага Незалежнага прафсаюза вымушана пакінулі Беларусь з-за пагрозы іх пераследу, або арышту прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі. З красавіка 2022 года прадстаўнікамі КГБ былі затрыманы больш за два дзясяткі прафсаюзных актывістаў, якія былі аб'яднаны вакол Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Сярод іх і віцэ-старшыня БНП Аляксандр Мішук і старшыня пярвічнай арганізацыі БНП на ААТ «Гродна Азот» Андрэй Ханевіч. Акрамя прадстаўнікоў БНП, рэпрэсаваныя былі дзеячы Свабоднага прафсаюза Беларускага, Свабоднага прафсаюза Металістаў, Прафсаюза РЭП і кіраўніцтва БКДП. Таму асноўнай тэмай мерапрыемства стане нагадванне аб арыштаваных прафсаюзных лідарах, што зараз знаходзяцца ў зняволенні. Іх колькасць на дадзены момант складае – 31 чалавек. Адкрые мерапрыемства лідар рэгіянальнай арганізацыі Эрнэста Хардэр, а з вітальнымі словамі выступіць бургамістр Брэмена Андрэас Бовеншультэ. Таксама запланавана выступленне выконваючага абавязкі старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і Беларускага Незалежнага прафсаюза – Максіма Пазнякова. З прамовай выступіць і старшыня Асацыяцыі «Салідарнасць» Лізавета Мерляк. У якасці гасцей запрошаны Алесь Дзянісаў з беларускага гурта «Dzieciuki», таму для ўдзельнікаў мерапрыемства запланаваны невялічкі канцэрт. Запрашаем усіх зацікаўленых у мерапрыемстве, а таксама ўсіх неабыякавых да лёсу палітычных зняволеных і будучага беларускага прафсаюзнага руху. Мерапрыемства абдудзецца ў Доме прафсаюзаў DGB па адрэсе: Bahnhofsplatz 22-28, 28195 Брэмен.

  • У палітзняволеннага Аляксандра Гашнікава сёння дзень народзінаў

    У Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада ў закрытым рэжыме праходзіць суд па справе "Рабочага Руху", фігурантамі якой з'яўляюцца адразу шасцёра сябраў Беларускага Незалежнага прафсаюза. Адным з затрыманых па гэтай справе стаў — Аляксандр Гашнікаў, якому сёння спаўняецца 36 гадоў. Аляксандр Паўлавіч Гашнікаў — супрацоўнік Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне, актывіст Беларускага Незалежнага прафсаюза. Быў адным з заснавальнікаў першаснай прафсаюзнай арганізацыі БНП на заводзе, якую ўлады адмовіліся рэгістраваць. Аляксандра затрымалі 18 верасня 2021 года. Ён праходзіць па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле аб здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу) супраць супрацоўнікаў беларускіх заводаў, якія падтрымалі стачку і ўваходзілі ў "Рабочы рух". Гэтая ініцыятыва 21 верасня 2021 года была прызнаная экстрэмісцкай, і адначасова па краіне прайшлі затрыманні рабочых. Таксама яму паставілі ў віну ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Яму пагражае да 15 гадоў зняволення. 9 лістапада 2022 г. у Гомельскім абласным судзе распачаўся разгляд "справы Рабочага Руху", фігурантамі якой праходзяць адразу дзесяць палітзняволеных. На другі дзень працэсу ўсе фігуранты справы заявілі суду, што сваю віну ў дзяржаўнай здрадзе і стварэнні экстрэмісцкага фармавання не прызнаюць. Усе фігуранты "справы Рабочага Руху" на судзе адмовіліся даваць паказанні. 27 снежня працэс закрылі да вынясення прысуду, хаця да гэтага ён праходзіў у адкрытым рэжыме. Сёння, 23 студзеня Аляксандр адзначыць 36-годдзе ў гомельскім СІЗА-3. Павіншуйце палітвязня пасылкамі, медыцынскімі бандэролькамі, грашовымі пераводамі, тэлеграмамі і лістамі: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Аляксандр Паўлавіч Гашнікаў.

  • Вярхоўны суд адхіліў апеляцыю віцэ-старшыні БНП

    Сёння, 20 студзеня, у Вярхоўным судзе адбыўся разгляд апеляцыі па справе віцэ-старшыні БНП і старшыні пярвічнай арганізацыі БНП на ААТ "Беларуськалій" Аляксандра Мішука. Прысуд пакінулі без змен. Нагадаем, што за выступ перад працаўнікамі «Беларуськалія» прафсаюзнага лідара прыгаварылі да двух з паловай гадоў калоніі. У Мінскім абласным судзе 15 лістапада асудзілі палітвязня Аляксандра Мішука па ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Справу разглядала суддзя Вікторыя Паляшчук. Аляксандра затрымалі 25 траўня 2022 года на працоўным месцы. У яго дома і ў працоўным кабінеце быў праведзены ператрус. Мужчыну два месяцы ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, пасля перавялі ў СІЗА-1 Мінска. Цягам чатырох месяцаў Аляксандру не дазвалялі сустрэцца з жонкай. Пракуратура абвінаваціла яго ў выступе перад работнікамі з "мэтай стварэння забастовачнага камітэта". У сваю чаргу Аляксандр тлумачыў свой выступ як эмацыйны парыў, паколькі ў той час усе знаходзіліся пад уздзеяннем эмоцый з-за масавага гвалту з боку сілавікоў. Вядома, што разгляд апеляцыі адбываўся без прысутнасці прафсаюзнага лідара.

bottom of page