Сяргей Антусевіч на Саміце Усходняга партнёрства: без свабоды аб’яднання немагчымая дэмакратыя
Намеснік старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Сяргей Антусевіч бярэ ўдзел у Саміце Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, які праходзіць 24–26 лістапада ў Кішынёве.

Антусевіч удзельнічае ў працы пятай працоўнай групы Форуму, прысвечанай сацыяльнаму дыялогу і сацыяльна-працоўнай палітыцы, нацыянальным каардынатарам якой ён з’яўляецца. На пасяджэнні групы ён прадставіў сітуацыю з правамі работнікаў у Беларусі.
У цэнтры яго выступу — ліквідацыя незалежных прафсаюзаў, парушэнні права беларускіх работнікаў на свабоду аб’яднання, адсутнасць паўнавартаснага сацыяльнага дыялогу і апошнія рашэнні Міжнароднай арганізацыі працы ў рамках артыкула 33 Статута МАП.
«Асабліва важна, каб у дыскусіях пра будучыню Беларусі, яе еўрапейскую перспектыву і дэмакратычныя пераўтварэнні належнае месца займалі правы работнікаў. Без свабоды аб’яднання і незалежных прафсаюзаў немагчымыя ні паўнавартасны сацыяльны дыялог, ні пабудова дэмакратычнай дзяржавы», — адзначыў Сяргей Антусевіч.
Саміт Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства праходзіць у Кішынёве 24–26 лістапада 2026 года.



Comments