Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі наведае Брэмен
12 снежня Брэмен наведае беларускі праваабаронца, заснавальнік цэнтра «Вясна» і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. На працягу дня ў горадзе пройдуць дзве адкрытыя сустрэчы, на якіх жыхары Брэмена і беларуская дыяспара змогуць асабіста паразмаўляць з праваабаронцам.

Першая сустрэча адбудзецца з 11:00 да 13:00 у «Ev. Gemeindezentrum Unser Lieben Frauen». У праграме — прэм’ера дакументальнага фільма «Bialiatski / Unbroken (2026)» і наступная дыскусія з Алесем Бяляцкім.
Фільм рэжысёра Eimantas Belickas распавядае пра шматгадовую праваабарончую дзейнасць Бяляцкага і людзей, якія працавалі побач з ім. У цэнтры карціны — не толькі яго асабістая гісторыя, але і досвед праваабаронцаў, якія працягваюць сваю працу ва ўмовах ціску і аўтарытарызму.
Увечары, а 17:30, адбудзецца яшчэ адна адкрытая сустрэча з Алесем Бяляцкім у «EuropaPunktBremen» (Am Markt 20). Жыхары горада змогуць задаць яму пытанні і пагаварыць пра сітуацыю ў Беларусі, палітычных зняволеных, стан грамадзянскай супольнасці і перспектывы абароны правоў чалавека.

Арганізатарамі сустрэч выступаюць Salidarnast e.V. і EuropaPunktBremen.
Алесь Бяляцкі займаецца праваабарончай дзейнасцю з 1980-х гадоў. У 1996 годзе ён заснаваў Праваабарончы цэнтр «Вясна», які на працягу дзесяцігоддзяў дакументуе палітычныя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
У ліпені 2021 года Бяляцкі быў затрыманы. У сакавіку 2023 года суд прысудзіў яму дзесяць гадоў пазбаўлення волі. Нобелеўскую прэмію міру 2022 года ён атрымаў, знаходзячыся за кратамі, разам з расійскім «Мемарыялам» і ўкраінскім Цэнтрам грамадзянскіх свабод. На цырымоніі ў Осла яго прадстаўляла жонка Наталля Пінчук.
13 снежня 2025 года, пасля больш як чатырох гадоў зняволення, Бяляцкі быў дэпартаваны з Беларусі.
Ягоны прыезд у Брэмен адбываецца на фоне палітычных рэпрэсій, якія працягваюцца ў Беларусі. Паводле Праваабарончага цэнтра «Вясна», на 23 лістапада 2026 года ў краіне налічвалася 886 палітычных зняволеных. Праваабаронцы адзначаюць, што палітычна матываваны пераслед працягваецца, а магчымасці для незалежнай грамадскай, прафсаюзнай, журналісцкай і праваабарончай дзейнасці застаюцца вельмі абмежаванымі.
За гады пасля 2020-га праз палітычна матываваны крымінальны пераслед прайшлі тысячы людзей. Сярод пераследаваных — праваабаронцы, журналісты, актывісты, прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў і іншыя грамадзяне, якія падвергліся рэпрэсіям за грамадскую і палітычную дзейнасць.
Абедзве сустрэчы 12 снежня адкрытыя для наведвальнікаў.



Comments