top of page
Search

Тэмай сустрэчы паміж кіраўнікамі БКДП і МАП сталі прафсаюзныя вязні

Выконваючы абавязкі старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Максім Пазнякоў сустрэўся з Генеральным дырэктарам Міжнароднай Арганізацыі Працы (МАП) Жыльберам Унгбо. Галоўнай тэмай сустрэчы стаў лёс дзясяткаў прафсаюзных лідараў і актывістаў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах.


Gilbert F. Houngbo and Maksim Pazniakou in an informal setting

Сустрэча адбылася ў рамках 15-га Кангрэса Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў (ETUC), які зараз праходзіць у Берліне. Адной з цэнтральных тэмаў сустрэчы з генеральным сакратаром сталі пытанні, якія тычацца зняволеных прафсаюзных дзеячаў у Беларусі.


Максім Пазнякоў падзякаваў Жыльберу Унгбо за спробы аказаць уплыў на лёс беларускіх прафсаюзнікаў, уключаючы зварот да беларускіх уладаў з прапановай аб наведванні зняволеных актывістаў у турмах прадстаўнікамі МАП. Аднак варта адзначыць, што беларускія ўлады адмовіліся ад рэалізацыі прапановаў міжнароднай арганізацыі.


У час размовы абмеркавалі і маючую адбыцца Міжнародную канферэнцыю працы, на якой будзе разгледжана прымяненне артыкула 33 Статута МАП у дачыненні да ўрада Рэспублікі Беларусь за доўгатэрміновае парушэнне працоўных правоў і ігнараванне рэкамендацый Міжнароднай Арганізацыі Працы.

Імкнучыся паўплываць на пазіцыю дэлегатаў Міжнароднай канферэнцыі працы перад галасаваннем, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Міхаіл Орда пачаў масавае рассыланне лістоў. У гэтых лістах ён працягвае абяляць рэжым Лукашэнкі і прыраўноўвае масавыя арышты прафактывістаў да прадухілення дзяржаўнага перавароту.


На гэты час у Беларусі колькасць палітычных зняволеных перавысіла ўжо 1500 чалавек. Больш за 40 прафсаюзных актывістаў знаходзяцца ў турмах, а сотні, калі не тысячы, былі звольненыя з працы і сутыкаюцца з цяжкасцямі ў пошуку новай занятасці праз сваю прафсаюзную дзейнасць. Пра гэта Максім Пазнякоў раскажа ўдзельнікам 15-га Кангрэса Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў (ETUC) у сваім выступленні 25 траўня.


Read this text in eng or rus

bottom of page