top of page
Search

Жонку прафсаюзнага актывіста арыштавалі за падпіску ў Facebook

Святлану Стукаву, жонку актывіста Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Віктара Стукава, затрымалі на працы. У райаддзеле міліцыі на яе склалі два адміністрацыйныя пратаколы – за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне і за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.


Жонку прафсаюзнага актывіста арыштавалі за падпіску ў Facebook
Вiктар i Святлана Стукавы

Праўда, вінаватасць жанчыны ў пікетаванні міліцыянты не спадзяваліся давесці, і таму ў суд трапіў толькі адзін пратакол. На думку Віктара Стукава, абвінавачанне жонкі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў беспадстаўнае, і міліцэйскі пераслед ён лічыць помстай за актыўнасць у недзяржаўным прафсаюзе і за выразную грамадзянскую пазіцыю.


Жонка прафсаюзнага актывіста прабыла пад вартай 72 гадзіны, а 1 сакавіка суддзя суду Полацку і Полацкага раёну Яніна Марцулевіч прызнала Святлану Стукаву вінаватай паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП і асудзіла жанчыну да 15 сутак арышту.


Падставай для абвінавачання стала наяўнасць падпіскі на старонку BySol у Facebook. Віктар Стукаў, які быў грамадскім прадстаўніком сваёй жонкі падчас судовага працэсу, спрабаваў давесці, што да распаўсюду наяўнасць падпіскі не мае дачынення, і што жонка ніколі не звязвалася з BySol.

Аднак суддзя палічыла, што падпіска захоўвалася ў мэтах распаўсюду звестак пра арганізацыю, прызнаную экстрэмісцкай.


Святлана Стукава

Пратакол, складзены за парушэнне арт. 24.23 КаАП за размяшчэнне ў Facebook фотаздымка, на якім міліцыянты нібыта разгледзелі бел-чырвона-белую сімволіку, у суд прадстаўлены не быў. Існуе верагоднасць, што гэтую справу перададуць у суд пазней – калі будзе падыходзіць да канца тэрмін арышту Святланы Стукавай.


Менавіта так было зроблена ў дачыненні да Віктара Стукава, калі 12 верасня мінулага году яго затрымалі на полацкім вакзале, проста ў цягніку «Полацк-Масква». Спачатку яго накіравалі адбываць арышт, прысуджаны яшчэ ў 2021-м годзе за рэпост матэрыялаў з інфармацыйнага рэсурсу, пазней прызнанага экстрэмісцкім. Калі Стукаў ужо быў за кратамі, яго асудзілі яшчэ раз – ужо за несанкцыянаванае пікетаванне паводле арт. Бо ў ягоным тэлефоне супрацоўнікі міліцыі знайшлі здымкі з паслявыбарчых пратэстаў 2020 г.


Для Віктара Стукава гэта было ўжо далёка не першае затрыманне, і не першы арышт. Ён мяркуе, што інтарэс сілавікоў да старонак у сацыяльных сетках ягонай жонкі справакаваны «неабыякавасцю» да ягонай асобы. Найперш таму, што прадстаўнікі СПБ аказваюць прававую дапамогу грамадзянам, і цяпер землякоў стала не так проста запалохаць ці абысціся з імі незаконным чынам.


Крынiца: viciebskspring.org

bottom of page