top of page
Search

У Брэмене прайшла вечарына «нязломнай салідарнасці»

Пад такім дэвізам, 27 студзеня ў Брэменскім доме прафсаюзаў адбылося вітальнае мерапрыемства для актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў, якое арганізавала брэменскае аддзяленне германскіх прафсаюзаў DGB.



Мерапрыемства сабрала паўсотні прафсаюзных і грамадскіх актывістаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў выканаўчай улады Свабоднага ганзейскага горада Брэмена. У ім прынялі ўдзел дзеячы Асацыяцыі “Salidarnast”, ініцыятывы “Рабочы Рух”, Беларускага Хельсінскага Камітэта, Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Брэменскага аб'яднання беларусаў “Разам”, германскіх прафсаюзаў і Сената Вольнага Ганзейскага Горада Брэмен.


На правах гаспадара, сустрэчу адкрыў лідар DGB рэгіёну Bremen-Elbe-Weser Эрнэста Хардэр. У сваім выступленні ён расказаў аб сітуацыі, якая склалася ў Беларусі і прычынах змусіўшых прафсаюзных актывістаў пакінуць Беларусь і апынуцца ў Брэмене.


Трэба адзначыць, што дзякуючы Эрнэста быў вырашаны цэлы стос праблем звязаных з адміністрацыйнымі пытаннямі. Такімі, як пошукам жылля, пошуку школ і дзіцячых садоў для прыбылых. Прафсаюзы Брэмена аказалі неабходную падтрымку.

Пасля таго, як трэба было вырашыць пытанне прыёму цэлай групы беларускіх прафсаюзнікаў, у гэты момант падключыўся і Сенат горада Брэмена.


- Перад намі стаяла адна дакладная мэта - вывезці людзей з Беларусі, якім пагражае небяспека. Нам удалося вывезці сем актывістаў з васьмі, атрымаць для іх візы і легальна вывезці іх у Германію, - адзначыў брэменскі прафсаюзны лідар. - У беларускіх калег з прыездам сюды было мноства бытавых і адміністрацыйных пытанняў. З усім гэтым ім дапамаглі нашыя калегі з прафсаюзаў і брэменцы, якія ўключыліся ў гэта. За што мы ім вельмі ўдзячныя.


У выступе было адзначана, што для працягу дзейнасці беларускіх прафсаюзаў, IG BAU прадставіў офіс для працы, а актывісты ў сваю чаргу заснавалі і зарэгістравалі ўласную асацыяцыю "Салідарнасць". З дапамогай гэтай арганізацыі яны хочуць дабіцца справядлівасці для тых калег, якія сёння знаходзяцца ў Беларусі пад прэсам рэпрэсій і дабіцца таго, каб Беларусі стала дэмакратычнай.


- Кожны год наша арганізацыя 1 траўня аб'яўляе лозунг года. У гэтым годзе наш лозунг гучыць так – Нязломная салідарнасць. Пасля года вайны мы лічым, што салідарнасць застаецца нашай галоўнай каштоўнасцю ад якой мы не можам адмовіцца. І я думаю, што гэты лозунг як мага лепш падыходзіць вам дарагія калегі з Беларусі. Бо вы – тыя нязломныя салідарныя людзі. У гэтай залі сёння прадстаўнікі розных прафсаюзаў і грамадзянскіх арганізацый і за гэта вам вялікі дзякуй.



Старшыня Сената і бургамістр вольнага ганзейскага горада Брэмен Андрэас Бовеншультэ адзначыў, што міжнародная салідарнасць заўсёды была і застаецца найважнейшай каштоўнасцю рабочага руху. Ён падзякаваў Эрнэста Хардэру, прафсаюзам Брэмена і гараджанам за іх актыўнасць, сілы і час, які яны ўкладаюць у гэтую дзейнасць.


- Фотаздымкі людзей, якія вы бачыце зараз тут, знаходзяцца за кратамі, толькі за тое, што яны выступалі за правы працоўных. І тут, і зараз на гэтым месцы, я хацеў бы сказаць, што гэтага быць не павінна! Людзі павінны мець правы аб'ядноўвацца і абараняць свае інтарэсы на працоўным месцы.


Андрэас Бовеншультэ выказаў глыбокую павагу не толькі тым беларусам, якія знаходзяцца тут, але і тым, якія пад вялізным ціскам працягваюць сваю працу ў Беларусі, знаходзячыся цяпер там: "Мы павінны памятаць пра іх і мы павінны ведаць, што яны робяць".

Мэр нагадаў аб адной гістарычнай паралелі, калі прадстаўнікам польскай "Салідарнасці" ў 1981 годзе, таксама дапамаглі прыехаць сюды, паколькі яны знаходзіліся ва ўмовах ганення з боку польскага сталінісцкага рэжыму.


- Што важна цяпер, гэта аказваць палітычны ціск на Лукашэнку і яго рэжым міжнароднымі арганізацыямі, - лічыць Андрэас Бовеншультэ. - Мы спадзяваемся, што ў траўні гэтага года на паседжанні МАП будзе прынятае рашэнне, якое звяжа рэжым Лукашэнкі чарговымі санкцыямі і дапаможа нам вызваліць нашых калег, якія знаходзяцца зараз у турмах. Нам неабходна намаганне ўсіх. Нам неабходна кансалідацыя і я ўпэўнены, што гэта адбудзецца.


Словы мэра Брэмена падтрымаў сваім выступам і прадстаўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Максім Пазнякоў, які вымушана пакінуў Беларусь. Падзякаваўшы ўсім за дапамогу і падтрымку, ён распавёў пра пратэсты і ганенні, якія адбыліся, якія абрынуліся на працоўны рух з боку прадстаўнікоў рэжыму. Аб тым, што сёння немагчыма і магчыма ва ўмовах тэрору.


- Самае галоўнае цяпер - гэта дамагчыся вызвалення нашых братоў і сясцёр з турмаў. Для гэтага і была заснавана асацыяцыя "Салідарнасць", - адзначыў прадстаўнік БКДП.


Ад «Салідарнасці» выступіла яе лідарка Лізавета Мерляк, якая прымеціла, што Брэмен мае даўнюю традыцыю прымаць прафсаюзных бежанцаў: «Мы спадзяваемся, што гэтая традыцыя працягнецца і горад Брэмен зможа дапамагчы большай колькасці людзей у цяжкую хвіліну».

Лізавета згадала пайменна ўсіх беларускіх прафсаюзных актывістаў, што зараз знаходзяцца ў турмах. Адзначыўшы, што сярод іх жанчыны, вядомыя на міжнародным узроўні прафсаюзныя лідары, яе сябры і знаёмыя. Тыя, хто атрымаў вялізныя тэрміны і тыя, хто ўжо паспеў адбыць пакаранне ці абмежаваны ў волі. Менавіта для іх і было створана аб'яднанне "Салідарнасць" і міжнароднае прадстаўніцтва Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.


Лідарка асацыяцыі падкрэсліла, што праблемы ў Беларусі пачаліся не ў жніўні 2020 года:


- На працягу 30 гадоў у краіне парушаліся правы чалавека, правы працоўных і правы прафсаюзаў. Урад Беларусі проста чэмпіён свету ў гэтай галіне. Таму ўлады павінны адказаць за гэта перад міжнароднай супольнасцю. І “Салідарнасць” працуе праз міжнародныя структуры, каб гэтая адказнасць прыйшла як мага хутчэй. Мы не на свабодзе, пакуль хтосьці застаецца за кратамі!


Яна заклікала быць салідарнымі, распаўсюджваць інфармацыю, каб міжнародная салідарнасць змагла даць адпор аб'яднаным дыктатарам, якія развязалі вайну ва Украіне. Трымаюць сваё грамадства за кратамі і пагражаюць самому існаванню Свету.


Акрамя прафсаюзных прадстаўнікоў у мерапрыемстве прынялі ўдзел і беларускія праваабаронцы, якія вымушана знаходзяцца ў Нямеччыне і Літве.


Анастасія Васільчук, прадстаўніца праваабарончага цэнтру “Вясна”, прызнала важнасць узаемнай падтрымкі і супрацоўніцтва паміж праваабарончымі, грамадскімі і прафсаюзнымі арганізацыямі. Яна расказала пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, дзе людзей штодзень затрымліваюць па палітычных матывах.

- 3800 чалавек прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, 1500 закладнікаў знаходзяцца ў турмах. Гэта толькі тыя выпадкі, пра якія нам вядома. Як і прафсаюзы, праваабаронцы былі вымушаныя пакінуць краіну, а тыя, хто застаўся, знаходзяцца ў турмах. Сярод іх і Нобелеўскі лаўрэат прэміі міру - Алесь Бяляцкі. Нам самім, актыўным беларусам, трэба шукаць шляхі супрацоўніцтва і падтрымкі адзін аднаго, для нашай агульнай справы, - адзначыла праваабаронца.


У завяршэнні мерапрыемства, цёпла было сустрэта выступленне беларускага гурта «Dzieciuki», які таксама знаходзіцца ў выгнанні і прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Акустычны выступ Алеся Дзянісава бадзёра завяршыў прывітальны вечар нязломнай салідарнасці.

bottom of page